Вы тут

З замежным насеннем можна занесці хваробы, якія пазбавяць вас ураджаю


Чаму з кожным годам усё складаней атрымаць якасны ўраджай? Адкуль у наш агарод трапляюць усялякія заразы? Якія культуры варта пасадзіць дома? Па адказы на гэтыя і іншыя пытанні звяртаемся ў Інстытут агародніцтва НАН Беларусі.


Уль­тра­ран­ні га­ту­нак та­ма­та «Кро­ха».

Насенне — той тавар, які не трэба набываць з рук. Адна бяда, калі ў вас вырасце не тая культура, на якую разлічвалі, напрыклад, замест брусельскай капусты — звычайная салатная. Часта на пакетах з насеннем пад рознымі назвамі можа падавацца адзін і той жа гатунак. Але ёсць і больш сур'ёзныя праблемы — з няякасным таварам вы рызыкуеце занесці на свой участак хваробы. Ад некаторых немагчыма пазбавіцца 5 і нават 10 гадоў!

Сёння ў свеце шмат фірмаў, якія займаюцца насеннем. І ніхто з іх адказнасці перад агароднікамі не нясе. Хіба дачнік пойдзе судзіцца з-за аднаго пакеціка насення, тым больш калі ў яго замежныя вытворцы? А вось айчынная прадукцыя правяраецца па ўсходжасці ў дзяржаўнай насеннай інспекцыі, акрамя таго, гатункі выпрабоўваюцца на асобных участках.

— Глебава-кліматычныя ўмовы Беларусі адрозныя ад тых, што ў іншых краінах. Адпаведна, агароднікам трэба выбіраць тыя гатункі, якія прыстасаваны да нашых умоў, — заўважае загадчык лабараторыі паслёнавых культур, кандыдат біялагічных навук Леанід Мішын. — Яшчэ адзін плюс айчыннага насення — вучоныя адсочваюць найбольш распаўсюджаныя ў краіне хваробы і імкнуцца выводзіць гатункі, якія найбольш да іх устойлівыя. Але існуе шэраг захворванняў, генаў устойлівасці да якіх не знойдзена ва ўсім свеце, напрыклад, фітафтароз тамата.

— Але сёння ў продажы часта можна сустрэць насенне памідораў, дзе напісана, што гатункі ўстойлівыя да гэтай хваробы.

— Гэта проста прыгожы надпіс. Можна гаварыць толькі аб адноснай устойлівасці. Напрыклад, наш інстытут стараецца выбіраць гатункі больш устойлівыя да фітаспарозу. Агрэсіўнасць гэтай хваробы ў апошнія гады вырасла ў сувязі з тым, што ў краіне сталі больш вырошчваць ранняй бульбы. Таматы з гэтай культурай — сваякі, таму яны раней пачынаюць паражацца фітафторай.

Агароднікам можна парэкамендаваць выкарыстоўваць ультрараннія гатункі. За кошт ранняга выспявання яны «ўцякаюць» ад фітафтарозу. Дарэчы, найменш шкодны для чалавека прэпарат, якім можна апрацоўваць памідоры, каб абараніць ад такога захворвання, — бардоская сумесь. З айчынных добра зарэкамендаваў сябе «Азафос палепшаны» (трэба набываць прэпарат, на якім напісана, што ён прызначаны для абароны, бо ёсць і ўгнаенне з такой назвай).

— Замежнае насенне можа акліматызавацца ў Беларусі?

— Лічыцца аптымальным, калі насенне вырошчваецца ў той зоне, дзе будзе выкарыстоўвацца. Шэраг еўрапейскіх краін вырабляе яго ў паўднёвых рэгіёнах Іспаніі, у Афрыцы, дзе танная працоўная сіла. Адпаведна, з гэтым насеннем завозяцца тыя хваробы, якіх у нас няма. У прыватнасці, вялікую праблему выклікаў бактэрыяльны рак памідораў. Ён распаўсюджаны ў паўднёвых краінах. У нас яго раней не было. Але агароднікі не паслухалі рэкамендацый вучоных, завезлі гэту інфекцыю. У выніку, каб усё прадэзынфікаваць, мы вымушаны былі поўнасцю адмовіцца ад вырошчвання традыцыйных культур на грунтах, на глебе і перайсці на мінеральную вату. Прыйшлося цалкам мяняць тэхналогію. Адпаведна, давялося вырошчваць іншыя гатункі. Яны ўтрымліваюць ген лёжкасці, які дазваляе прадукцыі захоўвацца месяц і болей, але пры гэтым уплывае на біяхімічную структуру раслін. У іх значна менш накопліваецца цукраў, кіслот і вітамінаў, чым у таматах, да якіх мы прызвычаіліся. Таму яны і падаюцца нам нясмачнымі.

