Вы тут

Кацярына Дубінская: «Любіце прафесію ў сабе, а не наадварот»


За 15 гадоў існавання агенцтва «Минск-Новости» вырасла ў актыўны медыярэсурс, які аб'яднаў пяць сродкаў масавай інфармацыі — дзве газеты, дзіцячы часопіс, радыё і інтэрнэт-партал. У сучасных умовах менш за ўсё пытанняў выклікае, пэўна, запатрабаванасць інтэрнэт-партала. Цікава, а якім павінна быць сёння гарадское FM-радыё, каб заставацца канкурэнтаздольным? А гарадскія газеты — каб іх чыталі нароўні з рэспубліканскімі? Думаецца, тут, як мінімум, не варта баяцца абнаўлення, эксклюзіўных праектаў. Свежае, цікавае і прафесійна зробленае абавязкова заўважаецца, у чым не раз пераконвалася генеральны дырэктар агенцтва Кацярына ДУБІНСКАЯ, якая падзялілася некаторымі навінамі.


— Шчыра віншую, Кацярына Эдуардаўна, з «паўкруглай» датай, і дазвольце адразу пацікавіцца: будзеце святкаваць ці проста падсумуеце вынікі, каб ведаць, у якім кірунку рухацца далей?

— Пэўна, трэба святкаваць, хоць дата і не круглая. Заўсёды карысна падтрымаць баявы дух, прыўзняць калектыў над рэчаіснасцю. Таму і прапаную калектыву 4 мая, напярэдадні Дня друку і Дня радыё (абодва прафесійныя святы маюць да нас дачыненне), сабрацца на ўрачыстае ўзнагароджанне ў Белай зале храма-помніка ў гонар Усіх Святых. Дзякуй протаіерэю Фёдару Поўнаму за прадастаўленую магчымасць... У вельмі прыгожай зале каля 40 журналістаў атрымаюць узнагароды ад гарадской улады, гарадскіх службаў. А адзін з нашых верных сяброў — Вялікі тэатр оперы і балета — падрыхтаваў да гэтага свята канцэртную праграму.

— Думаю, калектыў гэта цалкам заслужыў! А ўсё ж такі... якіх менавіта журналістаў трэба заахвочваць і падтрымліваць?

— Тых, хто любіць прафесію у сабе, а не сябе ў прафесіі. Тут мае думкі сугучныя з меркаваннямі Ксеніі Сабчак, якія давялося пачуць падчас яе нядаўняй сустрэчы з беларускай публікай... Ксенія сказала, што дасягнуць чагосьці ў нейкай справе мажліва, толькі калі вельмі любіш гэту справу. Гэта значыць, трэба быць шчырым з самім сабой, калі адказваеш на пытанне «А што я магу даць у дадзеным выпадку?». Тады пачынаеш разумець, што трэба шмат і ўпарта працаваць. У выпадку з агенцтвам мы ад самага пачатку разважалі над тым, што можам даць гораду. І сёння бачым, што нямала. У нас пяць розных СМІ, і ўсе маюць свайго адрасата. З дапамогай аналітычнага цэнтра ECOOM правялі сацыялагічнае апытанне і высветлілі, што чытацкая аўдыторыя «Вечернего Минска» — каля 360 тысяч чалавек, зацікаўленых у тым, каб горад развіваўся, «Минский курьер» чытаюць усе, хто прымае рашэнні і адказвае за іх выкананне, аўдыторыя «Радио-Минск» — моладзь, адукаваная і прасунутая (вяшчанне ажыццяўляецца не толькі ў Мінску, але і Віцебску, Магілёве, Гомелі і Брэсце), часопіс «Качели» — для крэатыўных дзяцей. Агенцтва «Минск-Новости» выйшла ўжо на рэспубліканскі ўзровень, нас цытуюць і тэлеканалы, і прэса. На канале АНТ па серадах ідуць нашы выпускі «Агенцтва «Минск-Новости» прадстаўляе». Наогул інтэрнэт-партал mіnsknews.by — гэта 30-35 навін штодня, і, каб забяспечыць іх, журналісты працуюць без выхадных: звычайна «ў палях» у любы дзень чалавек 7-8, якія не прапускаюць цікавых мерапрыемстваў, у тым ліку з удзелам кіраўніцтва горада. Цягам месяца сайт наведвае каля 120 тысяч карыстальнікаў, сярод якіх прадстаўнікі розных краін свету.

