Вы тут

Чалавек сабаку сябар?


Трагедыю, якая здарылася на мінулым тыдні ў Баранавіцкім раёне, сёння абмяркоўваюць многія. На цяжарную жанчыну напаў пітбуль яе сужыцеля, у выніку чаго ёй ампутавалі абедзве рукі.

На шматлікіх форумах і інфармацыйных сайтах гэтая сітуацыя падзяліла людзей на два лагеры: хтосьці абвінавачвае сабаку так званай «небяспечнай» пароды, хтосьці гаворыць пра адказнасць за паводзіны жывёлы яе гаспадара.

Якая ж думка бліжэйшая да ісціны і як засцерагчыся ад нападу «сябра чалавека»? Пра гэта «Звязда» спытала інструктара-кінолага Андрэя Шкляева, які больш за 30 гадоў займаецца выхаваннем, дрэсіроўкай сабак і навучаннем іх гаспадароў.


— Андрэй Мікалаевіч, ці існуюць пароды сабак, якіх можна назваць патэнцыйна небяспечнымі?

— Любы сабака можа праяўляць агрэсію, калі яго гэтаму навучыць. І гэта датычыцца не толькі тых сабак, якіх выводзілі для баёў (амерыканскіх стафардшырскіх тэр'ераў і пітбультэр'ераў, стафардшырскіх бультэр'ераў, бультэр'ераў і інш.), а, напрыклад, і службовых (усходнееўрапейскіх аўчарак, нямецкіх аўчарак, ратвейлераў, даберманаў і інш).

Мой знаёмы, які мае ўласную ветэрынарную клініку, аднойчы заняўся падлікам сабачых укусаў і высветліў, што найбольш «куслівымі» з'яўляюцца дробныя сабакі — ёркшырскія тэр'еры, чыхуахуа, кокер-спаніэлі і інш. На іх долю прыпадае каля 80% выпадкаў, а вось на так званых «байцовых» сабак — крыху больш за 3%.

Але ў грамадстве ўсё адмоўнае ўспрымаецца вельмі ярка, і за гэтым людзі не заўважаюць станоўчых прыкладаў. Напрыклад, тыя ж стафардшырскія тэр'еры сёння паспяхова выкарыстоўваюцца ў дзейнасці аднаго з дзіцячых рэабілітацыйных цэнтраў Расіі — яны дапамагаюць хлопчыкам і дзяўчаткам, якія перанеслі псіхалагічныя стрэсы, аперацыі, апёкавыя траўмы.

За ўсю маю шматгадовую дзейнасць у мяне не было агрэсіўных сабак-вучняў так званых «байцовых» парод, значна больш было па-сапраўднаму агрэсіўных і неадэкватных гаспадароў. Таму я ўпэўнены: калі чалавек займаецца выхаваннем і навучаннем свайго сабакі, апошні вырасце адэкватным. А калі яго не даглядаюць, не кормяць і не выхоўваюць, што часта адбываецца ў сацыяльна небяспечных сем'ях, то і здараюцца такія трагедыі. Сёння, на жаль, агрэсіўныя паводзіны сталі сустракацца і сярод такіх апрыёры добрых парод, як лабрадоры, хаскі. І ў кожнай з падобных сітуацый вінаваты не сабака, а яе гаспадар. Сабака ж дзейнічае так, як яму падказвае прырода і як яго навучыў чалавек.

Напрыклад, не так даўно ў Расіі спаніэль сур'ёзна пакалечыў 10-гадовую дзяўчынку — сабаку прыйшлося ўсыпіць. А праз некаторы час пацярпелая прызналася, што, калі сабака спаў, яна паднесла да яго вуха дудку і дзьмухнула ў яе. Такая нечаканасць можа і чалавека справакаваць, не тое што жывёлу. Таму ў кожным выпадку агрэсіўных паводзін сабакі неабходна дасканала вывучыць усе абставіны і не лічыць яго загадзя сацыяльна небяспечным.

