Вы тут

Сцюардэса па імені Ганна


Многія з нас хоць раз у жыцці, але ж падымаліся ў неба на самалёце. А калі не, то з кінафільмаў ведаюць, што пасажыраў там абслугоўваюць сцюардэсы. Найчасцей — маладыя, найчасцей — прыгожыя, разумныя, прыязныя дзяўчаты, якія з маленства марылі аб гэтай прафесіі. Ды і як, скажыце, не марыць, калі яна дазваляе падымацца ў неба, сустракацца з самымі рознымі людзьмі, «па сумяшчальніцтве» з працай бачыць новыя гарады, краіны, насіць блакітную элегантную форму...


Праўда, шчасціць на гэта далёка не ўсім, бо, каб стаць сцюардэсай, патрэбна многае і ці не ў першую чаргу — добрае здароўе і прывабная знешнасць: што ні кажы, а ў неба адбіраюць прыгожых дзяўчат, кожную хоць на подыум!..

Аднак бачыць сцюардэс даводзіцца не толькі там ды ў нябёсах — і на зямлі таксама.

...Прыдбаўшы некалі ўчастак для будаўніцтва дачы, я ледзь не скакала ад шчасця! Нічога не баялася: ні цяжкай працы, ні таго, што з аўтобуса далекавата ісці (і не ўлегцы)... Мы хадзілі — шэсць кіламетраў дык шэсць.

А потым, калі прадоўжылі маршрут аўтобуса, дык і наогул толькі тры засталося. Зноў нам радасць была! А ўжо ж ўражанняў...

Рэч у тым, што кандуктаркай у нашым аўтобусе працавала вельмі мілавідная дзяўчына Ганна. Рост у яе быў мадэльны — недзе пад метр восемдзесят. А вось ушыркі... Удвух за талію дакладна не абхопіш!.. Як яна з такімі габарытамі збірала плату за праезд, трэба было бачыць: акуратна, бачком, праціскалася між сядзенняў, віртуозна «лавіравала» паміж пасажырамі.

...У той дзень нас было няшмат: пару так званых дачнікаў, лічаныя вяскоўцы ды гурт нейкіх незнаёмых хлопцаў. Уваліўшыся ў салон, яны, як і варта было чакаць, адразу ж пакіравалі на заднюю пляцоўку, размясціліся там, зашумелі...

Аўтобус жа пакуль стаяў: усе разам, на канцавым прыпынку, мы чакалі свой «экіпаж».

У прызначаны час ён з'явіўся: кіроўца аўтобуса сеў у кабіну, кандуктарка — не без цяжкасці — паднялася ў салон. І тут жа насустрач ёй з задняй пляцоўкі паляцела кароткае:

— Ого! Наша сцюардэса?!

Не ведаю, як у іншых, у мяне было ўражанне, што ўвесь аўтобус затросся ад смеху. Менавіта, затросся, бо смяяцца ўголас пасажырам не выпадала — нельга ж бянтэжыць дзяўчыну. А таму ўсе (нават хлопцы-малойцы!) смяяліся ціха, кожны сам сабе: хто адвярнуўшыся ў акно, хто на твар насунуўшы шапку, хто ўткнуўшы галаву ў калені... Ад чаго аўтобус, здавалася, ажно пух ад смеху, каб потым, можа, не вытрымаць і ўзарвацца, выбухнуць, разляцецца на друз...

Як сябе павяла кандуктарка?

Можна сказаць, ніяк: яна быццам не зразумела з'едлівага намёку, быццам не заўважыла агульнага смеху — звыкла, бачком, стала праціскацца ад сядзення да сядзення, браць грошы за праезд, адрываць квіткі. І ўсім сваім відам нібы гаварыць: «Смейцеся... Смейцеся!.. Абы не плакалі... А я і сапраўды крыху сцюардэса. Няхай не ў самалёце, але ж і ў аўтобусе без нас ніяк»...

Потым мне яшчэ не раз даводзілася ездзіць з гэтай дзяўчынай, успамінаць яе выпадковую мянушку і ўсміхацца.

Ды што там — устрымацца ад усмешкі я не магу нават цяпер, праз гады.

Раіса Васільева,

г. Гомель.


