Вы тут

Чаму вадалазу неабавязкова добра плаваць


Пэўна, славуты француз Жак Іў Кусто і яго шматлікія тэлеперадачы ў свой час натхнялі на мары аб працы вадалазам многіх маіх равеснікаў. Але вось неспадзяванка — у Беларусі няма сапраўднага мора. Тым не менш у Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях створаны падраздзяленні, у складзе якіх працуюць і прадстаўнікі гэтай прафесіі. Карэспандэнты «Чырвонкі. Чырвонай змены» правялі адзін дзень разам з 25-гадовым камандзірам аддзялення вадалазна-ратавальнай службы пажарнага аварыйна-ратавальнага атрада Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Паўлам СТУЖЫНСКІМ.


На­ват у ле­дзя­ной ва­дзе трэ­ба за­хоў­ваць спа­кой і аб­са­лют­ную кан­цэнт­ра­цыю.

Донны спектр працы

...Раніцай мы прыязджаем у Заслаўе — на галоўны канал Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Ужо некалькі дзён тут працуюць ратаўнікі: вышэй па цячэнні ў ваду трапілі нафтапрадукты. Задача МНС — ліквідаваць наступствы аварыі і не дапусціць пападання небяспечнага рэчыва ў вадасховішча.

У пойму канала павольна заязджае чырвоная «Газэль» з лафетам, да якога прымацавана лодка з маторам. У машыне — вадалазы, што базуюцца ў Маладзечне. Менавіта яны занятыя ў ліквідацыі наступстваў аварыі.

— Першая задача нашай службы — аказанне дапамогі тым, хто церпіць бедства на вадзе і пад вадой, і ліквідацыя надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару, — гаворыць быццам бы вывучанае на памяць Павел. — Але насамрэч займаемся вельмі шырокім спектрам працы. Скажам, дапамагаем вырашаць тэхнічныя работы на вытворчасці, напрыклад чысцім падводнае абсталяванне на ТЭЦ і вадасховішчах. Падымаем са дна самую розную тэхніку. Часам шукаем зброю, дапамагаючы міліцыі. Хоць людзі звычайна думаюць, што вадалазы толькі тапельцаў шукаюць. Гэта не зусім правільна — такая праца ў першую чаргу з'яўляецца прэрагатывай Таварыства выратавання на водах.

Сёння якраз дзень «не зусім профільнай» работы. Галоўная задача вадалазаў — забеспячэнне працы службы хімічнай і радыяцыйнай абароны, а таксама правядзенне замераў канцэнтрацыі небяспечнага рэчыва ў вадзе.

Уцечку нафты ліквідуюць пры дапамозе сарбенту — спецыяльнай сумесі, якая звязвае «чорнае золата» і выцягвае яго з вады. Штодзень ратаўнікі высыпаюць рэчыва ў канал, пасля чаго да так званых бонаў — плывучых загарод на акваторыі — прыбіваюцца вялікія «камякі» сабранай нафты. Боны прыцягваюць да берага, а адпрацаваны сарбент збіраюць у спецыяльныя мяхі.

Гід­ра­кас­цюм і аква­ланг — без іх не абы­сці­ся,  але ка­рыс­тац­ца да­во­дзіц­ца не вель­мі час­та.

Хадзіць і апускацца

Пакуль калегі Паўла рыхтуюцца, малады чалавек тлумачыць нам некаторыя тонкасці працы вадалаза. Адкрыўшы салон мікрааўтобуса, ён распавядае нам пра розніцу паміж гідракасцюмамі, якія захоўваюцца тут.

— Вось гэта — самы просты, «мокры» гідракасцюм, — кажа суразмоўца. — Гэта значыць, што пад яго трапляе вада, але калі ён добра падыходзіць па памеры, то назад вада ўжо амаль не выходзіць. Цела яе награвае, і вадалаз не мерзне. Ёсць яшчэ «паўсухі» касцюм — ён аснашчаны спецыяльнымі ўшчыльненнямі, якія змяншаюць кантакт вады з целам. А самы прасунуты — «сухі» касцюм. У ім выкарыстоўваюцца тыя ж ушчыльненні, герметычныя «бегункі» і іншыя дэталі, якія амаль не прапускаюць ваду. Звычайна ў такіх працуюць узімку, калі трэба максімальна абараніць вадалаза ад уздзеяння нізкай тэмпературы.

Тут жа праходзім і лікбез па тэрміналогіі. «Мы не ныраем, а апускаемся, — усміхаецца Павел. — Дарэчы, добрым плыўцом вадалазу быць неабавязкова, бо мы пераважна ходзім па грунце».

Па словах ратаўніка, апранаць гідракасцюмы даводзіцца не так часта, як гэта ўяўляецца. Вадалазы працуюць па графіку суткі праз трое. На дзяжурства заступаюць каманды з трох чалавек, якія заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу ў экстранных сітуацыях. Праўда, здараецца такое нячаста. Справа ў тым, што атрад базуецца не на акваторыі, да самага блізкага буйнога вадаёма — Вілейскага вадасховішча — 25 кіламетраў. Звычайна змены праходзяць спакойна, але гэта не значыць, што вадалазы проста «адседжваюць» працоўны час.

