Вы тут

З гонарам расказаць аб продках


можна ў новым праекце Выдавецкага дома «Звязда» і часопіса «Роднае слова».

У аматараў даследаваць сваё мінулае цяпер з'явіўся новы стымул для працы і творчасці. Часопіс «Роднае слова» разам з Выдавецкім домам «Звязда» ладзяць конкурс пад назвай «Памяць роду: мінулае вачыма сучаснікаў». Усё, што вы ведаеце пра выдатных сваякоў і зямлю, на якой жывяце, а таксама тое, што хацелася высветліць, але неставала часу, цяпер можна прывесці да лагічнага завяршэння і даслаць на конкурс. А ў хуткім часе, верагодна, убачыць гэта на старонках выданняў. Пра тое, чым адметны новы праект, карэспандэнт «Звязды» пагутарыла з галоўным рэдактарам часопіса «Роднае слова» Зояй ПАДЛІПСКАЙ.


Зоя Іванаўна адзначае, што часопіс ужо многія гады плённа супрацоўнічае з настаўнікамі і навучэнскай моладдзю краіны. Сумесна з Саюзам пісьменнікаў Беларусі раз на два гады праводзяцца рэспубліканскія конкурсы навукова-даследчых і творчых работ вучняў. Напрыклад, у 2014 годзе такі конкурс быў прымеркаваны да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Найлепшыя матэрыялы былі апублікаваныя. А вынікі падводзіліся ў Доме літаратара: моладзь змагла на свае вочы ўбачыць кузню слоўнага майстэрства, адчуць адметнасць пісьменніцкай атмасферы, што само па сабе заахвочвае да працы ў выбраным кірунку. А праз гэта станоўча ўплывае на развіццё творчых і даследчых здольнасцяў.

Сёлета аўдыторыя магчымых удзельнікаў конкурсу больш шырокая. Паколькі тэма вывучэння радаводу і свайго краю надзвычай цікавая для многіх, было вырашана не абмяжоўваць колькасць удзельнікаў і пашырыць абсягі даследавання. На гэты раз свае напрацоўкі могуць дасылаць не толькі вучні ІX—XІ класаў, навучэнцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, студэнты ВНУ, але і педагогі, іншыя зацікаўленыя людзі — абсалютна ўсе ахвотныя. Найлепшыя работы будуць змешчаны на старонках часопіса «Роднае слова» і ў газеце «Звязда» ці на сайтах выданняў.

Зоя Падліпская звяртае ўвагу, што конкурс праводзіцца па трох тэматычных кірунках: «Гісторыя ўласнага роду, сям'і», «Мае гераічныя продкі», «З гісторыі родных мясцін». Матэрыялы прымаюцца да 20 кастрычніка, а вынікі будуць падведзены 1 лістапада 2016 года. Пераможцаў чакаюць дыпломы, памятныя падарункі.

Той, хто яшчэ не паспеў азнаёміцца з Палажэннем аб конкурсе, можа ўбачыць яго на сайтах часопіса «Роднае слова» і Выдавецкага дома «Звязда». Таксама яно друкавалася ў 2-м нумары «Роднага слова» за 2016 год. На сайце yasynvach.by змешчаны прыкладны ўзор конкурснай работы.

Галоўны рэдактар прыемна ўражана тым, што ўжо цяпер, на першым этапе правядзення конкурсу, свае напрацоўкі даслалі прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў Беларусі, а гэта сведчыць пра вялікую цікавасць да тэмы. Прапанаваны надзвычай адметныя работы. «Вучні даследуюць раён, горад, некаторыя правялі вывучэнне гісторыі сваёй мясцовасці на матэрыяле раённай газеты, — адзначае Зоя Падліпская. — Іншыя дасылаюць легенды роднага краю, якія запісалі ад мясцовых жыхароў падчас правядзення экспедыцый. Многіх удзельнікаў зацікавіў кірунак «Мае гераічныя продкі», дзе даследчыкі з гонарам расказваюць пра сваіх прадзедаў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны». Асноўныя крыніцы даследавання — гэта расповеды блізкіх, запісы, зробленыя ў розны час роднымі, сямейныя фотаздымкі, баявыя ўзнагароды, дадатковыя матэрыялы па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, інтэрнэт-рэсурсы, архіўныя матэрыялы і іншае.