У новых парніках вырошчваюцца гібрыды капусты

— А дачнік занёс гэту праблему на свой участак?

— Натуральна. Людзі тэлефануюць: ураджай цалкам гіне. Там, куды занесена гэта хвароба, дзесяць гадоў ужо нельга вырошчваць ні таматы, ні бульбу, ні перац. Вядома, з пашкоджаных раслін нельга збіраць насенне.

Таматы, якія вырошчваюцца ў плёначных цяпліцах, пашкоджваюцца і кладаспарыёзам. У Беларусі існуюць спецыфічныя расы гэтага захворвання, якіх няма ні ў Расіі, ні ў Польшчы. Нават калі на замежным насенні пазначана, што гатунак устойлівы да кладаспарыёзу, наўрад ці яно падыходзіць нашым агароднікам. Мы бралі для сябе на выпрабаванне 10-15 замежных гатункаў, і толькі 2—3 з іх аказваліся ўстойлівымі да гэтага захворвання ў нашых умовах. Калі вы набудзеце айчынныя гатункі, а яны маюць устойлівасць менавіта да мясцовай расы кладаспарыёзу, хімічную ахову ад гэтага захворвання праводзіць не трэба.

— Якія яшчэ хваробы мы атрымалі з-за любові да імпартнага насення?

— Фузарыёз, верціцыліёз — гэта тычыцца таматаў, расліны вянуць, загніваюць. Па іншых культурах таксама ўсплёск, накапленне інфекцый. Вось чаму неабходна развіваць вытворчасць айчыннага насення. Пасля 90-х гадоў у краіне былі зачынены 13 насенняводчых гаспадарак. Адпаведна, паменшылася на рынку колькасць насення айчыннай селекцыі.

— Ці можна пазбегнуць хвароб, калі насенне апрацаваць?

— Калі насенне дэзынфікаваць, можна значна знізіць рызыку занесці хваробу. Тая ж марганцоўка часткова дапаможа. Ёсць розныя пратравы для насення, іх можна выкарыстоўваць па інструкцыі. Але гэта небяспечныя прэпараты, працаваць трэба ў гумавых пальчатках і хоць бы марлевай павязкай закрыць нос ад пылу.

Трэба мяняць севазварот. Акрамя таго, можна выбіраць устойлівыя гатункі. Так, грозным захворваннем з'яўляецца перанаспароз агуркоў. Каб расліны абараніць ад яго, трэба праз кожныя 10 дзён праводзіць моцную хімічную абарону. Вучоныя выявілі гены, якія дазваляюць ствараць гатункі, устойлівыя да гэтага захворвання. Агуркі альбо не хварэюць, альбо ў асобныя гады слаба пашкоджваюцца. Можна назваць такія ўстойлівыя да перанаспарозу гатункі айчыннай селекцыі, як «Зарніца», «Верасень».

Часта з насеннем ці расадай капусты дачнікі заносяць на свой участак кілу, з якой не могуць справіцца 5-10 гадоў. На заражанай тэрыторыі культуры сямейства крыжакветных нельга вырошчваць. Акрамя таго, хвароба лёгка разносіцца, яе можна нават на абутку прынесці на сваю дзялянку ад суседзяў. Заўважу, што нашы вучоныя пачалі ствараць гатункі капусты, устойлівыя да кілы.

— Адкуль бяруцца праблемы з усходжасцю насення?

— Усходжасць насення вызначаецца ў лабараторных умовах. А калі яго сее дачнік, умовы больш стрэсавыя. Так, таматам, перцу, баклажанам для прарастання патрэбна 25 градусаў. Калі тэмпература вышэй ці ніжэй на 3—4 градусы, мы атрымаем больш нізкую ўсходжасць. Часта для вырошчвання расады агароднікі выкарыстоўваць зямлю з агарода, у якой утрымліваецца шмат інфекцый, у ёй насенне горш узыходзіць, расліны будуць аслабленыя.

— Дражыраванне насення — абарона для дачніка?

— Гэта адзін з найцікавейшых кірункаў: у абалонку, якую наносяць на насенне, уводзяцца пестыцыды. Насенне афарбаванае, дражыраванае, на момант прарастання абаронена. Вядома, усходжасць яго будзе вышэйшай.

Загаловак у газеце: А што ў пакеціку?

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.