Вы тут

НечакаНА СТАЎ НІКім?


Сацыяльны статус настаўніка сёння на парадку дня! І тое, што сітуацыю трэба карэнным чынам змяняць, разумеюць ужо не толькі педагогі.

Ёсць меркаванне, што кожнаму настаўніку трэба найперш самому паклапаціцца пра сваё добрае імя. І гэта справядліва, бо павага да педагога фарміруецца на кожным уроку. Гэта і яго стаўленне да вучняў, і валоданне прадметам, і ўменне знайсці выйсце з самых складаных сітуацый, яго знешні выгляд, асабістыя якасці... Многае, безумоўна, залежыць ад саміх настаўнікаў.


Але на дзіця ўплывае і тое, што яно бачыць па тэлевізары, чуе на кухні ў размовах бацькоў, знаходзіць у сетцы Інтэрнэт. Між іншым, калі паслухаць размовы («кухонныя» альбо з экрана тэлевізара), атрымліваецца, што роля настаўніка стала даволі нікчэмнай. Мала каго кранае гісторыя сельскай настаўніцы, якая штодня праводзіць урокі з пяццю падлеткамі ў сваім уласным доме, або гісторыя настаўніка-пенсіянера, які застаўся без даху над галавой. Куды цікавей, на жаль, абмеркаваць, як настаўнік пабіўся з вучнем або як настаўніца прымушала дзяцей пісаць даносы адзін на аднаго. Але ж такія выпадкі — рэдкія выключэнні...

Вось асабіста вы (толькі шчыра!) дазваляеце сабе ў прысутнасці дзяцей крытыкаваць настаўнікаў, казаць пра іх зняважліва? А дзеці ж усё матаюць на вус і робяць адпаведныя высновы...

Настаўнік перастаў быць бясспрэчным аўтарытэтам і паважаным чалавекам. Безумоўна, як і ў любой іншай прафесіі, і сярод педагогаў ёсць выпадковыя людзі, але большасць з іх усё ж адданыя сваёй справе і дзецям прафесіяналы. Вось толькі некаторыя з бацькоў ставяцца да іх прыкладна, як да гувернантак або пакаёвак, прасцей кажучы, як да абслуговага персаналу: «Вы не маеце права павышаць голас, ставіць «двойкі», рабіць заўвагі... Вы АБАВЯЗАНЫ вучыць, сачыць, апекаваць, засцерагаць...»

Вядома, абавязкаў у педагогаў — цэлы воз! Але хіба іх няма ў вучняў?

Напрыклад, з павагай ставіцца да старэйшых, быць стараннымі, ветлівымі. І чаму толькі настаўнік павінен вучыць і выхоўваць? Няўжо бацькам дастаткова дзіця толькі нарадзіць?

Прааналізаваўшы артыкулы, апублікаваныя ў рэспубліканскіх непедагагічных выданнях за два апошнія гады, у загалоўках якіх згадвалася слова «настаўнік», пераканалася, што яны пераважна былі прысвечаны профільнаму навучанню, вынікам ЦТ і павышэнню заробкаў педагагічным работнікам. Асаблівую ўвагу прыцягнулі менавіта меркаванні аб статусе прафесіі настаўніка. Часта выкладзеная ў артыкулах інфармацыя была негатыўнай, больш за тое, неправеранай і няправільна інтэрпрэтаванай. Напрыклад, была агучана думка, што настаўнікі патрабуюць да сябе занадта шмат увагі, хаця самі не выконваюць свае непасрэдныя абавязкі.

Некаторыя аўтары бачылі вырашэнне праблем у павышэнні заробку. З аднаго боку, з гэтым нельга не пагадзіцца, але ўсё ж прэстыж прафесіі настаўніка не з'яўляецца прама прапарцыянальным яго заробку.

