Вы тут

Зборная Беларусі зноў прапусціла шэсць шайб і прайграла ЗША


Другі дзень чэмпіянату свету стаў захапляльным яшчэ да выхаду беларусаў на лёд. Упартая барацьба ў паядынку французаў з немцамі ў Піцеры (у серыі булітаў поспеху дабіліся хакеісты Францыі) і сенсацыйная перамога зборнай Казахстана над камандай Швейцарыі ў Маскве. Чэмпіянат свету набірае абароты і, здаецца, рыхтуе першыя сюрпрызы.


Другім іспытам на турніры для хакеістаў нашай каманды стала сустрэча са зборнай ЗША. За гадзіну да паядынку фан-зона каля «Юбілейнага» шумела, здаецца, беларусы ўжо асвоіліся ў горадзе на Няве і адчуваюць сябе як дома. Нашы суайчыннікі дружна падпявалі артыстам, што выступалі на сцэне каля дварца, а ў перапынках паміж музыкай абмяркоўвалі маючую адбыцца сустрэчу, успаміналі мінулы год, суправаджаючы ўсё гэта крыкамі «Беларусь!» Адна трэць нашых заўзятараў - цудоўныя дамы, у хакеі такое ўжо не здзіўляе. Забіраем з натоўпу эфектную бландынку Вікторыю, каб даведацца яе меркаванне аб юбілейным чэмпіянаце свету.

- На такім турніры я ўпершыню, калі не лічыць чэмпіянат, які прайшоў у нас у Мінску. Прыехала сюды са сваёй сяброўкай, каб пахварэць за нашых. Піцер - прыгожы і вельмі цікавы горад, з адкрытымі, прыязнымі людзьмі. Але калі параўнаць чэмпіянат свету ў Беларусі і тут, то наш мне спадабаўся больш, ён быў больш эмацыйным, яркім, маляўнічым. Хочацца верыць, што гэты турнір яшчэ ўпрыгожаць нашы хакеісты, сваімі перамогамі. Нягледзячы ні на што, мы працягваем у гэта верыць, - кажа Вікторыя.

Пазітыўны настрой чытаўся на многіх тварах беларускіх заўзятараў, бо ўсе мы памятаем леташнюю перамогу над амерыканцамі. Аднак, на тое, што матч будзе лёгкім, здаецца, ніхто і не разлічваў.

ЗША і Беларусь няўдала стартавалі на чэмпіянаце свету, саступіўшы першыя матчы з розніцай у чатыры шайбы. Паміж сабой каманды сустракаліся 8 разоў, нашы перамаглі толькі аднойчы, на чэмпіянаце 2015 года ў Празе (5:2). Сапернік больш чым сур'ёзны, зборная ЗША - пераможца Алімпійскіх гульняў і чэмпіянатаў свету, неаднаразовы прызёр самых прэстыжных турніраў.

На гэты раз месца ў варотах заняў Кевін Лаланд, у астатнім беларускі склад зменаў не панёс. Сустрэча з самага пачатку праходзіла пад дыктоўку амерыканцаў: шайбы Вуда, Уайдмана і Ларкіна дазволілі ЗША камфортна весці - 3:0 ужо на 23-й хвіліне сустрэчы. Гол Джэфа Плата падарыў было нам надзею, але Ханіфін і Мэцьюс хутка зрабілі лік 5:1. Здавалася б, шанцаў на вяртання ў гульню ўжо няма, але падапечныя Дэйва Льюіса не склалі рукі. Шайбы Андрэя Стася і Дзмітрыя Корабава скарацілі розніцу ў ліку да двух галоў і пакінулі шанцы на выратаванне. Аднак другая шайба Мэцьюса ўстанавіла канчатковы лік - 6:3.

Здаецца гэта не моцна сапсавала настрой беларускім фаната. У «Юбілейным» у той дзень іх было абсалютная большасць. Яны пускалі хвалю, уздымалі стадыён на ногі і сыходзілі з арэны з надзеяй. Заўтра нашы згуляюць з Канадай.


Раман Дзюкаў, абаронца зборнай Беларусі:

- Усе матчы вельмі цяжкія, усе гуляюць толькі на перамогу, таму што прыехалі выступаць за сваю краіну. Калі казаць канкрэтна пра матч з амерыканцамі, то тут у нас было больш шанцаў зачапіцца за ачкі, чым у гульні супраць фінаў. Хакеісты Суомі вельмі хуткія і тэхнічныя, амерыканцы таксама хуткія, але ў іх горшая гульня ў пас, таму з імі мы маглі б выйграць, калі б злавілі момант у пачатку 3-га перыяду. Ключавы момант у матчы быў, калі мы забілі трэцюю шайбу, але непатрэбны шосты гол амерыканцаў прывёў да такога выніку.

Заўтра ў нас матч з Канадай, мы будзем біцца. Хочацца перамагаць, хочацца паказваць свой лепшы хакей, таму мы вельмі стараемся. Сістэма працуе, калі гуляць па ёй, то ўсё будзе добра. Гэта гаворыцца на кожнай трэніроўкі, але ўсе жывыя людзі, часам нешта не атрымліваецца.


Алег Евенка, абаронца зборнай Беларусі:

- Зараз нам не хапае стабільнасці, адказнасці і дысцыплінаванасці. Не толькі ў плане выдаленняў, але пры выкананні гульнявога задання. Зразумела, што гэта лёгка на словах, а ў барацьбе з топавымі зборнымі вельмі цяжка. Значыць, трэба праз сілу, сціснуўшы зубы.


Дэйв Льюіс, галоўны трэнер зборнай Беларусі:

- Сапернікі прадэманстравалі сёння гарачую і моцную гульню, асабліва калі ЗША гулялі ў большасці. Маладыя хлопцы паказалі добрыя хуткасці. Гэта тое, што робіць каманду моцнай. Стрымліванне нашай стартавай тройкі Калюжнага было адным з галоўных заданняў амерыканцаў і яны з ім справіліся. Нават у моманты, калі ініцыятыва была ў нас, Аляксей з партнёрамі амаль нічога не маглі зрабіць. Вы спытаеце, якая тройка найбольш паспяховая? Не змагу адказаць.

Хацелася б сказаць некалькі слоў пра заўзятараў, падзякаваць ім за падтрымку. Яны сапраўды хварэюць за нас вельмі горача. Але гэта спорт. Цяжка ўявіць больш складаных сапернікаў, чым тыя, з кім мы гуляем на старце чэмпіянату.

Санкт-Пецярбург, Расія

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.