Вы тут

Шукайце яго ў нашых тэатральных афішах


Хоць аперэта Пала Абрахама «Баль у Савое» ніколі не ішла ў беларускім тэатры, для знаёмства нашай публіцы прадстаўлены не самы прымітыўны яе варыянт (усяго іх некалькі). Лібрэта, паводле якога створана пастаноўка, набылі ў тэатра «Маскоўская аперэта». Такім чынам, у Музычным тэатры ёсць магчымасць пазнаёміцца з яркай святочнай пастаноўкай, ды яшчэ і пабываць на кінафестывалі.


Менавіта атмасфера прэстыжнага фестывалю кіно, які нібыта праходзіць недзе на фешэнебельным курорце, створана пастаноўшчыкамі аперэты. Нам прапануюць перанесціся ў час, калі кіно яшчэ было нямое і толькі чакаўся яго пераход да гуку — 20-я гады мінулага стагоддзя. Тады ў кіно прамаўляла якраз музыка. Той час ствараў атмасферу для развіцця творчай свабоды, якая праяўлялася нават у рытмах — здаецца, зусім няправільных, ірваных, як, напрыклад, у джазе. але менавіта яны і зачаравалі.

Аперэта Пала Абрахама «Баль у Савое», створаная ім у той час, якраз ілюструе эпоху — гучыць шмат рознай музыкі. Ён сам быў аўтарам музыкі да першых фільмаў, калі нямое кіно пераходзіла да гуку. Таму ёсць рацыя ў тым, што ў пастаноўцы адной з самых паспяховых аперэт кампазітара «Баль у Савое», якая з'явілася ў афішы Музычнага тэатра Беларусі, абыгрываецца менавіта гэты перыяд.

І яго пачуццёвасць. Галоўныя героі — «зоркі» кіно (паводле нашай версіі) Мадлен Цібо і Арыстыд Дзюбуа сустракаюцца ў гатэлі, куды прыязджаюць як зоркі фестывалю. Але каб пазнаёміцца з прыгажуняй-«зоркай», Арыстыд пераадзяваецца ў служку гатэля. Нават у такім абліччы яна ацаніла яго розум. Мадлен (спявала Наталля Дзяменцьева) з першай сустрэчы закахалася ў Арыстыда (Сяргей Суцько), не ведаючы, хто гэта. Але ў фешэнебельным гатэлі «Савой» было вельмі шмат гасцей. Наогул колькасць герояў у спектаклі значна павялічылася. Зразумела, чаму: абыгрываючы тэму кіно, немагчыма абысці тэму «зорак». У гатэлі збіраецца запрошаная «зорная» публіка: наперадзе раздача прызоў, банкет, канцэрт. Усё пра ўсіх тут ведае хіба што адзін чалавек — Памероль, адміністратар Гранд Гатэля (артыст Дзяніс Нямцоў). З-за яго камзола і ўзнікае непаразуменне паміж прыгажуняй Мадлен і кінарэжысёрам, сцэнарыстам і пісьменнікам Арыстыдам Дзюбуа. У нейкі момант яна заблытваецца, хто ёсць хто.

Кароткая аперэта ператварылася ў даволі працяглы спектакль, дзе ёсць яшчэ стасункі таленавітага джазавага кампазітара-пачаткоўца Дэзі Дарлінгтан (Наталля Глух) і яе таты-мільянера. Настырная дзяўчына ўпарта ідзе да мэты, не зважаючы на інтрыгі таты. І нават знаходзіць сабе прадзюсара Мустафу-бея (Сяргей Спруць). Мусульманін, якому дазволена мець некалькі жонак, задумваецца пра тое, што яму, магчыма, хопіць адной Дэзі. Яна ў спектаклі выконвае ролю інтэрактыўнага персанажа: праз яе пакідае аркестравую яму і выходзіць на сцэну нават дырыжор-пастаноўшчык спектакля Мікалай Макарэвіч. Дзяўчына скарае публіку сваім гарачым выступленнем нават без спадніцы. Свет шоу-бізнесу непрадказальны. Але талент сябе сцвердзіць абавязкова.

У гэта маглі верыць якраз у той час. Кіно было самым яркім доказам таго, што ў свеце ўсё можа быць магчыма — калі за справу бяруцца таленавітыя людзі. Рэжысёр пастаноўкі Ала Маторная прыцягвае імёны са свету кіно, на якія можа купіцца глядач: Феліні не здымаў у той час, але, можа быць, гэта не той, а іншы рэжысёр, проста мы не ведаем. Людзі з камерамі, мітусня, чырвоныя дарожкі... Атмасфера свята, за якім мы назіраем нібыта з-за заслоны (ці з-за экрана?) Кіно патрэбна як вобраз прыгожага і прывабнага жыцця. Але ў ім дастаткова сваіх драм, узлётаў, падзенняў і нават разарэнняў. Ці даруе Мадлен Арыстыду? Ці пазбегне ганьбы і самазабойства прадзюсар, які збяднеў? Ці атрымае галоўную ўзнагароду былая каханка Арыстыда?

Шмат прыгожых і пазнавальных мелодый у розных стылях (чым аперэта «Баль у Савое» і вылучалася ў свой час). Як і належыць прэстыжнаму кінафестывалю, тут ёсць і ганаровыя госці: народная артыстка Беларусі Наталля Гайда выйшла на сцэну як спявачка Вуазье. Невядома, каму наша публіка радавалася больш...

Шыкоўныя сукенкі, яркія строі, прыгожыя музычныя нумары. Усё, як у кіно. Нават нямое, яно гаворыць само за сябе.

tsimoshyk@zviazda.by

Загаловак у газеце: Як у кіно. Не нямым, а музычным

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».