Вы тут

Барацьба з незаконным продажам чарамшы


Вясна... Распускаюцца духмяныя кветкі, узыходзіць зеляніна, спее першая гародніна і... актывізуюцца тыя, хто хоча ўсё гэта прадаць. Абаронцы прыроды кожны год б'юць трывогу з нагоды захаванасці раслін, занесеных у Чырвоную кнігу, падатковая інспекцыя стараецца спыніць масавы гандаль без дакументаў і ў непрызначаных для гэтага месцах — свае сілы яны аб'ядноўваюць у праверачных рэйдах. Разам з імі мы адправіліся на барацьбу з незаконным продажам чарамшы.


Знікаючая мядзведжая цыбуля

Чарамша ўвесну з'яўляецца адной з галоўных крыніц вітамінаў для жывёл у лесе. Нават буйны мядзведзь пасля зімовай спячкі дзякуючы гэтай траве хутка аднаўляе свае сілы. Адсюль і другая назва расліны — цыбуля мядзведжая. Людзі таксама актыўна ўжываюць чарамшу ў ежу, яе смак нечым нагадвае часнок. Гэта трава занесена ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, таму збор яе забаронены. Вырасціць яе можна і самастойна, але так цяжка выстаяць перад спакусай узяць у прыроды тое, што яна дае сама.

Звычайна сезон збору чарамшы — красавік—май, але сёлета з-за ўмоў надвор'я ён некалькі скараціўся і ўжо набліжаецца да завяршэння. З рэйдам мы адправіліся на адну з найбуйнейшых гандлёвых кропак горада Мінска — Камароўскі рынак.

— Спачатку трэба звярнуцца да адміністрацыі рынку, толькі ў суправаджэнні яе прадстаўніка мы можам прыступіць да ажыццяўлення нашай работы, — растлумачвае Мікалай Стаскевіч, старшы дзяржаўны падатковы інспектар Савецкага раёна сталіцы. — Фізічнай асобе неабходна мець даведку з месца жыхарства аб тым, што чарамша была вырашчана на яе прысядзібным участку, пацвярджэнне аплаты гандлёвага месца і заключэнне экспертызы аб якасці прадукцыі.

«Яны не хочуць плаціць штрафы»

Разам мы праходзім па радах. Работнікі адміністрацыі імкнуцца трымацца крыху наводдаль,бо іх яркая жоўта-зялёная ўніформа прыцягвае да сябе занадта шмат увагі і прымушае прадаўцоў спешна хаваць нелегальны тавар. Чарамшу знаходзім толькі на адным прылаўку. На здзіўленне — з дакументамі ўсё ў парадку. Аказалася, маладая жанчына гандлюе толькі першы дзень.

— Я прыехала з Клічава. На агародзе мы ўжо некалькі гадоў вырошчваем чарамшу, а вось выставіць яе на продаж адважылася ўпершыню. У мяне дома чацвёра дзяцей, як я магу рызыкаваць? Канешне, я раблю ўсё толькі па законе. Месца каштуе 30 тысяч рублёў у дзень, экспертыза — каля 13 тысяч рублёў. А ці можна так хоць штосьці зарабіць, яшчэ невядома, — разважае жанчына. 

Пакуль інспектар уважліва вывучае дакументы, да нас звяртаецца пільная пенсіянерка: «Вы чарамшу правяраеце? Там на выхадзе ёй нейкі мужчына гандлюе».

Пры набліжэнні нашай працэсіі чарамша з яго стала адразу перамяшчаецца ў сумку. Але моцнае хваляванне схаваць у яго не атрымліваецца.

— Дайце мне ваш пашпарт, трэба па базе праверыць, ці не пападаліся вы раней, — мякка патрабуе інспектар.

У базе парушальнікаў чалавека з такімі данымі няма. Тым часам да прылаўка вяртаецца... сапраўдны ўладальнік месца, вось толькі гандлюе ён рознымі гаспадарчымі дробязямі, а свайго прыяцеля Аляксандра зрэдку пускае прадаць ураджай з яго ўласнага агарода.

— Раз такая справа, пакажыце і вы неабходныя для гандлю дакументы, — не забывае пра свае абавязкі падатковы інспектар. — Так, усё ў парадку. А вы, Аляксандр, на першы раз атрымаеце пісьмовае папярэджанне.