— Якімі праектамі здзіўляеце цяпер?

— Мы столькі ўжо ўсяго прыдумлялі, што ад нас пастаянна чакаюць сюрпрызаў. Па праўдзе сказаць, здзіўляць усё цяжэй.

Нядаўна ў «Минском курьере» завяршыўся сумесны праект з удзелам камітэта аховы здароўя Мінгарвыканкама «Здравствуйте, доктор!», прысвечаны маладым сталічным урачам, і на змену яму прыйшла рубрыка «Галоўны ўрач», у якой кіраўнікі ўстаноў аховы здароўя расказваюць пра сябе, пра ахову здароўя... У Год культуры вырашылі распачаць і такія праекты, як «АртэФакты», «Арт-асяроддзе», «Класікі жанру». У «Вечернем Минске» стартавалі «Год культуры ў тварах» і «Культурны код». Акрамя таго, лічым карысным трымаць у тонусе раённыя адміністрацыі — вырашылі прадстаўляць два раёны з адной праблемай. Журналіст высвятляе, напрыклад, дзе больш чыста...

— Летась быў падпісаны дакумент аб партнёрстве з «Вечерней Москвой»...

— Пакуль наша партнёрства носіць эпізадычны характар і прымяркоўваецца да нейкіх значных падзей. Аднак ужо з наступнага года з пэўнай перыядычнасцю «Вячорка» будзе прадстаўляць свае навіны ў маскоўскім выданні, а «Вечерняя Москва» — у нашым. Дарэчы, абедзве газеты распаўсюджваюцца бясплатна ў метрапалітэне, праўда, па рознай схеме. Там газету раздаюць маладыя людзі на выхадзе, а мы ўлічылі ўсе меры бяспекі — развозім і выкладваем газету па начах.

— А якімі былі першыя вашы крокі ў агенцтве, з чаго вы пачыналі?

— Я прыйшла на гэту пасаду 8 гадоў таму, і на той момант пазіцыя агенцтва была не такой моцнай, як у самым пачатку, 15 гадоў таму. На той момант у складзе холдынга было нават «Сталічнае тэлебачанне»... Цяжка было паверыць, што даволі хутка пачнём атрымліваць вышэйшыя прафесійныя ўзнагароды, трапім у лік найлепшых прадстаўнікоў СМІ краіны. Спачатку давялося заняцца «Минским курьером», потым дадаўся дзіцячы часопіс «Качели». Пазней прывялі ў парадак радыё, якое, па неафіцыйных звестак, займае сёння 7-е месца па папулярнасці сярод больш як 20-ці станцый. Можа быць, гэта таму, што мы выбралі ў якасці прыярытэту не папсу, а стары/новы добры рок, плюс інфармацыю пра жыццё сталіцы ў рэжыме анлайн. «Вечерний Минск» далучаўся вельмі складана — па першым часе выходзіў паралельна з «Кур'ерам», так што ў нечым атрымліваўся дубляж. Але потым нарадзілася ідэя стварыць бясплатную масавую газету. Такая практыка існуе ў шэрагу сталіц свету. А мы, як высветлілася, ішлі паралельна з «Вечерней Москвой», дзе побач з дзённым выпускам пачаў выходзіць вячэрні бясплатны. Мы захоўваем магчымасць падпіскі, але кожную раніцу ў чацвер можна ўзяць нашу «Вячорку» ў метро... Спецыяльная служба забірае газету з друку, развозіць дзесьці з 01.00 да 04.00 і запаўняе спецыяльныя стойкі на выхадзе з метрапалітэна. Але з нядаўняга часу мы распаўсюджваем такім чынам толькі палову накладу, другая адпраўляецца на буйныя прадпрыемствы, ва ўстановы аховы здароўя і культуры, у гасцініцы, аквапарк, студэнцкую вёску, аэрапорт, што немалаважна для нашых рэкламадаўцаў. Каб наладзіць увесь гэты працэс, давялося папрацаваць.

