Вы тут

Кропка аптымальнага «кіпення»


У Жодзіне амаль без дыму працуе самы буйны ў краіне паравы кацёл на мясцовых відах паліва, які дазваляе штогод эканоміць каля 5 млн долараў.


Мінскія энергетыкі адзначаюць, што Жодзінскую ЦЭЦ праектавалі пасля вайны спецыялісты Ленінградскага галіновага інстытута. Першае абсталяванне на нашу цеплавую электрастанцыю прывезлі яшчэ з Германіі. Палівам для тагачаснай станцыі служыў малакаларыйны фрэзерны торф, а ў якасці рэзерву — мазут. У 80-я гады мінулага стагоддзя тут была праведзена рэканструкцыя і катлы былі пераведзены на прыродны газ. Побач узведзены новыя ачышчальныя збудаванні. Паралельна з павялічэннем магутнасці мясцовай цеплаэлектрацэнтралі (ЦЭЦ) рос горад Жодзіна і знакавае прадпрыемства краіны — БелАЗ.

А потым Жодзінская ЦЭЦ трапіла ў комплексную праграму мадэрнізацыі па павелічэнні долі магутнасцяў уласных паліўна-энергетычных рэсурсаў. Праграма прадугледжвала ўстаноўку паравога катла, які будзе працаваць на мясцовых відах паліва, такіх як фрэзерны торф, здроблены торфабрыкет і драўняная дранка. Як выконваецца вызначаная праграма на практыцы, карэспандэнт «Звязды» ўпэўніўся непасрэдна на вытворчай пляцоўцы Жодзінскай ЦЭЦ з дапамогай спецыялістаў Белэнерга.

Істотная эканомія валюты

Гэта была першая ластаўка падобных энергетычных катлоў на драўняным паліве, але на новым тэхналагічным узроўні. Спраектавалі новае абсталяванне на Белаазёрскім электрамеханічным заводзе ў супрацоўніцтве з адной маскоўскай фірмай.

«Энергетычная вытворчасць гэтага катла складае 60 тон пары ў гадзіну», — расказвае галоўны інжынер Жодзінскай ЦЭЦ Сяргей ДАЛАНАЎ. Сёння кацёл аптымальна працуе на сумесі здробненага торфабрыкету з невялікай дабаўкаю фрэзернага торфу і драўнянай дранкі. Што гэта дае? Зразумела, што зімой тут дзейнічаюць і сучасныя турбаагрэгаты на газе, але... Жодзінская цеплаэлектрацэнтраль у летні перыяд прыродны газ увогуле не выкарыстоўвае, а працуе выключна на мясцовых відах паліва. У балансе спажывання прадпрыемствам айчынныя «дровы» за год складаюць 25% — 28%.

Спецыялістамі прадпрыемства «Мінскэнерга» было падлічана, што за мінулы год выкарыстанне гэтага ўніверсальнага катла дазволіла замясціць каля 25 тысяч кубічных метраў прыроднага газу на агульную суму 4,7 млн долараў. Менавіта такі аб'ём валюты застаўся ў эканоміцы краіны. Вось яна, эканомія валюты на практыцы.

ККД — да 92%

Зразумела, што проста спальваць брыкет па схеме хатняй печкі ў прамысловых аб'ёмах ніхто не будзе. Таму і было вырашана выкарыстоўваць тэхналогію «кіпячы пласт», якая дазваляе атрымліваць каэфіцыент карыснага дзеяння (ККД) ад ужывання цвёрдага паліва ў памеры 89—92%.

Як дзейнічае гэты «кіпячы пласт»? Бярэцца спецыяльны пясок, які не спякаецца, разаграваецца спальваннем прыроднага газу да 300 градусаў. Потым знізу падаецца вялікі аб'ём паветра, які робіць у пяску псеўдакіпенне. Менавіта ў гэты «кіпячы пласт» падаюць пэўнымі порцыямі нашу брыкетна-драўняную сумесь. Праз некаторы час гэты пласт «качагарыць» ужо самастойна і без удзелу прыроднага газу. Менавіта такая сучасная тэхналогія дазваляе спальваць уласнае паліва практычна без адходаў з максімальным ККД.

Супраць дыму — электрафільтры

Усё гэта цудоўна, але ў складзе брыкету і торфу каля 17—19% складае попел. Але ён сёння нікому не замінае. Атрыманы попел разам з паветрам рухаецца па тракце праз трубу, дзе зроблены спецыяльныя электрафільтры. Гэтыя электронныя прыстасаванні ачышчаюць дым на 95—97%. Таму ў сонечнае надвор'е дым з трубы амаль і не відаць. Далей гэты попел збіраецца ў бункер і машынамі вывозіцца на спецыяльны сучасны і цалкам закрыты палігон.

Існуе меркаванне, што такі попел можна выкарыстоўваць пры стварэнні пэўных будаўнічых матэрыялаў. «Магчыма, гэта і так, але айчынныя «кулібіны» да гэтага кампанента пакуль толькі прыглядаюцца», — кажа Сяргей Даланаў. А на прадпрыемстве такое рэчыва гатовы пастаўляць спажыўцам амаль задарма.

Сёння ў трубе ўстаноўлена спецыяльная сістэма ўліку шкодных выкідаў, што могуць трапіць у атмасферу, якая ў аўтаматычным рэжыме перадае ўсе выяўленыя паказчыкі спецыялістам-эколагам з Мінпрыроды. Каб існавала праблема забруджвання паветра, то заплюшчыць на яе вочы было б проста немагчыма.

Транспарціровачны пыл

Сказаць, што ў эколагаў цяпер зусім атсутнічаюць пытанні да дзейнасці Жодзінскай ЦЭЦ, пакуль нельга. Часам у ветранае надвор'е ўзнікаюць невялікія праблемы з пылам, але яны выключна лакальныя. Цалкам зняць пытанне вытворчага пылу на тэрыторыі прадпрыемства будзе праблематычна, бо рух вакол складоў з палівам не спыняецца амаль ні на хвіліну. Гэта і не дзіўна, бо кацёл кожны час «з'ядае» 20—25 тон здробненага брыкету.

А паліва сюды прывозяць ажно 15 розных пастаўшчыкоў. На драўняную дранку выкарыстоўваюць неліквідны лес і розныя адходы пры вырабе мэблі, а здробнены брыкет  пастаўляе торфабрыкетны завод. Мала таго, што выкарыстанне мясцовага паліва эканоміць дзяржаве мільёны долараў у валюце, але і каштуе яно амаль удвая танней, чым замежны газ.

Галоўны інжынер прадпрыемства згаджаецца з тым, што працаваць з газам энергетыкам прасцей і камфортней. Сучасныя турбаагрэгаты на газе функцыянуюць без збояў і памылак, а абслугоўвае іх у большай ступені аўтаматыка. «Але блакітнае паліва дарагое, больш за тое, залежаць ад аднаго пастаўшчыка энерганосьбітаў краіне не зусім правільна», — упэўнены Сяргей Даланаў.

kurkасh@zvіаzdа.bу

Мінск — Жодзіна — Мінск

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.