Вы тут

Стоп! Знята!


У суботу, 7 мая, у Дзень Друку, глядзі на «Беларусь 3» у 12-25 праграму з удзелам нашых рэдактараў, а пакуль чытай справаздачу пра тое, як яна здымалася.


Перадачу «Размаўляем па-беларуску» я заўсёды глядзела з таемнай думкай: «Вось бы туды патрапіць». Але на свядомае здзяйсненне самых добрых мар вечна нечага не хапае. Праўда, аднак, і тое, што думкі матэрыяльныя: адным працоўным ранкам патэлефанавала Алена Мальчэўская, галоўны рэдактар часопіса «Полымя», і сказала: «Едзем удзельнічаць».

Цягнік да Гомеля — менавіта ў гэтым горадзе здымаецца перадача — адпраўляецца ў 7.00. За 15 хвілін да гэтага абедзве каманды — 2/3 часткі каманды «Звяздоўцы» і цалкам пакуль безназоўная — сабраліся. Ранні пад’ём і амаль пяць гадзін у дарозе ні на кроплю не паменшылі жаданне ўбачыць цудоўны Гомель, знакамітых вавёрак у парку каля палаца Румянцавых-Паскевічаў, сам палац і, зразумела, паўдзельнічаць у здымках тэлеперадачы.

У парку, вядомым палацам і вавёркамі, нас чакала невялікае расчараванне. Помнік архітэктуры, зразумела, нікуды не дзеўся, а вось вавёрку мы сустрэлі толькі адну: яна крыху папазіравала нам з шышкай у лапках, відаць, звыклая да ўвагі фотакамер, а потым паскакала па верхавінах дрэва сваімі вавёрчынымі шляхамі. Вось хто сапраўды прагнуў нашай увагі, дык гэта галубы. Нахабныя і смелыя ад сваёй згуртаванасці, прывабленыя прапанаваным Аленай батонам, яны суправаджалі нас да самага канца парку. На жаль, як ні хацелася застацца тут, велічна шпацыраваць па палацы, уяўляючы сябе не менш як графіняй, не зважаючы на шамаценне цэлафанавых бахілаў, трэба было гэтае месца пакінуць. Ірына Асташкевіч, карэспандэнт «Звязды» па Гомельскай вобласці, наш гід і трэці ўдзельнік каманды «Звяздоўцы», сказала, што летам тут нашмат прыгажэй. Мы намёк зразумелі.

Усведамленне, навошта мы сюды прыехалі, з’явілася толькі ў грымёрцы. Падбадзёрвалі сябе кавай і гарбатай, па чарзе сядалі ў крэсла да майстра тэлепрыгажосці. Найбольш складана працэс грыміравання перажываў Ілья Крыжэвіч, карэспандэнт «Звязды», але і яму давялося пазнаёміцца з танальным крэмам, пудрай і лакам для валасоў. Тым часам рэдактар перадачы патлумачыла правілы гульні, асаблівасці працэсу здымак, папрасіла вызначыцца з назвамі. Жартам прапанаваны рэдактарам «Вожыка» Ганнай Кіслушчанка варыянт «Маладыя палымяныя вожыкі» (удзельнікі каманды прадстаўлялі часопісы «Маладосць», «Полымя» і «Вожык») так і застаўся адзіным. Праўда, назву давялося скараціць, таму ў гісторыі гульні мы засталіся пад імем «Палымяныя вожыкі» (тое, што маладыя, бачна і так).

Пакуль мы рыхтаваліся, у грымёрку зайшла вядучая Алена Трацэнка. Неверагодна прыгожая, стылёвая і добразычлівая — карацей, такая, як на экране. За прыемнымі размовамі час прайшоў незаўважна — трэба ісці ў студыю. Там з’явілася адчуванне, нібы знаходзішся ўнутры тэлевізара: добра знаёмыя дзякуючы тэлеэкрану дэкарацыі аказваюцца сапраўднымі, вялікімі, а ты ў іх — маленькі тэлегерой, нібы і несапраўдны нават, як лялька ў лялечным доміку. Нам яшчэ раз паўтарылі правілы працэсу здымак: не глядзець у камеры, не перабіваць вядучую і ўдзельнікаў, не спяшацца з адказамі і не хвалявацца. Скарыстацца апошняй парадай было вельмі складана: як толькі я заняла сваё месца за сталом, пачалі дрыжаць калені (да таго моманту я думала, што гэта — ўсяго толькі літаратурны прыём), рукі, голас. Але дзіўна, усе прыкметы хвалявання незаўважна зніклі падчас здымак. Яны, дарэчы, цягнуцца крыху больш, чым па выніку ідзе сама перадача — часам рэжысёр перапыняе здымкі, каб зняць некага буйным планам, перапісаць невыразна вымаўленую рэпліку, пра што абвяшчае гучным голасам нібыта аднекуль зверху, таму на роздум над пытаннем часу крыху больш, чым пяць секунд. За сумленнасцю гульні і правільнасцю адказаў сочыць Святаслаў Крупенька — строгі, але вельмі добразычлівы суддзя. 

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.