Вы тут

Юр’е ў Лутках


На праваслаўнага Георгія Пераможцу, які прыпадае на шостага мая, ў вёсцы Луткі, на самым памежжы Брэсцкай і Гомельскай абласцей, праводзіцца земляробчы абрад, які на Палессі называюць юраўскім. Луткоўскія жыхары на палескі манер кажуць: “пойдам карагод вадзіць”. З незапамятных часоў і да сучаснасці юр’еўcкі карагод застаецца асноўным вясновым святам селяніна-палешука. Не шмат яшчэ дзе захаваўся гэты аграрны абрад у старажытным выглядзе, як у Лутках. Праводзяць яго звычайныя вяскоўкі, душы якіх па-ранейшаму наталяюцца чыстымі крыніцамі прыгожых вераванняў, звычаяў і традыцый.


У гэтым кутку на беразе Сцвігі з глыбокай даўніны святы Юры ўшаноўваецца, як апякун свойскай жывёлы. Гэты дзень ў календары земляроба асаблівы: на Юр’я першы раз выганялі жывёл у поле. Па народным павер’і гэты паганскі Бог адмыкае зямлю і акрапляе траву расой. Селянін прасіў у добрага Юр’і спрыяння ў земляробчых справах, давяраў яму свае спадзяванні на добры ўраджай. Адным з эмелентаў гэтага звароту і праводзіўся абыходны юраўскі карагод.

Быў час, калі жыццёвыя абставіны не дазвалялі адкрыта праводзіць у Лутках цырымонію нашэння “карагода” – каравая з леташняга жыта. Але гэты час мінуў і старажытная традыцыя зноў вярнулаася ў сваё адвечнае ўлонне. Сёлета, у чарговы раз, нястомныя працаўніцы наладзілі вясковае свята. Вось як гэта было.

Пасля набажэнства ў гонар Георгія Пераможцы на ганку новай Луткоўскай царквы вясковыя жанчыны ўпрыгожваюць пшанічны хлеб у выглядзе каравая, які выпекла ў гэты дзень пенсіянерка Кацярына Лесько. З самай раніцы яна расчыніла цеста, напаліла печку. Пад малітву, якой навучыла яе маці, паставіла пірог выпякацца.

“Карагод” –  так спрадвеку называюць каравай альбо пірог, якога носяць на Юр’е, -- сімвал плоднасці і роду, галоўны атрыбут абрада. Жанчыны загадзя захапілі с сабою галінкі грушы, яблыні, на якіх красуюецца квецень, каб упрыгожыць падрумянены і пышны каравай. “Карагод” абвязваюць чырвонай хусткай. А яшчэ незаменны элемент абрада -- граблі з фартушкамі зялёнага і чырвонага колеру. Удзельніцы завязваюць фартушкі, падымаюць незвычайную “харугву” над галавамі, каб здалёку было відаць гэтае незвычайнае “войска”. Яны выпраўляюцца ў традыцыйны абыход. Тут і  Ганна Дарошка, Ева і Ніна Сцемпкоўскія, Ганна і Ларыса Лесько, Аляксандра Клімовіч. Жанчыны спачатку спяваюць пасхальную песню “Прасвецімся, людцы, пасха Господня!”. Да групы далучаюцца і мужчыны -- 69-гадовы Уладзімір Лесько, якому давараюць несці “карагод” і яго аднагодка Іван Клімовіч, які нясе харугву з фартушкамі. Наперадзе гурта --  ікона. А як жа без яе?!. “Без Бога ні да парога”, -- кажуць у Лутках. “Хрыста Спасіцеля” давяраюць несці адной з самых паважаных у вёсцы жанчын -- Марыі Кулік. Спачатку урачыстая працэсія накіроўваецца да поля, на якім добра ўзышло маладое жыта. На краю поля незвычайных валачобнікаў сустракае пратарыей Уладзімір Каляда. Святар благаслаўляе іх на добрую справу, акрапляе свянцонай вадою і поле, і саміх ўдзельнікаў. Пасля благаслаўлення жанчыны бяруцца за рукі і водзяць карагод, пяюць песню:

“Вяду, вяду карагод,

Сам  Бог напярод!

Дзе карагод ходзіць,

Там жыта родзіць,

А дзе не бувае,

Там жыто ўлягае!..”

Скончыўшы карагодны  рытуал, удзельнікі накіроўваюцца ў вёску. Там іх ужо чакаюць аднавяскоўцы і суседзі. “Карагод” спыняецца, каля кожнага двара, запрашае гаспадароў у кола, для іх спяваецца песня-падажанне:

“...Зарадзі Божа, жыто,

На новае лета,

На жыта і пшаніцу,

І на ўсяку пашніцу...”

Такім вось чынам “карагод” благаслаўляе гаспадароў на добрае здароўе, дабрабыт, на плён на уражайнай ніве. А за такую павагу луткоўцы па-традыцыі дзякуюць гурта яечкамі і грашыма.

-- Гэтую ахвяру мы збіраем на патрэбы царквы, -- кажа Марыя Адамаўна Кулік. – А яечкі будзем даваць адзінокім і старым.

Удзельніцы абрада прыгадалі, што за грошы, атрыманыя і ў час ранейшых юраўскіх карагодаў і іншых святаў, вяскоўцы пабудавалі і сваю царкву. З таго часу абрад не толькі адрадзіўся, але і надоўга пасяліўся ў Лутках.

Фота аўтара

Столінскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.