У Віцебскай абласной бібліятэцы імя У. І. Леніна адбылося незвычайнае мерапрыемства. У яе сценах адкрылася фотавыстава «Мой хатні гадаванец», адначасова адбылася сустрэча з супрацоўнікамі пакуль адзінага ў краіне дзяржаўнага прытулку для бяздомных жывёл. Наведвальнікі бібліятэкі і мінакі ў дзень адкрыцця выставы таксама маглі ахвяраваць сродкі на дзейнасць прытулку і знайсці сабе хвастатага сябра непасрэдна каля сцен храма кнігі.
— Любоў да жывёл выхоўвае людзей. Пра гэта пісалі і класікі літаратуры, — патлумачыла «Звяздзе» ідэю акцыі кіраўнік установы культуры Таццяна Адамян.
На вернісажы прадстаўлены фотаздымкі, зробленыя бібліятэкарамі і чытачамі. На адкрыцці экспазіцыі цытаваліся выказванні знакамітых пісьменнікаў, філосафаў, палітыкаў пра любоў да братоў нашых меншых. Усё гэта было зроблена невыпадкова, бо віцебскі прытулак для безнаглядных жывёл мае вострую патрэбу ў дапамозе.
— Бюджэтнае фінансаванне цяпер скарочана на 70%. Пры тым, што і раней не хапала сродкаў для нашай нармальнай дзейнасці, — канстатавала Наталля Зубава, начальнік унікальнага прытулку.
У жніўні віцебскаму казённаму дому для жывёл споўніцца пяць гадоў. За гэты час там пралячылі, зрабілі прышчэпкі ад шаленства і стэрылізавалі каля шасці тысяч безнаглядных сабак і катоў. Гэта значна палепшыла санітарна-эпідэміялагічную сітуацыю ў абласным цэнтры. Зараз у прыстанішчы знаходзяцца больш за дзве сотні сабак і катоў. Прытулак дзейнічае на ўскраіне Віцебска на тэрыторыі былых цяпліц пад юрысдыкцыяй арганізацыі, якая займаецца адловам вулічных жывёл — «Спецаўтабазы горада Віцебска».
Наталля Зубава падкрэслівае, што ўсе гады прытулку дапамагаюць нераўнадушныя гараджане. Прыносяць цёплыя рэчы на падсцілкі, макароны, мясныя вырабы, кансервы, крупы, а таксама павадкі і ашыйнікі. Школьнікі на ўроках працы робяць будкі для шчанюкоў.
— Я ўдзячна ўсім за дапамогу. Прадпрыемствам і фірмам таксама... Пішу лісты ў органы ўлады, каб нармалізавалася фінансаванне. Але перапіска падаецца бессэнсоўнай: мае звароты накіроўваюць тым, на каго скарджуся... — эмацыянальна дадае кіраўнік прытулку.
Падрабязную інфармацыю пра тое, чым можна дапамагчы безнаглядным жывёлам, можна прачытаць на афіцыйнай старонцы прытулку ў сацыяльных сетках Вконтакте і Фэйсбук. Гэта не толькі грошы, рэчы і ежа, але і выгул сабак, клопат пра чацвераногіх, распаўсюджванне інфармацыі і проста маральная падтрымка.
У дзень адкрыцця фотавыставы «Мой хатні гадаванец» каля сцен Віцебскай абласной бібліятэкі імя У.І. Леніна было шматлюдна. Людзі пакідалі грошы ў скрынцы для ахвяраванняў, прыносілі пакеты з ежай для жывёл. Сабакі і кошкі чакалі тых, хто іх забярэ... Бібліятэкары ўсталявалі побач перасоўны стэнд з літаратурай пра жывёл. Такім чынам, у гэты дзень мелася магчымасць са сховішча кніг сысці не толькі з кніжкай, але і з новым сябрам. Для гэтага было дастаткова выканаць тры ўмовы: мець пашпарт, павадок і ашыйнік.
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.