Вы тут

Тавары легпрама: як зарэгістраваць дэкларацыю анлайн?


Зарэгістраваць дэкларацыю аб адпаведнасці прадукцыі патрабаванням тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза (ТР МС) з нядаўняга часу юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі могуць анлайн. Цяпер у іх ёсць выбар — рэгістраваць гэты дакумент у органе па сертыфікацыі, як гэта было заўсёды, або выканаць гэтую працэдуру самастойна, скарыстаўшыся інфармацыйнай сістэмай «Паведамляльнае дэклараванне адпаведнасці».


Рэгістрацыю дэкларацый аб адпаведнасці ў электроннай форме ажыццяўляе ўпаўнаважаны орган — Беларускі дзяржаўны інстытут стандартызацыі і сертыфікацыі (БелДІСС).

Пакуль новая сістэма дзейнічае толькі ў дачыненні да ТР МС на прадукцыю, прызначаную для дзяцей і падлеткаў, а таксама на прадукцыю лёгкай прамысловасці. Гэты пералік плануецца пашырыць.

Пра магчымасці новай сістэмы карэспандэнту газеты «Звязда» расказвае начальнік сектара БелДІСС, адміністратар упаўнаважанага органа па рэгістрацыі дэкларацый аб адпаведнасці ў электроннай форме Вольга ЧЭРНІК.

— Перш за ўсё давайце нагадаем, што ўяўляе сабой дэклараванне адпаведнасці прадукцыі?

— Дэклараванне адпаведнасці — гэта адна з формаў пацверджання адпаведнасці прадукцыі патрабаванням, устаноўленым у ТР МС (ЕАЭС). Асаблівасць яе складаецца ў тым, што вытворца самастойна вызначае, ці распаўсюджваецца тэхрэгламент на яго тавар. Ён таксама адбірае ўзоры прадукцыі, аддае іх на выпрабаванні, фарміруе камплект доказных матэрыялаў, на падставе якіх прымае рашэнне аб прыняцці дэкларацыі і, такім чынам, нясе ўсю паўнату адказнасці за бяспеку тавару пры размяшчэнні на рынку. Такая форма ацэнкі адпаведнасці з'яўляецца пераважнай ва ўсіх ТР МС, што ўзгадняецца з міжнароднай і еўрапейскай практыкай. Дэкларацыя аб адпаведнасці падлягае абавязковай рэгістрацыі, і інфармацыя пра яе ўносіцца ў Адзіны рэестр выдадзеных сертыфікатаў адпаведнасці і зарэгістраваных дэкларацый аб адпаведнасці.

— Якія перавагі рэгістрацыі дэкларацыі аб адпаведнасці ў электроннай форме можна вылучыць?

— Увядзенне такой паслугі, безумоўна, дазваляе эканоміць і час заяўніка (за кошт электроннага ўзаемадзеяння паміж ім і ўпаўнаважаным органам, якое рэалізуецца непасрэдна з працоўнага месца заяўніка), і фінансавыя выдаткі.

Камплект дакументаў, якія падаюцца для рэгістрацыі дэкларацыі аб адпаведнасці ў электроннай форме ва ўпаўнаважаны орган, таксама значна скарочаны. У прыватнасці, не патрабуецца прадастаўляць узоры маркіроўкі, пратаколы выпрабаванняў і дакументы, якія пацвярджаюць правядзенне вытворчага кантролю. Дастаткова толькі заявы, самой дэкларацыі аб адпаведнасці, пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі юрыдычнай асобы або індывідуальнага прадпрымальніка і пры неабходнасці — дагавора на ўпаўнаважванне. Прычым пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі прадстаўляецца заяўнікам адзін раз пры яго рэгістрацыі ў інфармацыйнай сістэме і ў далейшым пры рэгістрацыі дэкларацый аб адпаведнасці не патрабуецца.

