Вы тут

Чэмпіён па мянушцы «Кіры»


Самы вядомы беларускі велагоншчык у мінулым годзе стаў чэмпіёнам свету і выйграў Еўрапейскія гульні, падчас сезона неаднойчы быў у прызёрах прэстыжных прафесійных гонак Італіі, Францыі і Польшчы. Сёлета ён працягне выступаць у адным з найлепшых велаклубаў планеты — брытанскім «Скай», а таксама пазмагаецца за медалі Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра. Напярэдадні заканчэння адпачынку мы сустрэліся з вядомым спартсменам і пагаварылі пра тое, чаму яго сям'я, нягледзячы на фінансавую незалежнасць, працягвае жыць у Рэчыцы; на што Васіль выдаткаваў свае першыя прызавыя і колькі ровараў захоўваецца ў яго кватэры.


Васіль пасля перамогі на чэмпіянаце свету.

— Васіль, адпачынак падыходзіць да завяршэння, раскажыце, як яго правялі?

— Шмат часу быў дома, у Рэчыцы, з сям'ёй. Можна сказаць, што адпачываў актыўна, таму што ўсё роўна трэніраваўся, проста знізіў нагрузку. Цяпер займаюся звыклымі справамі дома, атрымліваю асалоду ад вясны, мне вельмі падабаецца гэтая пара года.

— У Рэчыцы жывяце за горадам?

— Не, у самім горадзе, у бацькоўскай хаце, куды прыехаў, калі мне быў годзік. Атрымліваецца, жыву там 33 гады, цяпер ужо са сваёй сям'ёй.

— Як плануеце правесці час да Алімпійскіх гульняў?

— Хутка еду ў Іспанію, з сярэдзіны мая буду праходзіць збор са сваім клубам на Тэнерыфе, там, на высакагор'і, размесцімся каля падножжа вулкана. Канкрэтна падрыхтоўкі да Гульняў у маім графіку няма. Галоўнае — добра прайсці Тур дэ Франс, а пасля яго правільна аднавіцца.

— Якія задачы ставіце перад сабой на Алімпіяду?

— Не хачу з'ездзіць у Бразілію дзеля галачкі, проста так, усё ж такі не блізкі свет (смяецца). Вядома, буду старацца выступіць там добра і заваяваць медаль. У мяне ёсць заўзятары ў розных пунктах свету, яны хвалююцца за мяне, таму хацелася б апраўдаць іх надзеі. Адначасова я з'яўляюся і работнікам Міністэрства спорту, адпаведна, нейкія задачы ставяцца і там. Калі ў мінулым годзе ў мяне атрымаўся вельмі добры сезон, проста супер, то ў гэтым мне б хацелася пацвердзіць тое, што я магу выступаць на высокім узроўні. Перш за ўсё даказаць гэта самому сабе. Я рэальна гляджу на рэчы, таму не магу даць ніякай гарантыі, нават 50 працэнтаў, што змагу заваяваць медаль на Алімпійскіх гульнях.

— Ад чаго будзе залежаць поспех або яго адсутнасць?

— Шмат што будзе залежаць ад трасы. Я бачыў яе на відэа, але гэта яшчэ ні пра што не гаворыць, візуальна можна вывучыць толькі павароты, а вось перапады вышынь вокам не адчуеш. Ну і, вядома, будзе важнай фізічная форма, у якой я падыду да гэтага старту.

— Для клуба прэстыжна, што яго спартсмен — удзельнік Алімпійскіх гульняў?

— Ад «Скай» не толькі я буду выступаць на Алімпіядзе і, вядома, яны цэняць гэта. Пры планаванні сезона галоўны трэнер па фізічнай падрыхтоўцы звяртаў увагу на турнір чатырохгоддзя, і ён сказаў мне, што там будзе цяжкая траса, але яна падыходзіць мне па рэльефе. Мая каманда верыць у мяне.

— Не сакрэт, што «Скай» — адзін з найлепшых велаклубаў у свеце. Раскажыце пра атмасферу там.

