Вы тут

Аляксандр Старасцін: «Любы варыянт адчування песні правільны»


Кожны раз, прыязджаючы ў Мінск, музыкі піцерскага гурта Theodor Bastard прызнаюцца, што ў беларускай сталіцы адчуваюць сябе, зусім як дома. Магчыма, справа ў беларускіх каранях лідара калектыву, а можа, — у гасціннай атмасферы, якая нязменна пануе на мінскіх клубных пляцоўках. Ды і самі музыкі падчас выступленняў нібыта запрашаюць слухачоў у свой шацёр, аздоблены яркімі дыванамі, напоўнены рознага кшталту ўнікатамі. Тут усім утульна, можна спакойна памедыціраваць ці патанцаваць.

У ліку «фішак» гурта — завадныя ці, наадварот, медытатыўныя шаманскія рытмы, экзатычныя інструменты з дзіўным гучаннем і песні на старажытных мовах. Музыкі спяваюць пра жыццё і смерць, пра тое, што ты жывеш тут і цяпер, разважаюць пра тое, што застанецца пасля цябе.

Пасля нядаўняга канцэрта Theodor Bastard у Мінску наша карэспандэнтка скарысталася магчымасцю пагутарыць з лідарам гурта Аляксандрам Старасціным і распытаць яго пра дзіўныя песні на старажытных мовах, прадзеда, які нарадзіўся ў Мінску, і стаўленне да сучаснай беларускай музыкі.


— Аляксандр, гурт Theodor Bastard сёння — зусім не той калектыў, які вы некалі стварылі. Не сумна было развітвацца са звыклым гучаннем, змяняць канцэпцыю каманды?

— З прыходам у гурт вакалісткі Яны Вевы сапраўды шмат што змянілася. Але ўсё склалася так, што іншага шляху проста не дадзена. Яе голас і наш гук спалучаюцца надзвычай гарманічна. Думаецца, усё, што было да гэтага, — толькі падрыхтоўчы перыяд.

— Не магу не запытацца пра вашы беларускія карані.

— Так, мой прадзед Яўсей з Мінска. Ён у сталінскія часы быў сасланы ва Удмурцію. А мама нарадзілася ў Рэспубліцы Марый Эл, у сталіцы Яшкар-Ала. Не так даўно дзядзька алічбаваў дзённікі прадзеда, і я змог больш даведацца пра яго жыццё. Аказваецца, ён некалі нават выдаваў сваю газету на беларускай мове.

— А сёння ці адчуваеце вы асаблівую сувязь з беларускай зямлёй?

— Так, кожны раз, калі вяртаемся з гастроляў праз Беларусь, то ўжо тут адчуваем сябе, як дома. На жаль, сваякоў у мяне ў Беларусі не засталося, але гэтыя мясціны ўсё роўна ўспрымаюцца як родныя. Хоць не ведаю беларускай мовы, я адчуваю народ, ён мне вельмі блізкі. Зямля, ментальнасць, людзі, якія да нас падыходзяць пасля канцэрта, мне здаюцца роднымі. Гэта самае галоўнае.

— Мяркуючы па першым уражанні, нельга сцвярджаць, што на вашых канцэртах публіка сапраўды «адрываецца». Гэта глыбей: нейкія ўнутраныя перажыванні, якія ператвараюцца ў медытацыю. А вы самі якой рэакцыі чакаеце ад слухачоў?

— Мы нічога не чакаем. Гэта як кветка — садзіш зярнятка ў глебу і чакаеш, што вырасце. Можа быць па-рознаму: вырасце вялікая зялёная расліна ці, наадварот, маленькая і сціплая. Без усялякага какецтва скажу, што кожны раз падчас сустрэчы з публікай адбываецца нешта магічнае, кожны раз нібыта наноў адчуваеш рэчаіснасць, аддачу.

— Ваш гурт адметны менавіта спевамі на розных мовах, часам нават старажытных...