Іграй, музыкант...

Мы, беларусы, народ спакойны, памяркоўны, але ж кемлівасці нам таксама не займаць...

Мая сваячка Ірына змалку добра малявала, шыла, вязала, рэзала і выпальвала па дрэве, а яшчэ — спявала... Спявала так, што чуваць было ў праўленні калгаса!

З цягам часу, аднак, іх калгас узбуйніўся — ператварыўся ў адкрытае акцыянернае таварыства, вёска — у аграгарадок, а дзяўчынка — у прыгожую маладзіцу, якая, атрымаўшы дыплом культработніка, заняла пасаду дырэктара Дома культуры.

І пацягнуўся туды народ: дзіцячыя гурткі, ансамблі, святочныя мерапрыемствы, выязныя канцэрты — толькі працуй! Ды чакай, як заведзена, то нейкіх праверак, то высокіх гасцей.

...На адкрыццё новага жывёлагадоўчага комплексу, акрамя чыноўнікаў з раёна і вобласці, меўся прыехаць і адзін начальнік з міністэрства, з самога Мінска. Дужа строгі ён, як данесла папярэдняя «разведка», прынцыповы, што, вядома ж, добра, а што дрэнна — вельмі запальчывы, у гарачай вадзе пакупаны. Як такога прымаць, як падступіцца?

У гаспадарцы загадзя ламалі галовы, загадзя наводзілі марафет, рыхтавалі «аб'екты для агляду», лічбы, прамовы, хлеб-соль... Дужа хацелі (і трэба было!) нечым уразіць госця, прыемна здзівіць, можа, нават задобрыць, бо менавіта ад яго, таго высокага начальніка, залежалі перспектывы — далейшае фінансаванне аб'ектаў...

Напэўна, таму ў «праграму візіту» ўключылі не толькі будоўлю, але і наведванне Дома культуры, выстаўкі народных промыслаў. Госці там падзівіліся на прыгожыя вырабы з саломкі, на тканыя посцілкі, на вышыванкі-выцінанкі... Як і варта было чакаць, затрымаліся ля драўляных скульптур. Той высокі сталічны госць доўга разглядаў вясёлага мядзведзя з бочачкай мёду, потым — вешалку для паліто ў выглядзе галавы аленя, урэшце — лупавокую саву... Веры не даваў, што ўсё гэта зрабіла жанчына, дырэктарка Дома культуры.

— Прапануй, падары што-небудзь, — з усіх бакоў шапталі, намякалі, падказвалі Ірыне.

А яна б і рада... Толькі што? Мядзведзь у якасці сувеніра і зацяжкі, і завялікі, вешалка — з раскідзістымі рагамі (яшчэ пакрыўдзіцца, няправільна зразумее)...

— Калі ласка, — урэшце сказала майстрыха, — прыміце ў падарунак вось гэтую птушку. Совы ж — сімвал мудрасці, розуму...

— Вы хочаце сказаць, што мне іх бракуе?! — насцярожана кінуў госць.

Ірынін начальнік, не дачакаўшыся адказу, спешна паклаў пад язык таблетку валідолу і, пакідаючы выставу, ціха сказаў: «Усё, гэта канец».

А яна між тым не разгубілася:

— Бракуе не бракуе, — сказала таму начальніку, — але ж на вашай пасадзе без іх — аніяк! Так што лішнімі — ніколі не будуць.

— Гм... А вы праўду кажаце, — згадзіўся раптам госць, прыняў ад майстрыхі саву і, здаецца, першы раз усміхнуўся...

...Добра ўсё, што добра канчаецца: гаспадарка атрымала такі патрэбны крэдыт на будаўніцтва чарговага аб'екта, Ірына засталася працаваць у Доме культуры. Таму песні адтуль, як казала Фрося Бурлакова, па-ранейшаму чуваць — ажно ў праўленні...

Таццяна Раманава,

г. Наваполацк.


Каб ведаў, што павалішся...

На пачатку 60-х гадоў у нашай вёсцы з'явіўся сапраўдны прыгажун — марак: высокі, стройны, увесь напрасаваны і начышчаны, клёш па зямлі, стужкі ад бесказыркі па ветры... Ідзе нібы піша!