Было б выдатна, калі б у сродках масавай інфармацыі змяшчалася больш матэрыялаў аб штодзённай працы педагогаў і іх дасягненнях. А замест гэтага мы бачым толькі брудныя каментарыі да скандальных гісторый і танныя пошлыя серыялы, якія выклікаюць негатыўнае стаўленне да прафесіі педагога. Настаўнікі падаюцца ў вельмі непрывабным выглядзе: беднасць, прагнасць, запраграмаванасць, неінтэлігентнасць... А гэта зусім не так! У школе такіх людзей сёння няма! Убачыць і паверыць у гэта магчыма, калі зрабіць працу настаўніка празрыстай. Чаму б не арганізаваць шырокую кампанію ў СМІ, падрабязна асвятляць ініцыятывы настаўнікаў, запусціць праграмы пра адукацыю на самых папулярных радыё- і тэлеканалах, праводзіць сустрэчы з настаўнікамі і старшакласнікамі, якія абралі прафесію педагога.

Прыкладам падобнай ініцыятывы, якая дэманструе неардынарнасць беларускіх настаўнікаў, можа стаць традыцыйны «Калядны фэст педагагічнага майстэрства», які штогод праводзіцца на зімовых канікулах у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі ў Мінску і збірае больш за трыста настаўнікаў з усёй краіны. Для гэтых людзей паняцце «педагагічнае майстэрства» — не пусты гук. Яно ўспрымаецца імі як найважнейшая прафесійная якасць асобы настаўніка, як патрэба пастаянна ўдасканальвацца ў сваёй прафесіі...

Сёлета, напрыклад, асноўнымі тэмамі V Каляднага фэсту педагагічнага майстэрства сталі выхаваўчы патэнцыял урока і кампетэнтны падыход. Падчас работы прадметных секцый не адзін раз гучала думка пра тое, што ад прафесіяналізму настаўніка, яго кампетэнтнасці залежаць не толькі поспехі вучняў на ўроку, але і іх паспяховасць у дарослым жыцці. Таму ў рабоце настаўніка павінны аптымальна спалучацца сучасныя формы, метады, сродкі навучання, пры якіх развіваецца асоба кожнага вучня.

Настаўнік практычна існуе ў рэжыме эксперыменту ў кожную хвіліну ўрока, таму што асноўным прадметам яго даследчай дзейнасці з'яўляецца навучальны працэс.

V Калядны фэст педагагічнага майстэрства яшчэ раз даказаў, што прафесія настаўніка шматгранная, яна не зводзіцца толькі да ведання прадмета і любові да дзяцей. Як бы ні быў прафесійна падрыхтаваны настаўнік, ён проста абавязаны пастаянна ўдасканальваць свае асабістыя якасці і павышаць прафесійны ўзровень. Прыкладам падобнага прафесійнага развіцця для многіх удзельнікаў фэсту сталі члены клуба «Крыштальны журавель» і асацыяцыі настаўнікаў-метадыстаў «Імкненне», якія выступалі ў ролі аўтараў і каардынатараў майстар-класаў і шчодра дзяліліся з удзельнікамі фэсту сваім вопытам, ідэямі і матэрыяламі.

Павышэнне статусу педагога — пытанне складанае. Сэнс яго — у разуменні як агульных, так і індывідуальных задач, у размежаванні, калі так можна сказаць, «паўнамоцтваў» і ў вызначэнні вектараў супрацоўніцтва. Але каб такое супрацоўніцтва адбылося, неабходна не толькі няспынна ўмацоўваць давер да настаўніка пры падтрымцы СМІ, але і ставіцца да сваёй працы з адданасцю ў любой сітуацыі. Чалавека, які ўмее паважаць сябе сам, паважаюць і іншыя. Пагадзіцеся, што той, хто саромеецца сваёй прафесіі, міжволі правакуе негатыўнае стаўленне і да сябе, і да працы, якую выконвае...

Шчасце педагога складаецца з вучнёўскіх перамог, і ад таго, як працуе настаўнік, залежыць, якім стане вучань, ці рэалізуе сябе, ці зможа адаптавацца ў сучасным грамадстве.

Школа без настаўніка не мае будучыні, як не мае яго і краіна без школы.

Інэса ЗУБРЫЛІНА, старшы выкладчык Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, настаўнік англійскай мовы мінскай гімназіі № 24, пераможца Рэспубліканскага конкурсу педагагічнага майстэрства «Настаўнік года — 2011», уладальнік нацыянальнай прэміі «Гонар нацыі»

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.