— Большая частка нашых тэкстаў па-руску, але сапраўды, мы выконваем песні і на іншых мовах. Напрыклад, на мове старажытных індзейцаў — «Tapachula», песня «Benga» — на мове племені Бенга. Ёсць песня «Sadanah» на арабскай мове, мы спяваем на фарсі, англійскай, нямецкай, сербскай мовах.

— Самі разумееце, пра што спяваеце?

— Адкажу пытаннем на пытанне: ты адчуваеш, пра што мы спяваем?

— Так. Але, як піша Чак Паланік, незразумеламу можна надаць любы сэнс. Які ж сэнс для вас першасны?

— Першаснае тое, што ты сама адчуваеш. У гэтым і ёсць магія. Любы інструмент у любым творы — частка музычнай канцэпцыі. Чаму ў нас прынята голас аддзяляць ад усёй астатняй музыкі? Голас — гэта такі ж інструмент, як трамбон, віяланчэль... Ты ж не будзеш пытацца, што ў класічным творы хацелі сказаць партыяй трамбона? Таму што твор працуе толькі як цэлае. Ты слухаеш творы кампазітараў і захапляешся імі. Мне, напрыклад, вельмі блізкі Вагнер: ён звяртаўся да фальклору, міфалогіі... Прытым, што няма нейкай канкрэтыкі, слухаючы, разумееш, пра што твор.

— А як жа сэнс тэксту песні?

— У некаторых выпадках тэкст, яго ідэя — сапраўды адно з вымярэнняў песні, а ў некаторых голас выступае ў ролі музычнага інструмента. Любы варыянт адчування песні правільны. У гэтым і ёсць магія. Мастацтва павінна быць шматгранным і пакідаць прастору для фантазій. Гэтым яно адрозніваецца ад навукі. Тэкст песні, пазбаўлены алюзій, метафар і парафраз можа быць хіба што інструкцыяй па зборцы пыласоса, але ніяк не паэзіяй.

— Але ж аўтарскі пасыл кожнай кампазіцыі таксама важны?

— Аўтарскі пасыл — па-за словамі. І, зразумела, у нашых тэкстах я для сябе бачу глыбокі сэнс, але ніколі не буду тлумачыць яго іншаму, каб не ламаць чужое ўспрыманне.

— У вас вельмі многа досыць экзатычных інструментаў з розных краін свету. Іх дораць ці самі з розных паездак прывозіце?

— Гэта кавалачак культуры краіны, які можна прывезці з сабой як цудоўны ўспамін і як рэальны досвед. Падчас кожнага падарожжа я стараюся сустракацца з мясцовымі музыкантамі, пераймаць іх вопыт, вучыцца. Гэта робіць вандроўкі больш падобнымі на экспедыцыі. Інструменты ў нашай калекцыі — з паездак у Ліван, Іран, Сірыю, Іарданію, Эфіопію і Марока, а яшчэ ў Кітай, Камбоджу і В'етнам.

— Ці сочыце вы за творчасцю сучасных беларускіх гуртоў? Магчыма, з кімсьці з іх маглі б разам выступіць у межах аднаго вялікага канцэрта?

— Шчыра кажучы, сучасных беларускіх гуртоў ведаю нямнога. Вылучу хіба толькі «Сярэбранае вяселле» і «Пятлю прыхільнасці». Але я не вельмі ўяўляю сумесны канцэрт. Усё ж такі мы вельмі розныя.

— Ці ёсць планы зрабіць песню на беларускай мове на аснове фальклорнага матэрыялу?

— Мне здаецца, што менавіта на ўзроўні фальклору, яго мелодыкі няма радыкальных адрозненняў беларускай народнай песні ад рускай. На беларускай мове, магчыма, калі-небудзь заспяваем. Сёння нам, бадай, максімальна цікавая родная руская мова, мы з ёй мала працавалі. Прыйшоў час запаўняць прабел.

vesіaluha@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?