— Для пацвярджэння сваёй кваліфікацыі мы павінны за год набраць пэўную колькасць гадзін апусканняў: нехта 60, нехта 90, — кажа Павел. — Для гэтага прыкладна раз на тыдзень праводзяцца вучэбныя спускі. Апускаемся ў басейне і на адкрытай вадзе незалежна ад сезона, як летам, так і ўзімку. Калі выконваеш гэты план і здаеш усе экзамены (яны таксама праводзяцца штогод), атрымліваеш дазвол працаваць далей. Пішам канспекты, займаемся самападрыхтоўкай — няважна, год ты працуеш ці дваццаць. Акрамя таго, калі ёсць патрэба, нас могуць выклікаць і на тушэнне пажараў, бо першапачатковую падрыхтоўку ўсе праходзяць аднолькавую.

Ця­пер мы ўжо ве­да­ем, што Па­вел і яго ка­ле­гі не ны­ра­юць, а апускаюцца!

Ад мяча да экскаватара

Тым часам калегі Паўла пачынаюць працу. Перабіраюцца на другі бераг, адчэпліваюць боны, акуратна перацягваюць іх на адзін бок канала. Сярод камякоў нафты з сарбентам заўважаем яркі прадмет — чырвоны гумовы мячык.

— У нас хутка будзе цэлая калекцыя такіх, — смяецца адзін з вадалазаў. — Футбольныя і іншыя мячы — пэўна, самая частая наша знаходка. Збіраем іх, а потым выкарыстоўваем як абмежавальныя буі на вадаёмах.

Пытаемся, што яшчэ можна знайсці на дне. Па словах ратаўнікоў, часта трапляюцца рознага роду прылады для плавання — ласты, трубкі, маскі... Але бываюць і ўнікальныя знаходкі. Аднойчы на дне ракі адшукалі каштоўны чайны сервіз, зроблены ў Крыме. Пад тоўшчай вады хаваюцца не толькі дробныя рэчы. Нярэдка ратаваць прыходзіцца буйную тэхніку. Якраз непадалёк на адным з кар'ераў пад ваду пайшлі... смеццявоз і два экскаватары. Шматтонныя машыны трэба было абвязаць стропамі, ачысціць ад глею і грунту, якім іх засыпала пры абвале, і падняць на паверхню.

Ва­да­ла­зы заў­сё­ды пра­цу­юць у па­ры: адзін на ва­дзе,  дру­гі — пад­стра­хоў­вае.

Гадзіны ў кніжцы...

— Пасля школы я паступіў у політэхнічны каледж у Маладзечне, а потым у Гомельскі інжынерны інстытут МНС на спецыяльнасць «інжынер па папярэджанні і ліквідацыі НС» завочнага аддзялення. Праца ратаўніка натхняла, магчыма, з-за авантурнага характару, — смяецца хлопец. — На першым курсе мне патэлефанавалі з аддзела кадраў Маладзечанскага аддзела па надзвычайных сітуацыях і прапанавалі работу. Так у 19 гадоў я пайшоў працаваць ратаўніком.

Раней у Маладзечне дыслацыравалася звычайная пажарна-аварыйная ратавальная часць. Некалькі гадоў таму было вырашана стварыць у Мінскай вобласці спецыяльны атрад, у склад якога ўвайшлі ўжо і такія службы, як медыцынская, выбуховатэхнічная, хімічнай і радыяцыйнай абароны і, нарэшце, — вадалазна-ратавальная.

Пачалі праводзіць адбор кандыдатаў у кожную з іх. Да патэнцыяльных вадалазаў прад'яўлялі вельмі сур'ёзныя патрабаванні, асабліва ў плане здароўя. Але Павел вырашыў падацца менавіта туды.

— Працэс навучання для працы ў вадалазна-ратавальнай службе самы цікавы з усіх, якія ёсць у МНС, — кажа Павел. — Узяць, напрыклад, тэорыю: мы пісалі канспекты па ўмоўных абазначэннях, якімі карыстаюцца вадалазы, практыкаваліся ў апусканнях у самым розным рыштунку — усё гэта незвычайна для Беларусі. Пасля здачы экзаменаў атрымалі спецыяльны дакумент — вадалазныя кніжкі. Там фіксуецца кваліфікацыя (я, напрыклад, вадалаз другога класа, а першы даюць інструктарам) і колькасць адпрацаваных гадзін.

...І адпачынак пад вадой

Трэба сказаць, што беларускіх вадаёмаў Паўлу не заўсёды хапае. Хлопец распавядае, як пэўны час з таварышам працаваў на Камчатцы — дапамагаў расійскім калегам падымаць затанулыя караблі (звычайна пагранічныя катэры і рыбалавецкія судны) з фарватару. Дарэчы, менавіта там Павел паставіў уласны рэкорд глыбіні апускання — 23 метры. Ды і сам від работы быў больш складаным, чым на радзіме, — даводзілася займацца падводнай зваркай, рэзкай і іншым.

— Усё-такі мора — гэта зусім іншая гісторыя, — кажа Павел. — У беларускіх азёрах і рэках часам бачнасць такая, што кісць выцягнутай рукі не відаць. А там — прыгажосць.

Дарэчы, адпачынак Паўла таксама ў пэўным сэнсе звязаны з вадой — часам хлопец можа з'ездзіць на падводную рыбалку. Акрамя таго, у атрадзе ёсць свая вялікая спартыўная зала... А яшчэ свой вольны час Павел прысвячае жонцы і сямімесячнай дачцэ.

lyskavets@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: З галавой у рабоце

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».