— На вашу думку, ці зменшыць колькасць трагедый забарона трымаць сабак, якія патрабуюць асаблівага абыходжання?

— Па-першае, трэба сказаць, что вельмі часта ўладальнікамі такіх буйных і моцных сабак становяцца людзі, якія імкнуцца павысіць свой прэстыж. Але мала хто з іх звяртаюць увагу на тое, што кожная парода сабак мае свае псіхалагічныя асаблівасці, якія нельга не ўлічваць.

І забарона — гэта абсалютна не вырашэнне пытання. Як мы ўсе прывыклі: не падабаецца — забараніць і не пускаць! Паважаныя суграмадзяне, апамятайцеся і падумайце — «паляванне на ведзьмаў» у гісторыі ўжо было. Я лічу, што неабходна больш сур'ёзна падысці да патэнцыйных і цяперашніх гаспадароў такіх сабак. Калі чалавек хоча трымаць, напрыклад, амерыканскага пітбультэр'ера, ён павінен атрымаць даведкі ў наркалагічным і псіханеўралагічным дыспансерах, прайсці кіналагічныя курсы, абавязкова займацца выхаваннем і навучаннем свайго гадаванца, здаваць экзамены, стаць на ўлік у органах унутраных спраў, мець на сабаку ўсе дакументы і пастаянна абследаваць яго ў ветэрынара, які сочыць не толькі за фізічным, але і псіхалагічным станам сабакі, ды і яго гаспадара.

Неабходна таксама прымяняць значныя па памерах штрафныя санкцыі да тых гаспадароў, якія дазваляюць свайму сабаку гуляць без намордніка ці знаходзіцца ў грамадскім месцы без павадка ці ўвогуле без кантролю.

— Існуе погляд, што сабакі не пераносяць пах алкаголю і агрэсіўна рэагуюць на людзей, якія выпілі. Ці так гэта?

— Так, я неаднаразова назіраў такія сітуацыі. Справа ў тым, што для сабакі чалавек — таксама сабака, але «няправільны» з яго пункту гледжання. І любыя неадэкватныя паводзіны чалавека ён успрымае з насцярожанасцю. Алкагольнае ап'яненне, уздзеянне наркатычных сродкаў і нават тытунёвы дым — усё гэта раздражняльнікі для сабакі.

— Як неабходна паводзіць сябе чалавеку, які сутыкнуўся з агрэсіўна настроеным сабакам?

— Калі гэта гаспадар сабакі, лепш у такім выпадку звярнуцца да спецыялістаў-кінолагаў. Яны дапамогуць вызначыць, ці зможа чалавек кантраляваць паводзіны і ўвогуле далей выхоўваць сабаку ці, магчыма, лепш аддаць гадаванца ў іншыя, больш падрыхтаваныя рукі.

Несабакаводам раю максімальна пазбягаць сустрэч з такімі сабакамі. Калі ж гэта немагчыма, неабходна вывучыць асноўныя правілы бяспекі. І першае з іх — пры сустрэчы з сабакам не ўцякаць ад яго.

Калі ў вас ёсць сумка ці іншы прадмет, лепш выставіць іх перад сабой. Добра дапамагае спыніць жывёлу раскрыццё парасона перад сабакам. Як своеасаблівую перашкоду можна выкарыстаць і разгорнутую газету. У якасці сродку самаабароны падыдзе пярцовы балончык.

А калі гаварыць аб праблеме ўвогуле, людзям — сабакаводам і не — неабходна прывіваць элементарную кіналагічную культуру, якая ў многіх краінах з'яўляецца неад'емнай часткай культуры грамадскай. Як выхаваны і сацыяльна адэкватны чалавек не палезе адразу ў бойку, так і сабака, якога правільна выхоўваюць і адпаведна да яго ставяцца, не будзе агрэсіўным да людзей. Гэта чалавек прыручыў сабаку, і менавіта ён адказвае за яго паводзіны і павінен адпавядаць статусу сапраўднага «старэйшага брата».

kolasava@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.