Вы тут

Месца «пад сонцам»


Пасля заканчэння ўніверсітэта студэнты бюджэтнай формы навучання павінны адпрацаваць два гады. Не кожнаму маладому спецыялісту шанцуе адразу атрымаць тое, што ён жадаў і пра што марыў, але і задаволеных першым працоўным месцам таксама дастаткова...


Надзея Рубцэвіч: 

— Пазалетась я скончыла факультэт камп'ютарных сістэм і сетак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі па спецыяльнасці «Вылічальныя машыны, сістэмы і сеткі». Уладкавалася ў JVL-карпарацыю. Мне падабаецца месца адпрацоўкі. Тут добры калектыў, цікавыя задачы, нармальны заробак. Не трэба прыходзіць на працу а 8-й раніцы, галоўнае — адпрацаваць 40 гадзін за тыдзень. Пакуль не збіраюся змяняць гэта месца.


Антось Ткачук: 

— Вучыўся на механіка-матэматычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта на кафедры тэарэтычнай і прыкладной механікі. Для размеркавання сам знайшоў працу ў прыватнай аўтамабільнай кампаніі. Яна падабалася, таму што быў добры калектыў. Месца я ўжо змяніў, бо тэрмін адпрацоўкі скончыўся, а працаваць надалей там мне не хацелася. На мой погляд, я вычарпаў на гэтай працы ўвесь свой патэнцыял. А цяпер шукаю сябе. Можна сказаць, што я «вольны чалавек», фрылансер.


Вольга Паўлюкевіч: 

— Была студэнткай філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыла летась. Зараз працую ў Цэнтры візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн», гэта, калі прасцей, дырэкцыя кінафестывалю «Лістапад». Туды размяркоўвалася на пасаду рэдактара сайта свядома. Была гутарка, напісала тэставае заданне, усіх яно задаволіла, і мяне ўзялі. Мне падабаецца, бо я займаюся тым, што ў мяне атрымліваецца; кажуць нават, што нядрэнна. Ёсць мінусы, але плюсы пераважваюць, прынамсі пакуль. Людзі творчыя, праца цікавая. Але я не прыйшла з ніадкуль. Што датычыцца фестывалю, дык на ім я працавала перакладчыцай і была валанцёрам тры гады, таму мяне ў дырэкцыі ўжо крыху ведалі.


Юлія Сурма: 

— Паля заканчэння будаўнічага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта працую ў будаўнічай фірме. Кантора прыватная, умовы працы мне здаюцца зручнымі: няма фіксаванага пачатку і канца рабочага дня (праўда, як і часу абеду), форма адзення — свабодная. У будучыні хацела б змяніць гэта месца, бо трэба расці, ну і заробак, вядома, хацелася б атрымліваць больш высокі.


Ганна Дудзінская: 

— Вышэйшую адукацыю атрымлівала ў Інстытуце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыла два гады таму. Шчыра прызнаюся, што месца для размеркавання пачала шукаць толькі на пятым курсе, да гэтага падпрацоўвала ў абсалютна іншай сферы. На пераддыпломную практыку прапанавалі пайсці ў радыёвузел ААТ «Інтэграл» з магчымасцю далейшага працаўладкавання. Так я стала рэжысёрам радыёвяшчання, а на справе — адзіным супрацоўнікам радыёвузла. Штодня выпускаю перадачу па заяўках, сумяшчаючы працу вядучага і гукарэжысёра, раблю аб'явы і штотыднёвую радыёпраграму навін. Апошні год падпрацоўваю яшчэ і ў карпаратыўнай газеце. Летась у жніўні абавязковая адпрацоўка скончылася, але я засталася: мне падабаюцца ўмовы, калектыў, задавальняе і заработная плата. У мяне нармаваны графік, свой кабінет і свабода творчасці — можна ўвасабляць любыя ідэі. Але ў будучыні змяню месца — пра гэта я ўжо даўно папярэдзіла свайго кіраўніка. Прычына ў тым, што кар'ернай «лесвіцы» тут няма зусім, тэматыка занадта вузкая, каб займацца ёю ўсё жыццё і не стаміцца ад аднастайнасці.

Настасся ЖУХАРАВА, студэнтка ІV курса Інстытута журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.