Вы тут

Дом — на цешчу, кватэра — на жонку, сам — жабрак


Віктар Альгертавіч з Уздзенскага раёна 7 красавіка мінулага года прачытаў аб'яву ў газеце, што індывідуальны прадпрымальнік з Чэрвеня можа зрабіць лазню. Якасна і ў сціслыя тэрміны. Бакі заключылі дагавор, згодна з якім аб'ект павінен быць здадзены «пад ключ» 12 чэрвеня. Заказчык пералічыў на рахунак прыватніка 45 млн рублёў. Але, як аказалася, той нават і не думаў выконваць свае абавязацельствы. Тэлефонныя званкі ігнараваў, а потым і наогул пачаў пагражаць, што звернецца ў пракуратуру з заявай, што ў яго вымагаюць грошы. Нічога не заставалася чалавеку, як наняць адваката ды звярнуцца ў суд. Суд вынес рашэнне, па якім бізнесмен павінен вярнуць грошы з «працэнтамі» — 72 мільёны рублёў. Ды да гэтага часу рашэнне не выконваецца. З такой скаргай звярнуўся да старшыні Мінаблвыканкама Сямёна Шапіры заяўнік падчас выязнога прыёму грамадзян ва Уздзе.


Мужчына рос без бацькі з двух гадоў, яму не было на каго спадзявацца, акрамя сябе, усё жыццё працаваў не пакладаючы рук. Цяпер ён слесар на рапсавым заводзе, на рабоце па 12 гадзін штодзень, без выхадных, — пасяўная.

Сорак пяць мільёнаў — гэта гадавая зарплата Віктара Альгертавіча. І калі раней ён матэрыяльна падтрымліваў сваю састарэлую маці, якая 37 гадоў адпрацавала даяркай, то цяпер яна прапаноўвае яму частку сваёй невялікай пенсіі: маўляў, вазьмі сынок, табе грошы больш патрэбны... Крыўдна, балюча.

— У судовага выканаўцы на руках вытворчасць па трох відах даўгоў прадпрымальніка: 150 млн рублёў — аліменты, 30 млн рублёў — штраф дзяржаве, а таксама доўг заяўніку, — растлумачыла начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Мінаблвыканкама Аксана Таранда, якая папярэдне выязджала на месца, каб дасканала разабрацца ў сітуацыі. — У яго апісаны тэлевізар, аўтамабіль і дрэваапрацоўчыя станкі. Пасля іх рэалізацыі перш за ўсё выручка пойдзе на аплату аліментаў, штрафу, а ў трэцюю чаргу — на вяртанне доўгу заяўніку.

Але ён можа застацца ні з чым, калі грошай не хопіць. На адным з прыёмаў грамадзян аб аналагічнай сітуацыі расказала жанчына з Клецка. Яна заказала вокны ў прыватнай фірме, але да гэтага часу заказ не выканалі, ёй вярнулі толькі 15 млн рублёў з пералічаных 150.

— Гэта ж махлярства, крымінал, — абурыўся Сямён Шапіра. — Але, як правіла, у такіх людзей, калі тычыцца справы, няма чаго забраць: дом аформлены на цешчу, кватэра — на жонку, а самі яны нібыта наогул жабракі.

— Звяртаўся ў Следчы камітэт, пракуратуру, але там адмовілі ў завядзенні крымінальнай справы. Маўляў, усё вырашым, дапаможам і так, — адзначыў Віктар Альгертавіч.

Яго памылкай было тое, што ён пералічыў махляру ўсе грошы адразу.

— Будзем старацца вам дапамагчы, — паабяцаў кіраўнік цэнтральнага рэгіёна.

Сямён Шапіра даў даручэнне спецыялістам аблвыканкама сабраць падобныя справы. З кіраўнікамі праваахоўнага блока будзе праведзена нарада па гэтых пытаннях.

Усяго ж старшыня Мінаблвыканкама выслухаў 13 чалавек.

Ніна Канстанцінаўна і Наталля Мікалаеўна вельмі хочуць, каб у райцэнтры з'явіўся плавальны басейн.

— Сёлета будзем старацца здаць басейн у Валожыне, які будуецца ўжо пяць гадоў, паколькі ў яго былі ўкладзены бюджэтныя сродкі. Новых адкрываць не збіраемся — сітуацыя не тая. У нас ёсць першачарговыя справы. Напрыклад, у Бараўлянах не хапае 10 садкоў для 3200 дзяцей. Сёлета будуецца школа ў Мядзеле, дзе дзеці вымушаны хадзіць на заняткі за некалькі кіламетраў, — растлумачыў Сямён Шапіра.

Два гады таму дзяржава ўклала вялікія сродкі ў добраўпарадкаванне Узды, сацыяльных аб'ектаў. Толькі новы Цэнтр культуры пацягнуў на 300 млрд рублёў. Горад непазнавальна змяніўся, што адзначаюць як самі жыхары, так і госці.

— Перажывём часовыя цяжкасці, будзем далей будавацца, — паабяцаў кіраўнік вобласці.

lazovskaya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.