Вы тут

Здароўе з агарода


Знаёмыя дзяўчаты, якія вырашаюць пераключыцца на правільнае харчаванне, прызнаюцца, што прызвычаіцца да новай ежы — не самае складанае. Куды большае выпрабаванне — прывучыць сябе планаваць свой рацыён наперад і гатаваць па вечарах ссабойкі на ўвесь дзень. Ды і ўзважваць кожную порцыю, каб выпадкова не перабраць ліміт дазволеных калорый, таксама стамляешся.


Як той казаў, за вашы грошы — любы капрыз. У сеціве наткнулася на аб'яву сталічнай кампаніі, якая гатова ўсё зрабіць за вас: падлічыць, прыгатаваць і падаць гарачым да стала. Вам застаецца толькі есці і худзець. Рацыёны прапануюць у залежнасці ад ладу жыцця: тым, хто мала рухаецца і ўвесь дзень праводзіць у крэсле, зразумела, калорый патрабуецца менш, чым аматарам фізічных нагрузак.

Ідэя цікавая. Дарагая, праўда: за адзін дзень правільнага харчавання па сістэме all іnclusіve давядзецца аддаць прыкладна паўмільёна рублёў! Нават за разгрузачны дзень, які звычайна прынята праводзіць на яблыках з кефірам. Рацыён у прынцыпе разнастайны. Там і гародніна, і сыры розных гатункаў, і мяса далікатэснае. Але ж на тры мільёны на тыдзень і не такога накупляць можна. Пахудзець па прапанавай сістэме рэальна. Пры ўмове, што нічога, акрамя прывезеных кур'ерам порцый, вы есці не будзеце. А гэта, самі разумееце, вой як цяжка бывае (сіла волі ў набор сняданкаў і абедаў не ўваходзіць). Калі думаеце, што ад некалькіх цукерак нічога не будзе, вось вам статыстыка: на незапланаваных перакусах мы наядаем да 650 калорый. Гэта чвэрць, а то і больш, ад сутачнай патрэбы.

Цяпер модна худзець на экзатычных прадуктах. Пачытаць глянцавыя часопісы, дык найлепшыя сябры вашай фігуры — грэцкая локшына і вада з хларафілам. Для тых, хто толькі ўчора ўпісваў булкі з маслам, гэта, здаецца, занадта. Звычайная грэчка дала б не горшыя вынікі. Прадаўцы ж карыстаюцца нашым няведаннем: у апісанне прадуктаў дадаюць радок «спрыяе пахудзенню». Нават калі тая заморская садавіна ці насенне такі эфект не гарантуе. Напэўна, чулі пра разрэкламаваныя ягады годжы? Прадукт сапраўды карысны. Тым, хто хоча ўмацаваць імунітэт, — калі ласка. А вось скінуць лішняе... «Ёсць толькі адзін спосаб пахудзець на ягадах годжы, — пачула неяк жарт у аптэцы. — Ужываць іх па сталовай лыжцы на сняданак, абед і вячэру. Замест ежы».

Рэкламе ўвогуле не варта давяраць. І людзям, якія ў кадры расказваюць, што выпрабавалі нешта на сабе, таксама. Мне нядаўна адна кампанія, якая выпускае ёгурт, прапанавала паўдзельнічаць у рэкламным праекце. Сутнасць простая: трэба было прытрымлівацца пэўных рэкамендацый па фізічных нагрузках і харчаванні, есці кісламалочныя прадукты і дзяліцца сваімі поспехамі ў анлайн-дзённіку. А праз месяц расказаць, як палепшылася самаадчуванне. «Можаш і не прытрымлівацца праграмы, галоўнае — рабі выгляд», — напісалі мне. Я адмовілася. Муж, калі даведаўся, колькі за гэта прапаноўвалі плаціць, сказаў, што дарма. «Яшчэ б і ёгурт бясплатна выдавалі», — уздыхнуў ён. Парады, дарэчы, ад той кампаніі добрыя былі. Напрыклад, чысціць зубы, прысядаючы, і займацца спортам, калі злуешся. Але ўжыванне ёгурту на іх эфектыўнасць ніяк не ўплывае.

Хочаце карысных прадуктаў? Зазірніце на сезонны рынак. Бабулі-гандляркі дрэннага не параяць. І грошай з вас шмат не возьмуць. Мне асабіста ўвесну заўсёды хочацца салаты з радыскай і зялёнай цыбуляй (памятаеце, я расказвала пра інтуітыўнае харчаванне?). Успомніла вясковы агарод і падумала, што, бадай, найлепшыя парады па здаровым ладзе жыцця я атрымала ад бабулі з дзядулем. Яны прывучалі есці тварог, жаваць яблычныя «чыпсы» замест звычайных і перакусваць парэчкамі з агрэстам. А дзядуля адпраўляў раніцай на прабежку да лесу. Казаў, для апетыту.

А наконт нязручнасцяў правільнага харчавання... Паспрабуйце спачатку хаця б не прапускаць сняданак. З кантэйнерамі на ўвесь дзень потым разберацеся.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».