Зоя Іванаўна прыгадала адну з работ, дзе расказваецца, як дзякуючы пошукава-даследчай працы, што праводзіцца ў школе, і зацікаўленасці нашчадкаў, удалося высветліць важны факт сямейнай біяграфіі. Прадзед аднаго з удзельнікаў конкурсу, Цімафей Анісімавіч Волкаў, які падчас Вялікай Айчыннай вайны служыў у 525-м штурмавым авіяпалку і, як лічылася раней, прапаў без вестак у 1944 годзе, насамрэч пахаваны ў Славакіі. Удалося нават адшукаць яго магілу. Такія адкрыцці не могуць не ўсцешваць. «Наперадзе лета, у вучняў з'явіцца больш часу для адпачынку, а таксама для дапрацоўкі ўласных даследаванняў і творчых работ, — адзначае галоўны рэдактар. — Асноўная колькасць работ, думаецца, прыйдзе да нас у канцы жніўня. Некаторыя настаўнікі і вучні не могуць дачакацца, каб хутчэй надышло лета і можна было выправіцца ў экспедыцыю, адшукаць падчас вандровак патрэбныя і цікавыя звесткі».

Варта адзначыць, што сёлетняя тэма конкурсу абрана невыпадкова. Яшчэ з 2010 года рэдакцыя «Роднага слова» рэалізуе праект па выданні кніг «Я — сын Ваш» пра старажытныя роды — серыю «Летапіс беларускай шляхты» вядомага пісьменніка і даследчыка Анатоля Статкевіча-Чабаганава. Ужо выдадзены кнігі пра дваранскія роды Статкевічаў, Сацкевічаў-Статкевічаў, Карафа-Корбутаў, Некрашэвічаў, Татураў, Кернажыцкіх, Сеўрукаў, Маствіловічаў, Сыцько, Арцішэўскіх, Ждановічаў-Гурыновічаў, Забэлаў і іншых. Першапачаткова многія матэрыялы з гэтых кніг прайшлі апрабацыю на старонках часопіса «Роднае слова» пад рубрыкай «Вяртанне да вытокаў» у раздзеле «Нацыянальная і сусветная культура». Кнігі былі распаўсюджаны ў бібліятэкі розных краін свету. За гэту серыю аўтар быў узнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2012 года.

«Нашы чытачы і аўтары ўжо некалькі гадоў скіраваны на правядзенне ўласнага даследавання свайго роду, — гаворыць Зоя Падліпская. — Таму тыя, з кім мы найбольш шчыльна працуем, вельмі ўзрадаваліся, што іх пошукам можна даць выхад на вялікую аўдыторыю». Зоя Іванаўна прыгадала вельмі блізкія яе душы словы народнага паэта Ніла Гілевіча з рамана ў вершах «Родныя дзеці»:

Мы — тройчы дзеці ў вечным крузе:

Мы — дзеці роднае сям'і

І — дзеці Маці-Беларусі

І — дзеці Матухны-Зямлі.

Трайны ён, круг, ды недзялімы:

Бо сёння — як ні паглядзім —

А лёс Дзяцей, і лёс Радзімы,

І лёс Планеты — лёс адзін.

«Гэты раман напісаны ў 1985 годзе, прайшло ўжо тры дзесяцігоддзі, а твор актуальны і сёння і такім застанецца яшчэ сотні гадоў, бо ён пра вечныя каштоўнасці на зямлі, — лічыць Зоя Падліпская. — Вельмі важна, каб кожны з нас разумеў, што самае галоўнае ў жыцці — гэта ўласная сям'я, свой род. Каб паважліва ставіўся да сваіх бацькоў, дзядуляў і бабуль, шанаваў памяць пра сваіх продкаў, любіў тую мясціну, дзе нарадзіўся, зрабіў першыя крокі. І разам з тым таксама ўсведамляў сябе часцінкай роднай краіны і ўвогуле нашай планеты».

— Конкурсам «Памяць роду: мінулае вачыма сучаснікаў» мы імкнёмся выхоўваць чалавечнасць, грамадзянскую адказнасць, нацыянальную самасвядомасць і, натуральна, павышаем цікавасць да гісторыі і сучаснасці Айчыны, вяртаем юныя сэрцы да іх каранёў і вытокаў, — адзначае галоўны рэдактар. — Бо, гаворачы словамі Ніла Сымонавіча з той жа паэмы, «так не можна, род звядзецца, калі магіл не шанаваць». Нам вельмі важна, каб і пасля правядзення конкурсу навучэнцы не пакідалі цікавіцца гісторыяй уласнай сям'і, імкнуліся больш даведацца пра родных людзей, ведалі і клапаціліся пра месцы апошняга спачыну сваіх продкаў, ганарыліся іх гераічным мінулым. Натхняючы нашых маладых людзей вывучаць свой род, знаходзіць і сістэматызаваць звесткі пра родзічаў, мы бачым, як яны пачынаюць больш разумець, адкуль паходзяць, а праз гэта — шанаваць мінулае, клапаціцца пра сучаснае і дбаць пра будучыню.

Нагадаем, што свае навукова-даследчыя і творчыя работы з пазнакай «На конкурс» вы можаце дасылаць на адрас рэдакцыі часопіса «Роднае слова»: пр-т Пераможцаў, 47, к.1, пад'езд 2, 220035, г. Мінск.

nina@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».