Вы тут

Сёння стартуе 80-ты чэмпіянат свету па хакеі


Планетарнае першынство ў гэтым годзе праходзіць у Расіі, якая ўжо трэці раз прымае падобны хакейны турнір. Два папярэднія датуюцца 2000-м і 2007 гадамі, а яшчэ раней у часы Савецкага Саюза Масква станавілася галоўным месцам лядовых баталій у далёкіх 1957, 1973, 1979 і 1986 гадах. Сёлетняе першынство прымаюць адразу два расійскія гарады. Акрамя сталіцы, матчы пройдуць у Санкт-Пецярбургу, дзе і згуляе наша зборная на групавым этапе. Усяго чэмпіянат, ужо па традыцыі, сабраў 16 лепшых каманд, якія падзелены на дзве групы.


Пра горад, у якім гуляем мы

У Санкт-Пецярбургу матчы чэмпіянату свету па хакеі пройдуць другі раз. Паўночная сталіца Расіі чакала гонару прыняць самыя моцныя хакейныя зборныя свету ажно 16 гадоў. Піцерская частка спаборніцтваў пройдзе ў гістарычным спарткомплексе «Юбілейны», які ўжо прымаў чэмпіянат свету ў 2000 годзе. У горад на Няве прыехалі дзеючыя чэмпіёны свету — канадцы, гранды — фіны і амерыканцы, сярэднячкі — беларусы, немцы і французы, ну і, мабыць, самыя непрыкметныя ў нашай групе — венгры.

Калі казаць пра арэну, на якую сёння выйдуць у сваім стартавым матчы беларусы, то самі гаспадары характарызуюць яе так: «Раней там квітнелі сады, а цяпер гадуюць чэмпіёнаў». Палац «Юбілейны» быў пабудаваны ў 1967 годзе, сваю назву атрымаў у гонар 50-годдзя Савецкай улады. Нядаўна там быў праведзены капітальны рамонт, таму стадыён прыкметна змяніўся і выглядае як сучасная шматфункцыянальная арэна. Сёння комплекс змяшчае пад адным дахам тры хакейныя каробкі і каток для юных фігурыстаў. Галоўная пляцоўка, на якой пройдуць матчы чэмпіянату, прадугледжвае 6 тысяч глядацкіх месцаў, побач з ёй размешчаны трэніровачны лёд для зборных нашай кваліфікацыйнай групы. Тут жа (на першым паверсе) размясціўся прэс-цэнтр, ён разлічаны на 200 рабочых месцаў.

Перад «Юбілейным» ужо на ўсю моц працуе зона гасціннасці, якая ўмяшчае 2 тысячы заўзятараў.

Горад ужо жыве хакеем — яркія фарбы, розныя мовы, рознакаляровыя сцягі — гэта сапраўднае спартыўнае свята.

Тут ёсць велізарныя маніторы, на якіх заўзятары могуць убачыць матчы ў прамым эфіры, побач сувенірныя крамы, а таксама ўсё для паўнавартаснага вясёлага правядзення часу (і ежа, і напоі ў наяўнасці).

Вядома, цяжка ўявіць любое спартыўнае свята без талісмана, расіяне гэтым разам зрабілі досыць арыгінальна. На ўсіх папярэдніх маскоўскіх сусветных першынствах нязменным сімвалам станавіўся мядзведзь. У гэтым годзе з дапамогай народнага галасавання быў абраны сабака — лайка. Як кажуць гаспадары, лайка цесна звязана з поўначчу і сібірскім характарам, па іх словах сабака валодае вернасцю, стойкасцю і вынослівасцю, гэта значыць, тымі якасцямі, якія неабходныя для вялікіх перамог у хакеі.

Без Грабоўскага, але з Платам

Наша зборная выступае ў элітным дывізіёне ўжо 12 гадоў запар. У плэй-оф чэмпіянатаў свету за гэты час беларусы выходзілі чатыры разы. Праўда, далей 1/4 нас не пусцілі спачатку фіны (2006), потым расіяне (2009), на хатнім чэмпіянаце 2014-га — шведы, а ў мінулым годзе — канадцы. Такім чынам, нашым лепшым вынікам на сёння з'яўляецца 6-е месца на планетарным першынстве.

Што да складу беларусаў, то касцяк зборнай прадстаўлены хакеістамі мінскага «Дынама». Сярод іх, дарэчы, натуралізаваныя канадцы Шарль Лінгле і Кевін Лаланд. На месцы і звыклыя лідары — Аляксей Калюжны, Андрэй Сцяпанаў, Андрэй Стась, браты Касціцыны. Прыехаў з АХЛ абаронца Кірыл Гатавец, а таксама фіналіст Кубка Гагарына ў складзе ЦСКА Джэф Плат. Адзіны беларускі НХЛавец Міхаіл Грабоўскі не дапаможа зборнай у Піцеры, па-першае «Грабо» траўмаваны, а па-другое, яго клуб працягвае барацьбу ў плэй-оф Нацыянальнай хакейнай лігі. Таксама з-за траўмаў не выступяць на сёлетнім чэмпіянаце Канстанцін Кальцоў і Уладзімір Дзянісаў.

