Вы тут

«Кузня чэмпіёнаў» для біятлона


Для таго, каб колькасць медалёў на міжнародных спаборніцтвах павялічвалася, у нашай краіне рэалізуецца адмысловы праект.

На тэрыторыі былога ваеннага гарадка ў пасёлку Баравуха-1 пад Наваполацкам знаходзіцца вучылішча, дзе рыхтуюць маладых спартсменаў, якія павінны праславіць Беларусь. Выпускнікі ўжо гэта зрабілі.


— У наступным годзе Наваполацкаму дзяржаўнаму вучылішчу алімпійскага рэзерву споўніцца 15 гадоў. За параўнальна невялікі прамежак часу тут створаны добрыя ўмовы для трэніровак, заняткаў і жыцця навучэнцаў. Сфарміраваўся высокапрафесійны склад выкладчыкаў. Як вынік — вучылішча падрыхтавала шмат выдатных спартсменаў, — падкрэсліў старшыня Наваполацкага гарвыканкама, кіраўнік гарадскога аддзялення Беларускай федэрацыі біятлона Дзмітрый Дзямідаў.

Тут, у прыватнасці, вучыліся біятланісты Ганна Сола, Віктар і Ірына Крыўко, Яўген Абраменка. Усё яны прысутнічалі на афіцыйным адкрыцці праекта «Кузня чэмпіёнаў».

— «Зорнай хваробы» не маю. Часта бываю тут, калі трэба, застаюся і на ноч. З задавальненнем дзялюся вопытам. Удзячны трэнерам за тое, што дапамаглі стаць добрым спартсменам. Мне падабаюцца вялікія нагрузкі, стомленасць пасля іх, — падзяліўся на прэзентацыі новага праекта Віктар КРЫЎКО, двухразовы пераможца Чэмпіянату Еўропы сярод юніёраў (2016 год), бронзавы прызёр Алімпійскага еўрапейскага фестывалю моладзі (2013 год).

Дыплом выпускніка ён атрымаў летась. У вучылішчы сем аддзяленняў: лыжных гонак, цяжкай атлетыкі, плавання, біятлона... Біятланісты займаюцца яшчэ і ў эксперыментальнай групе.

— Яе стварылі па ініцыятыве Грамадскага аб'яднання «Беларуская федэрацыя біятлона». Набралі сем чалавек з Мінскай, Віцебскай, Гомельскай абласцей. Лепшыя з лепшых былі выбраны спецыяльна для гэтых заняткаў. Конкурс на месца атрымаўся на ўзроўні прэстыжных ВНУ, — расказаў карэспандэнту «Звязды» трэнер-выкладчык Васіль ЛЕШЧАНКА.

Трэніруе будучых беларускіх алімпійцаў і расіянін. А на трэніроўкі прыязджаюць нават... японцы.

— Справа ў тым, што ў Японіі да 20 гадоў не дазваляецца трымаць у руках зброю. А трэніравацца ж трэба з юнацтва, — патлумачыў трэнер.

Ён дазволіў журналісту «Звязды» прыцэліцца з вінтоўкі. Аказалася, гэта не так проста: незразумела было, як руку прыкласці да прыклада, ды і зброя аказалася больш цяжкай па вазе, чым падавалася. Трэнер цярпліва дапамог і супакоіў, маўляў, не адразу прыстасоўваюцца і прафесійныя ваенныя ў адстаўцы. Паказаў і прыладу, каб разглядзець, наколькі дакладна зроблены стрэл. Праз яе ўсё бачна літаральна як на далоні.

У «арсенале» біятланістаў ёсць і снежная гармата... А траса Наваполацкага вучылішча лічыцца адной з самых складаных.

Для праекта «Кузня чэмпіёнаў» адораных хлопцаў і дзяўчат будуць адбіраць па ўсёй краіне. Падобны праект ажыццяўляецца ў лёгкай атлетыцы па ініцыятыве старшыні адпаведнай федэрацыі Вадзіма Дзевятоўскага.

— Як будзем «дзяліць» таленавітых? Мы, лічу, не канкурэнты. Упэўнены, ёсць юныя кандыдаты на поспех і ў іншых відах спорту. Калі іх своечасова знаходзіць, медалёў будзе шмат на чэмпіянатах свету і алімпійскіх гульнях! — адказаў на пытанне «Звязды» генеральны сакратар Беларускай федэрацыі біятлона Анатоль СТРОМСКІ.

Праект «Кузня чэмпіёнаў» вельмі амбіцыйны. Справа ў тым, што лёгкай атлетыкай займаюцца на школьных занятках фізкультуры, а вось біятлон у многіх раёнах бачылі толькі па тэлебачанні.

— Праект накіраваны на тое, каб знайсці ў правінцыі адораных дзяцей. Дапамогуць нам у гэтым настаўнікі фізкультуры. Пасля пільнага вывучэння фізічных і псіхалагічных магчымасцяў будзем прапаноўваць падлеткам паступіць у наша вучылішча. Тут ёсць усё неабходнае, каб максімальна развіць свае якасці. Захочуць трэніравацца і вучыцца ў іншых рэгіёнах, створым умовы і там, — працягвае спадар Стромскі.

Падчас прэзентацыі «Кузні чэмпіёнаў» спартсмены і ветэраны спорту сустрэліся з навучэнцамі Наваполацкага вучылішча. Запрасілі на акцыю і балельшчыкаў. Апошнія выстройваліся ў чэргі па аўтографы «зорак». На памяць пра падзею пасадзілі «Дрэва чэмпіёнаў».

pukshanskі@zvіazda.by

Баравуха — Наваполацк — Віцебск

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.