Пры гэтым трэба дакладна разумець, што за дакладнасць і паўнату ўсёй названай у дэкларацыі аб адпаведнасці інфармацыі адказнасць нясе заяўнік, а не ўпаўнаважаны орган.

— Які кошт такой працэдуры?

— Гэта 290 тысяч беларускіх рублёў, прычым незалежна ад таго, рэгіструецца дэкларацыя аб адпаведнасці на прадукцыю, якая выпускаецца серыйна, альбо на партыю. Гэта значна ніжэй за кошт у органе па сертыфікацыі, дзе цана рэгістрацыі дэкларацыі аб адпаведнасці на партыю прадукцыі складае ад 600-700 тысяч беларускіх рублёў, а для серыйнай прадукцыі памер платы ўзрастае амаль у два разы.

— Давайце больш падрабязна спынімся на алгарытме правядзення рэгістрацыі дэкларацый аб адпаведнасці ў электронным фармаце.

— Для пачатку патэнцыйны заяўнік заходзіць у сістэму «Паведамляльнае дэклараванне адпаведнасці» па адрасе httрs://tsоuz.bеlgіss.bу і загружае яе на свой камп'ютар. Потым заяўнік рэгіструецца ў гэтай сістэме ў якасці карыстальніка. Звярну ўвагу, што, перад тым як пачынаць запаўненне формы дэкларацыі аб адпаведнасці, карыстальнік павінен атрымаць электронны лічбавы подпіс у Рэспубліканскім засведчвальным цэнтры.

Затым ён далучае праекты дэкларацыі аб адпаведнасці і заявы, падпісвае іх электронным лічбавым подпісам. Пры гэтым інфармацыйная сістэма сама запаўняе шаблоны дакументаў, дзе ўжо ўнесена ўся інфармацыя аб заяўніку, якая змешчана пры яго рэгістрацыі ў сістэме ў якасці карыстальніка.

Далей заяўніку неабходна аплаціць паслугу па рэгістрацыі дэкларацыі аб адпаведнасці. БелДІСС разглядае пададзеныя дакументы на працягу не больш як трох дзён пасля аплаты. У залежнасці ад вынікаў заяўнік атрымлівае апавяшчэнне — ці аб адмове (напрыклад, не ўсе палі дэкларацыі былі запоўнены), ці аб прысваенні дэкларацыі рэгістрацыйнага нумара.

Пры атрыманні станоўчага выніку заяўнік уносіць усю неабходную інфармацыю ў дэкларацыю аб адпаведнасці, і з гэтага моманту можа ўжо яе выкарыстоўваць.

Інфармацыя пра зарэгістраваную дэкларацыю аб адпаведнасці размяшчаецца ў агульным доступе ў Адзіным рэестре выдадзеных сертыфікатаў адпаведнасці і зарэгістраваных дэкларацый аб адпаведнасці ў першы працоўны дзень, наступны за днём размяшчэння ў інфармацыйнай сістэме апавяшчэння аб прысваенні рэгістрацыйнага нумара.

— Хто-небудзь ужо скарыстаўся новым фарматам рэгістрацыі дэкларацыі?

— Так, першым гэта зрабіла Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб'яднанне. Яно прыняло дэкларацыю аб адпаведнасці на тканіны, якія выпускаюцца серыйна, на адпаведнасць патрабаванням ТР МС 017/2011 «Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці».

Сёння ўжо зарэгістравана 15 дэкларацый аб адпаведнасці, з іх 12 — індывідуальнымі прадпрымальнікамі.

Для тых, хто вырашыў скарыстацца інфармацыйнай сістэмай, БелДІСС на сістэмнай аснове праводзіць бясплатныя семінары, дзе тлумачыцца алгарытм працы ў ёй.

Цікавасць да гэтай працэдуры ўзрастае, і я думаю, што новы спосаб хутка зойме вядучыя пазіцыі ў работах па дэклараванні адпаведнасці прадукцыі патрабаванням ТР МС.

Загаловак у газеце: Віртуальнае пацвярджэнне якасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».