Вы тут

У Віцебску адсвяткавалі 30-годдзе Беларускага тэатра «Лялька


Тэатр — заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь, уладальнік некалькіх гран-пры прэстыжных міжнародных фестываляў.

У Віцебскім абласным краязнаўчым музеі адкрылася выстаўка, на якой прадстаўлены лялькі і дэкарацыі, тэатральныя афішы, фота... Сюрпрызам падчас прэзентацыі экспазіцыі стала паведамленне ў адным з віншаванняў. Намеснік дырэктара музея Валерый Шышанаў працытаваў словы з газеты «Витебский пролетарий», якую распаўсюдзілі 15 сакавіка 1936 года. Арыгінал знаходзіцца ў Санкт-Пецярбургу. У ёй надрукавана, што створана першая беларуская студыя лялечнага тэатра...


У адказ Віктар Клімчук, мастацкі кіраўнік «Лялькі», заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, пажартаваў: «Прыйшлі на выстаўку маладымі, 30-гадовымі, а пойдзем 80-гадовымі!».

Ён дадаў, што лялечнаму мастацтву на Віцебшчыне і сучаснай Беларусі ў цэлым шмат вякоў. Яно вядома яшчэ з часоў пастановак батлейкі...

А «Лялька» «нарадзілася» ў 1986 годзе ў віцебскім Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа. Першая пастаноўка — «Дзед і Жораў» па п'есе Віталя Вольскага — спадабалася мастацкай радзе тэатра. І ў хуткім часе спектакль атрымаў перамогу на тэатральным конкурсе ў Гродне... Сёння ў рэпертуары «Лялькі» больш за 35 спектакляў для дзяцей і аж 10 — для дарослых.

Найлепшы паказчык запатрабаванасці пастановак — колькасць прададзеных квіткоў. Яны ў апошні час актыўна раскупляюцца і праз інтэрнэт.

Дарэчы, некалькі гадоў таму мясцовыя ўлады планавалі вылучыць тэатру новы будынак. Быў распрацаваны праект. Але пакуль рэалізацыя задумы — справа дня заўтрашняга. «Лялька» даўно мае неабходнасць у вялікай глядзельнай зале. Ды і артыстам, лялькам, тэхнічнаму персаналу цесна ў параўнальна маленькім будынку дарэвалюцыйнага часу.

У тэатры з нагоды юбілею адбыўся капуснік «Нам 30 гадоў». Артысты прыгадалі мінулае, падарылі публіцы феерыю песень, танцаў, жартаў і нават фокусаў. Адным з ганаровых гасцей стаў нядаўна выбраны на пасаду старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў.

З юбілеем «Ляльку» павіншаваў папулярны ўжо далёка за межамі краіны беларускі кабарэ-бэнд «Сярэбранае вяселле».

«Лялька» шмат выступае па-за межамі Беларусі. Нядаўна артысты бралі ўдзел у
ІІ Міжнародным фестывалі тэатраў лялек у Тамбове. Паказалі японскую казку пра каханне і разуменне самага важнага ў жыцці — спектакль «Чароўная зброя Кэндзо».

Падчас міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» тэатр стане сталіцай Лялечнага квартала. У гэтым параўнальна новым праекце возьмуць удзел калектывы з розных краін. Цуд мастацтва для гледачоў усіх узростаў можна будзе ўбачыць і на вуліцы. Усе планы арганізатары пакуль не раскрываюць.

Прыемна, што менавіта гэты цудоўны тэатр — даўні сябар «Звязды». У прыватнасці, прызы рэдакцыі атрымлівалі юныя пераможцы конкурсу самаробных анёлаў.

pukshanskі@zvіazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Як на «Ляльчыны» імяніны...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.