— Перш за ўсё, у гэтым клубе я цаню прафесійнае стаўленне да справы. «Скай» — гэта каманда, у якой спартсмену прадастаўлены максімальныя ўмовы для паказу найвышэйшых дасягненняў. Каманда дапамагае спартсменам ва ўсім, пачынаючы з арганізацыі паездак, заканчваючы афармленнем віз (у маім выпадку). Калі ты прымаеш мінімальны ўдзел у падобных працэсах, гэта вельмі палягчае спартыўнае жыццё.

Што тычыцца міжасобасных адносін у калектыве, то я не магу сказаць, што гэта мае сябры, але ўсе спартсмены для мяне — добрыя прыяцелі, гэта людзі, да якіх я магу звярнуцца па дапамогу і падставіць ім сваё плячо.

— Здаецца, сучасны спорт ужо не ўявіш без гучных допінгавых скандалаў, а адзін з самых буйных быў звязаны менавіта з веласпортам.

— Мая каманда да допінгу ставіцца адмоўна, як і ў цэлым увесь веласпорт. Падкрэслю, гэта стаўленне не паблажлівае, а катэгарычнае. У веласіпедным спорце ёсць такі закон: калі на працягу «Ворд тура» (аднаго сезона) у камандзе з'явіліся два чалавекі са станоўчай допінг-пробай, ёсць вялікая верагоднасць, што каманда пазбавіцца ліцэнзіі. Усё гэта вельмі сур'ёзна. Мы заўсёды знаходзімся пад маніторынгам не толькі з боку ВАДА, але і многіх іншых службаў, часам не ведаеш, адкуль яны з'яўляюцца ў цябе дома.

— Але ж рэсурсы чалавечага арганізма не бязмежныя.

— Так, мне б не хацелася хаваць, што нам дапамагаюць нейкімі спосабамі падтрымліваць арганізм. Гэтае падсілкоўванне праяўляецца ў харчовых дабаўках і вітамінах. Дарэчы, у нас у камандзе катэгарычна забаронена выкарыстоўваць які-небудзь старонні прадукт, напрыклад, дома я не магу выпіць пратэінавы кактэйль вытворцы, які не ўзгоднены са спецыялістамі клуба.

Ведаеце, людзі, далёкія ад веласпорту, не зусім разумеюць, што адбываецца ў арганізме чалавека, які штодня ездзіць на ровары. Мая звычайная трэніроўка доўжыцца дзесьці 4,5 — 5 гадзін. Бываюць трошкі карацейшыя, але тады больш інтэнсіўныя. Калі занятак разлічаны на адпрацоўку вынослівасці, тады я катаюся па 6-7 гадзін. Гэта складана вынесці непадрыхтаванаму чалавечаму арганізму. Тут яшчэ вялікае значэнне мае харчаванне і якасць прадуктаў.

— Якая перамога на гэты момант з'яўляецца самай каштоўнай для вас?

— «Золата» чэмпіянату свету ў Рычмандзе ў мінулым годзе. І ў першую чаргу яна важная для мяне, таму што здабыта мной пад сцягам роднай краіны — Беларусі.

— У дзяцінстве марылі стаць вядомым спартсменам?

— Не, і сапраўды не мог выказаць здагадку, што веласпорт стане маёй працай. У 11 гадоў я навучыўся ездзіць на ровары і адразу запісаўся ў секцыю, тады і не думаў, што такі занятак будзе забяспечваць маю сям'ю.

— На што патрацілі свае першыя прызавыя?

— Упершыню грошы ў веласпорце я атрымаў, калі выйграў гонку «крытэрыум»; як цяпер памятаю, там я пайшоў у вялікі адрыў і перамог. Атрымаў за гэта абсалютна невялікія грошы, на іх мы з братам вырашылі павіншаваць дзядулю з Днём Перамогі. Тэлеграмай ужо не паспявалі, заказалі «маланку», якая каштавала нашмат даражэй.

— У вашай сям'і ва ўсіх ёсць веласіпеды?