А тут — як на ліха — свіння... Галоўнае, расцягнулася на ўсю лужыну, на ўсю вуліцу. Галаву і хвост адкінула — замінае чалавеку прайсці. Марак ёй грозна: «Аюсь адсюль!». Тая — хоць бы хны, вока і таго не расплюшчыла!

Ён тады нагою... У кумпяк...

Вось тут — мы на свае вочы бачылі — свіння ўжо падхапілася і ходу...

Праўда, недалёка зусім.

Рэч у тым, што нашу вёску фашысты спалілі датла. Добра, што вяскоўцы засталіся — хто з бежанцаў, хто з партызанаў, хто з фронту — на папялішчы сталі вяртацца. А жыць дзе?

Спачатку ўсе пагалоўна ў зямлянках туліліся — хто два гады, а хто і больш. Толькі потым сякія-такія хаткі паставілі. А да хлявоў яшчэ рукі не дайшлі. Усю скаціну — у каго якая была — на дварэ ў асноўным трымалі. Свінні, напрыклад, у дзядоўніку жылі, на месцы былых зямлянак. Тая, што мараку «дарогу перайшла», для купання яму аблюбавала якраз пад нашымі вокнамі, насупраць хаты...

А значыць, нам першым трэба было ўбачыць і «знаёмства» прыезджага са свіннёй, і ўсё астатняе.

Прынамсі, назаўтра, калі марак (ён жа, як высветлілася, наш новы настаўнік фізкультуры) з тым жа форсам (клёш па зямлі, стужкі па ветры) шыбаваў па вуліцы ля лужыны наперарэз яму яшчэ раз выскачыла... свіння.

Для пешахода гэта было настолькі нечаканым, што ён, не ўтрымаўшыся на нагах, бразнуўся вобзем.

Праўда, уміг падскочыў, азірнуўся (ці не ўбачыў хто?) і толькі потым, абтросшыся, пайшоў у школу — ужо, вядома ж, без настрою...

Затое ў нас, малых, ён быў проста цудоўны! Мы расказвалі і паказвалі адно аднаму, як марак ішоў, як свіння пабегла, як ён паваліўся... Цырк, карацей, ды і годзе!..

У надзеі ўбачыць яго яшчэ раз назаўтра мы зноў прыляпіліся насамі да шыб і сталі чакаць: а раптам?

Спачатку на вуліцы было пуста. Потым на «гарызонце» з'явілася фігура настаўніка, прычым ужо іншая. Ва ўсякім разе той форс як карова языком злізала: марак ступаў паволі, з насцярогай, уважліва глядзеў па баках...

Але ж вось ён дайшоў да лужыны, паспяхова абмінуў яе, і, відаць, мяркуючы, што ўсё, «пранесла», дазволіў сабе расслабіцца і зноў задраць галаву... А свіння — тут як тут: бух яму ў ногі!

Мы, дзеці, аж пападалі з лаўкі ад рогату!

Марак, відаць, пачуў яго, бо, падняўшыся і зноў абтросшы гразь, зайшоў да нас у хату, каб... насварыцца.

— А на каго, чалавеча? — спытала ў настаўніка мама. — Гэта ж свіння — яе нельга падвучыць, яна сама ўсё... Вы, можа, і самі крыху вінаваты: не трэба было чапаць...

Трэба, не трэба... Каб ведаў, што павалішся, то свінню і сапраўды не чапаў бы. А так...

Пра гэту ціхую вайну хутка загаварыла ўся школа, а потым і акруга. З марака сталі насміхацца — асабліва дзеці. І ўрэшце ён не вытрываў: некуды з'ехаў. Шчыра кажучы, шкада, бо вельмі ж прыгожы быў хлопец! Можа, ажаніўся б з кім? Можа, прыжыўся б? Не лёс.

Л.М. Чыгрынава,

г. Мінск

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Як галасавалі рэгіёны на выбарах Прэзідэнта

Як галасавалі рэгіёны на выбарах Прэзідэнта

Расказваюць нашы карэспандэнты.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Палітыка

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

Сёлетнія выбары кіраўніка дзяржавы — шостыя па ліку.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.