— Калі ўстаноўленыя парадкі гандлю парушаюцца другі раз, разборам займаецца раённая адміністрацыя, ва ўсіх наступных выпадках справа пераходзіць у эканамічны суд. Штраф складае ад 10 да 40 базавых велічынь, у залежнасці ад сістэматычнасці правапарушэнняў і атрыманага даходу, — тлумачыць Мікалай Юр'евіч. — Але ўся цяжкасць працы з такімі грамадзянамі ў тым, што яны не хочуць плаціць штрафы. Накопліваюцца велізарныя сумы, а прыцягнуць парушальнікаў да адказнасці вельмі цяжка, бо ў большасці выпадкаў яны належаць да катэгорыі маламаёмасных... Зараз пойдзем лавіць нелегалаў — тых, хто гандлюе неправераным таварам у неўстаноўленым месцы.

«Мы не будзем з бабулямі ваяваць»

Па вуліцы ад станцыі метро да рынку размясціліся каля 20 гандляроў харчовымі таварамі. Гэтая карціна здаецца настолькі звыклай, што без яе ўжо цяжка ўявіць Камароўку. Гандлююць у асноўным пажылыя людзі, прывабіць пакупнікоў спрабуюць сцвярджэннямі аб тым, што ўсё сваё, натуральнае.

— Падатковая інспекцыя. Чаму правілы парушаем? — пытаецца Мікалай Юр'евіч у жанчыны, якая прадае яйкі і чарамшу.

— Траўка не мая, яе бабуля пакінула, — пачынае апраўдвацца жанчына.

— Ды ў нас у Стаўбцоўскім раёне гэтай чарамшы поўны лес. І ў Асіповіцкім таксама. Яе не тое што людзі — нават каровы ядуць. Дык што гэта за законы такія? — падключаецца іншая.

— Спіс раслін, якія знаходзяцца пад аховай закона, вызначаюць вучоныя на аснове сваіх даследаванняў. Чырвоная кніга павінна абнаўляцца кожнае дзесяцігоддзе, апошняя рэдакцыя выйшла ў 2014 годзе — зусім нядаўна. Паверце, проста так чарамша ў гэты спіс бы не трапіла, — тлумачыць нам спецыяліст Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў Марына Мазур. — Дзеянне Чырвонай кнігі распаўсюджваецца на тэрыторыю ўсёй краіны... Мы не маем права выпісваць штрафы на месцах продажу: гэтым займаецца падатковая інспекцыя. Але нашы калегі з абласных камітэтаў рэгулярна праводзяць рэйды ў лясах. Збор чарамшы прыводзіць да накладання штрафу ў памеры ад 20 да 50 базавых велічынь.

Пакуль мы разважаем, вакол збіраецца маленькі натоўп.

— Пачым траўка?

— 5 тысяч — пучок, — без сарамлівасці адказвае гандлярка побач з намі.

За дзве хвіліны яна распрадае ўвесь свой тавар. Яе «калегі» нават не думаюць рухацца з месца.

— Яны ўжо добра ведаюць, што без міліцыі мы іх чапаць не будзем, а ў тых і іншых спраў хапае. Максімум, што я магу зрабіць, — гэта выпісаць штраф. Але вы паглядзіце вакол: тут жа адны бабулі! Мы ж не будзем з імі ваяваць. А калі ў каго сэрца хворае? Быў ужо адзін раз такі выпадак, без хуткай дапамогі не абышліся, — разважае Мікалай Стаскевіч. — Дарэчы пенсіянерам і інвалідам бясплатныя месцы для гандлю выдзелілі на рынках, але ім хочацца стаяць менавіта тут, дзе паток людзей большы. А людзі з суседніх дамоў скардзяцца на неахайны выгляд гэтага імправізаванага кірмашу. Для вырашэння гэтай праблемы патрэбны больш рэзкія меры.

— Пойдзем мы зараз, пойдзем! — пачынаюць наперабой абяцаць прадаўцы. — Можа, вернемся праз паўгадзіны, а можа, і праз месяц. Ці ўжо заўтра з усімі даведкамі на рынку гандляваць будзем, — усміхаючыся падводзіць вынік удачлівая «прадаўшчыца», якая збыла ўсю чарамшу...

Дар'я КАСКО

Загаловак у газеце: «Ураджай» чарамшы і... штрафаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».