— Мне вельмі складана было зрабіць апошні адсеў і пакінуць дома некаторых гульцоў. Усе хлопцы апошні тыдзень працавалі вельмі добра. Я гэта цаню. У параўнанні з мінулым чэмпіянатам у Чэхіі ў зборнай восем хакеістаў, якіх не было на турніры ў маі 2015 года. Цэлая група маладых абаронцаў, для якіх выступленне ў Санкт-Пецярбургу стане сапраўдным выпрабаваннем, — расказаў галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Дэйв Льюіс.

Пра сапернікаў

Сёння наша зборная сустракаецца з камандай Фінляндыі, сапернікам дастаткова знакамітым. Хакеісты краіны Суомі 24 разы прымалі ўдзел у чэмпіянатах свету, 12 разоў станавіліся прызёрамі спаборніцтваў (двойчы заваёўвалі залатыя медалі). У гэтым годзе зборная Фінляндыі прыкметна амаладзілася і робіць націск на атакуючы хакей, таму няма сумненняў, што першы матч з нашым удзелам не можа быць сумным.

Далей беларускай зборнай трэба будзе прайсці два сур'ёзныя экзамены ў выглядзе гульні з лідарамі сусветнага хакея — зборнымі ЗША і Канады. Амерыканцаў абгульваць мы ўмеем, гэта ўжо паказаў леташні чэмпіянат свету ў Празе, а вось з хакеістамі краіны «кляновага ліста» справы ідуць куды цяжэй. Зборныя Беларусі і Канады на афіцыйных турнірах сустракаліся 11 разоў, і ні разу нашы суайчыннікі не змаглі атрымаць перамогу.

Такім чынам, менавіта вышэйназваныя сапернікі беларусаў, здаецца, падзеляць першыя радкі ў групе, рызыкнём выказаць здагадку, што асноўная барацьба разгорнецца за чацвёртую пазіцыю, а паўдзельнічаюць у ёй нашы хакеісты, славакі і немцы (менавіта першыя чатыры каманды з групы застануцца ў розыгрышы пасля папярэдняга этапу).

Зборная Славакіі станавілася чэмпіёнам планеты толькі раз, у 2002 годзе ў Швейцарыі яны вырвалі перамогу ў фінале ў расіян. Аднак варта адзначыць, што ў апошнія гады хакей у гэтай краіне ідзе на спад, так, напрыклад, на мінулым планетарным першынстве падапечныя Уладзіміра Вуйтэка не змаглі пераадолець нават папярэдні этап.

Нямецкая зборная — адна з найстарэйшых каманд Еўропы, але высокімі дасягненнямі яна адзначалася ўжо вельмі даўно. У мінулым годзе нямецкая дружына фінішавала пятай у групе і не змагла прабіцца ў плэй-оф, а ў агульнай табліцы засталася на дзясятым радку.

Калі казаць пра французаў, то свайго лепшага выніку ў гісторыі яны дабіліся на ЧС-2014. У Мінску каманда Дэйва Хендэрсана абыграла Данію, Нарвегію, Славакію і нават Канаду. На сёлетнім першынстве ў складзе не будзе некалькіх лідараў, якія рабілі вынік у мінулыя гады, таму шанцы французскай зборнай на выхад у плэй-оф прывідныя.

Аўтсайдарам нашай групы з'яўляецца зборная Венгрыі, якая пасля сямігадовага перапынку вярнулася ў эліту сусветнага хакея. Тут складана вылучыць гульцоў, якія былі б вядомыя шырокай публікі, а тым больш прадбачыць, як каманда гэтай краіны будзе супрацьстаяць больш знакамітым сапернікам. Напэўна, галоўнай задачай венграў на турніры стане захаванне месца ў элітным дывізіёне.

Адзначым, што папярэднія выступленні зборнай Беларусі на чэмпіянатах свету ў Расіі нельга назваць правальнымі, але і пра поспех не скажаш. У 2000-м нашы суайчыннікі занялі 9 месца, а сямю гадамі пазней сталі толькі 11-мі. Час мяняць тэндэнцыю.

Расклад гульняў зборнай Беларусі на групавым этапе:

6 мая. Фінляндыя — Беларусь (пачатак у 20.15);

7 мая. Беларусь — ЗША (20.15);

9 мая. Беларусь — Канада (16.15);

11 мая. Славакія — Беларусь (16.15);

13 мая. Германія — Беларусь (20.15);

14 мая. Венгрыя — Беларусь (16.15)

17 мая. Беларусь — Францыя (16.15).

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Пад небам Піцера

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».