Адразу скажу, што газету разбіраюць не для бытавых патрэб, а сапраўды чытаюць. Бо пасля кожнага выхаду ў рэдакцыю паступае шквал званкоў і лістоў.

— Што вы лічыце праблемай для сучаснай журналістыкі?

— Кадры, і толькі. Тая ж Ксенія Сабчак пазіцыянуе сябе ў першую чаргу як журналістка. Таму не дзіва, што, калі ў яе запыталі: «як трапіць да вас на працу?», яна спынілася на праблеме кадраў. Маўляў, у той жа Маскве ёсць, умоўна кажучы, дзесяць тысяч журналістаў, якія нядрэнна пішуць, але толькі адзінкі пішуць так, што хочацца чытаць. Бо гэта аўтарскія погляды на рэчы. Ксенія сказала, што гатовая адсочваць нават газету «Гудок», каб разгледзець там патэнцыял такога аўтара, перацягнуць да сябе і выгадаваць сапраўднага майстра...

— Маладыя журналісты апрыёры не з'яўляюцца тымі, у каго ёсць свой, аўтарскі, погляд?

— Няхай не крыўдзіцца наш маладняк, але «залатое пяро» сёння трывала трымаюць тыя, хто працуе ў нас якраз 15 гадоў. Яны пішуць «з галавой», у іх кругагляд, ім цікавы не толькі прадмет сваіх артыкулаў, а жыццё ў прынцыпе. Аляксандр Філіповіч не проста лепш за ўсіх піша пра жыллёва-камунальную гаспадарку. Ён таму так выдатна і піша, што добра ведае літаратуру і яшчэ шмат чаго!

Калі хочаце сапсаваць настрой галоўнаму рэдактару «Вечерней Москвы» Аляксандру Купрыянаву, загаварыце з ім пра маладыя кадры. Аляксандр Іванавіч любіць на планёрках, якія адбываюцца там цягам дня, спыніць абмеркаванне рабочых момантаў і спытаць, скажам, у 27-гадовай журналісткі (у якой, між іншым, універсітэт за плячыма!): а хто такі... Эдуард Лімонаў? Агучваецца шмат цікавых версій... Безумоўна, ёсць і будуць у журналістыцы такія, хто чытае толькі сябе і старанна апісвае тое, што бачыць. Тым не менш будуць і такія журналісты, ад слоў якіх дух захоплівае.

— У друкаваных СМІ ёсць будучыня?

— Ні ў электронных, ні ў друкаваных СМІ няма будучыні, калі яны нецікавыя. Як жа выдатна напісаў, напрыклад, наш Сяргей Пятровіч Пяткоўскі пра лаўкі, якіх, напэўна, хутка пазбавяцца нашы двары. Самі бабулі, якія раней любілі пасядзець каля дома, пачалі настойваць на такіх зменах, каб толькі пад вокнамі перасталі збірацца шумныя кампаніі... Развагі вакол такіх жывых тэм трэба чытаць не на электронных носьбітах, а гартаючы старонкі, каб адчуваць і бачыць, як папрацавала каманда прафесіяналаў над падачай! А гаджэты добрыя, каб прабегчыся па навінах, максімум, што там можна асіліць — блог.

Як бы там ні было, друкаваныя газеты актыўна чытаюць і ў Італіі, Бельгіі, Аўстрыі, Турцыі, Японіі... Вельмі многія еўрапейскія сталіцы выпускаюць бясплатную газету, а тое і дзве. І іх чытаюць — сама бачыла! Аднак што на самой справе будзе далей, прадказаць цяжка. Некалькі гадоў таму сапраўды друкаваныя версіі пачалі страчваць сваю папулярнасць, а цяпер раптам вярнуліся.

У любым выпадку прафесіяналізм журналіста будзе мець вырашальнае слова — хоць у папяровым, хоць у электронным варыянце.

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».