— У мяне дома ўжо склад. Ёсць мой трэніровачны — гэта святое, у Іспаніі ў мяне таксама трэніровачны і яшчэ асобны для індывідуальных гонак. У сына — два ровары, у кожнай дачкі таксама свой асабісты, а вось у жонкі веласіпеда няма, але ў мяне ёсць яшчэ горны, на ўсялякі выпадак (смяецца).

— А ці карыстаецеся роварам для руху па-за трэніроўкамі?

— Так, я карыстаюся гібрыдным роварам у Іспаніі, ён электрычны, гэта значыць, чым больш ты ціснеш на педалі, тым болей табе дапамагае ехаць электраматор на заднім коле. Я выкарыстоўваю яго для язды на пошту, напрыклад, або ў цэнтры горада: гэта значна зручней, чым аўто. У Рэчыцы са сваімі дзецьмі выязджаю на прагулкі на самакаце ці ролікавых каньках, трэба быць у трэндзе з моладдзю.

— На вуліцах вас пазнаюць?

— Так, перад Новым годам мне нават уручылі званне ганаровага грамадзяніна Рэчыцы. Мне прыемна ўсведамляць, што людзі на радзіме сочаць за маёй кар'ерай, перажываюць за мяне. Ведаю, што сярод прыхільнікаў не толькі моладзь, якая цікавіцца спортам, але і людзі, як кажуць, што ўжо пажылі. У Іспаніі, па словах маіх прыяцеляў з каманды, я таксама досыць папулярны.

— Раскажыце пра сваю сям'ю?

— У мяне цудоўная жонка, па прафесіі яна стаматолаг, вучылася ў мінскім медыцынскім універсітэце (гэта, дарэчы, і дапамагло нам пазнаёміцца). У Рэчыцы мы вучыліся ў адной школе, але не ведалі адно аднаго. Цяпер жонка знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, нашай малодшай дачцэ зусім нядаўна споўнілася 2 гадкі. Старэйшая дачка Юлія вучыцца ў школе, вельмі актыўная дзяўчынка, любіць фізкультуру і танцы. Яна займаецца лёгкай атлетыкай і харэаграфіяй. Сын Аляксей — сур'ёзны хлапчук, ён такі разважлівы, хоць яшчэ толькі ходзіць у садок. Пакуль нічым канкрэтна не займаецца, але Лёшу падабаюцца аўтамабілі і веласіпеды. Ён з задавальненнем ганяе на іх у двары вось ужо два сезоны. Цяпер я яму прывёз новы ровар — гоначны, ад якога ён проста ў захапленні. Самая маленькая, Дар'я, падобная да абаіх старэйшых дзяцей, ужо таксама сядзіць на ровары.

— Напэўна, шмат у каго ўзнікае пытанне: чаму не перавозіце сям'ю ў Іспанію ці хаця б у Мінск?

— У Іспаніі я сам бываю вельмі рэдка, бо ў мяне то гонкі, то трэніроўкі, таму забіраць іх туды няма сэнсу. Да таго ж, калі я працую, то імкнуся аддавацца гэтай справе максімальна, таму ў гэтым плане ёсць нават нейкая зручнасць. Можа быць, хтосьці скажа, што гэта няправільна, але я лічу, гэта нармальна. Я не прывязаны да дробных сямейных праблем, яны не выбіваюць мяне з працы. Плюс трэба разумець, што ўсё ж Іспанія — чужая краіна, родных там няма, таму на дапамогу разлічваць не давядзецца.

А што тычыцца Мінска, то гэта вялікі горад, мне ён не вельмі падабаецца для жыцця. Мы будуем дом за горадам, таму хутка, магчыма, пераедзем туды.

Біяграфічная даведка

Васіль Кірыенка нарадзіўся 28 чэрвеня 1981 года ў горадзе Рэчыца (Гомельская вобласць). З'яўляецца прафесійным шашэйным велагоншчыкам, выступае за каманду Skу Рrосусlіng. Чэмпіён свету ў гонцы з раздзельным стартам (2015), чэмпіён першых Еўрапейскіх гульняў. Пераможца прэстыжных велашматдзёнак «Джыра д'Італія», «Вуэльта», прызёр «Тур дэ Франс».

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».