Вы тут

Віктар Жук: «Гісторыя — не проста скарбніца фактаў»


Выкладчык гісторыі і грамадазнаўства з Маладзечна Віктар Жук у 2014 годзе перамог у рэспубліканскім конкурсе «Настаўнік года Беларусі». Галоўную ўзнагароду — «Хрустальнага жураўля» — яму прынеслі любоў да гісторыі, энтузіязм і творчы падыход да выкладання. Конкурсны запал сціх, жыццё вярнулася ў звычайнае рэчышча. «Чырвонка» наведала маладога настаўніка, каб высветліць, як праходзяць яго працоўныя будні.


Віктар Жук на ўроку.

— Адразу пасля конкурсу не было вольнай хвілінкі. Адлучаўся кожны тыдзень — семінары, майстар-класы, выступленні, адкрытыя заняткі. Дзеці добра памятаюць тыя дні, жартуюць у КВЗ — «Зноў мы прагульваем гісторыю, Віктар Эдуардавіч 30-ты
раз паехаў на рэспубліканскі семінар». Цяпер «вандровак» нашмат менш, амаль увесь час я ў школе. У гэтым годзе, акрамя старшых класаў, вяду заняткі і ў пятых.

— З кім лягчэй працаваць?

— З кожным класам па-свойму цікава. Пяцікласнікі шумныя, ім яшчэ цяжка прывыкнуць да дысцыпліны. Важна іх не спужаць, не ператварыць у маўклівыя «скульптуры», накіраваць іх энергію ў правільнае рэчышча. З 10, 11 класамі можна дыскутаваць на сур'ёзныя тэмы, рашаць складаныя задачы. Спачатку было цяжка пераключацца: напрыклад, са старшакласнікамі абмяркоўваем Версальска-Вашынгтонскую сістэму, а ўжо праз пару хвілін разбіраем у пятых класах грэчаскую міфалогію. Цяпер звыкся.

— Ці павінен педагог быць на «ты» не толькі са сваім прадметам, але і з сучаснымі тэхналогіямі?

— Шмат гаворкі пра тое, што навучэнцы з раніцы да вечара сядзяць у інтэрнэце, дык чаму не скарыстацца гэтым у сваіх мэтах? Настаўнік павінен ісці ў нагу з часам! Я арганізаваў у сацыяльнай сетцы магчымасць дыялогу са старшакласнікамі, размяшчаю там рознага кшталту інфармацыю. Стасункі ў сацсетках хуткія і зручныя. Школьнікі пішуць часта, нешта недаслухаюць на занятках, пытаюцца, удакладняюць. Часта дзеці думаюць, што ў інтэрнэце пануе ўсёдазволенасць, і забываюцца пра культуру паводзін. Але мае вучні ведаюць, што звяртаючыся да мяне, трэба выконваць граматычныя і этычныя правілы. Калі я атрымліваю паведамленне з памылкамі, прашу выправіць і напісаць правільна.

— Тэхнічныя ноу-хау не заглушылі любоў да чытання?

— На маю думку, чытаюць сёння менш. Але зусім ад кніг не адмаўляюцца. Адным разам правяраў практыкум па грамадазнаўстве ў вучаніцы 11 класа і ўбачыў цікавыя разважанні, у якіх былі адсылкі да вядомых аўтараў. Праца мне спадабалася. Высветлілася, што школьніца не проста так змясціла там цытаты, у яе дома збор кніг, які ўвесь час папаўняецца. На наступны дзень яна прынесла мне пачытаць Сартра і Коба Абэ. Мы з вучнямі часта абменьваемся кнігамі, абмяркоўваем іх, дзелімся ўражаннямі. Не так даўно браў у школу раман-эпапею «Уладар пярсцёнкаў», ахвотнікаў пачытаць было шмат.

— Вы захапляецеся ваенна-гістарычнай рэканструкцыяй, ездзіце на раскопкі і ходзіце ў паходы. Вучняў да сваіх хобі далучаеце?

— Рэканструкцыя — маё асабістае захапленне. Займаюся ёй больш за дзесяць гадоў. Гэта не проста яркія і прыгожыя касцюмы, а яшчэ і вялікая праца з крыніцамі. Я ўзнаўляю вобраз нямецкага пехацінца сярэдзіны XІV стагоддзя. Мой касцюм доўга эвалюцыянаваў, і цяпер мне не сорамна паказацца на фестывалях рознага маштабу. Апошнія гады аддаю перавагу ціхім і спакойным праектам фармату «жывая гісторыя», дзе збіраецца вузкае кола аднадумцаў і турысты не ходзяць натоўпам. А з навучэнцамі мы падарожнічаем па вёсках і пасёлках Маладзечанскага раёна. У чэрвені, пасля экзаменаў, ідзём у турыстычны паход на дзён дзесяць. Апошнія гады ў нас быў ажыятаж. Паход стаў для многіх стымулам вучыцца лепш, бо ўсіх ахвотных узяць мы проста не змаглі. У паходзе сціраюцца сацыяльныя ролі настаўнік—вучань. Усе становяцца турыстамі — мы сядзім вакол вогнішча, спяваем песні пад гітару. Гэта выдатная магчымасць пазнаёміцца з вучнямі бліжэй. Выхады на прыроду для мяне — свята. Сёлета мы таксама збіраемся ў паход.

— Выходзячы за парог школы, што павінны засвоіць вучні з вашага прадмета?

— Факты, паняцці, персаналіі — гэта ўсё хутка вылятае з галавы школьнікаў. Таму на ўроках я вучу іх крытычна ацэньваць інфармацыю, адстойваць уласны пункт гледжання, разважаць, не баяцца выступаць перад публікай. Мае заняткі будуюцца на дыялогу. Вучні выказваюць свой пункт гледжання, адказваюць на пытанні, задаюць іх. Гісторыя — не проста скарбніца фактаў. У першую чаргу гэта плацдарм для фарміравання пэўных якасцяў, кампетэнцый, якія спатрэбяцца вучням у дарослым жыцці. Засвоіўшы гэтыя навыкі, ім будзе лягчэй знаходзіць галоўнае, адсяваючы інфармацыйнае «смецце».

— Як сёння можна павысіць прэстыж прафесіі настаўніка?

— Значнасць прафесіі залежыць не толькі ад дзеянняў дзяржавы і Міністэрства адукацыі. Яна залежыць і ад самога настаўніка. Калі ўвесь час казаць, як дрэнна нам жывецца, то ўсе будуць ставіцца да настаўнікаў адпаведным чынам. Лічу, што калі чалавек любіць сваю прафесію, калі ён адданы сваёй справе, то яго нічога не спыніць.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.