Вы тут

Сёння ў Расіі наступае экватар папярэдняй стадыі ЧС па хакеі


Сёння ў Расіі наступае экватар папярэдняй стадыі васьмідзясятага, юбілейнага, чэмпіянату свету па хакеі. У групах ужо паспелі вызначыцца фаварыты і аўтсайдары. Першыя радкі ў нашай васьмёрцы занялі зборныя Канады і Фінляндыі, а вось у групе А, якая выступае ў Маскве, лідзіруюць чэхі, якія паказваюць на чэмпіянаце проста цудоўную гульню, гаспадары размясціліся на другім радку. Што да беларусаў, то яны ў першых трох гульнях з лідарамі не змаглі набраць ачкоў і таму пакуль знаходзяцца на апошнім месцы ў групе.


Фота: iihfworlds2016.com

Гэта наш горшы старт на чэмпіянатах свету з 2007 года. Нагадаем, першыя тры матчы нашы суайчыннікі гулялі з фінамі, амерыканцам і канадцамі — лідарамі сусветнага хакея. Ці можна было прыдумаць больш цяжкіх сапернікаў? Сказаць пра тое, што паражэнні ў гэтых сустрэчах сталі нечаканасцю як для спецыялістаў, так і для аматараў хакея, нельга. Бо пра складанасць календара на гэтым турніры яшчэ да яго пачатку казалі і трэнеры, і гульцы. Аднак ноткі трывожнасці чытаюцца ва ўсіх, каму не абыякавая наша зборная.

У падапечных Дэйва Льюіса сёлета ў гульні пакуль мала што атрымліваецца, каманда, як правіла, нядрэнна праводзіць першы перыяд, а потым прыкметна змяншае абароты, губляе хуткасць, не паспявае за сапернікам, следства чаго — выдаленні, якія і прыводзяць да паражэнняў. Не могуць знайсці сваю гульню і варатары, усе заяўленыя галкіперы (Кевін Лаланд, Дзмітрый Мільчакоў і Віталь Коваль) ужо выходзілі на піцерскі лёд, але пакуль добрай гульні ім паказаць не ўдавалася. Пра тое, што сёння ў нас ёсць праблемы ва ўсіх лініях, кажа і статыстыка: у трох матчах 5 закінутых і 20 прапушчаных шайбаў, нягледзячы на ўсю моц нашых апанентаў, гэтыя лічбы ўсяляюць трывогу. Аднак трэнерскі штаб і гульцы зборнай заклікаюць сваіх заўзятараў, якіх, дарэчы, у Піцеры сабралася шмат (па колькасці іх пераўзыходзяць толькі фіны), не панікаваць.

У маючых адбыцца чатырох сустрэчах нашы хакеісты згуляюць са зборнымі Славакіі (сёння), Германіі, Францыі і Венгрыі, менавіта сярод гэтых каманд і разгорнецца барацьба за чацвёртае месца ў групе, якое забяспечыць адной са зборных выхад у плэй-оф чэмпіянату.


Дэйв Льюіс, галоўны трэнер зборнай Беларусі:

— Гэтыя тры цяжкія паражэнні могуць ударыць па псіхалогіі нашых гульцоў, і тады гэта стане вялікай праблемай. Мая задача — вярнуць каманду ў раўнавагу і забяспечыць базу, на якой яна зможа працягваць турнір.

Зараз каманда занадта хутка здаецца пасля прапушчаных шайбаў, замест таго каб акрыяць і змагацца. Галоўныя нашы праблемы — гэта лішнія выдаленні, дысцыпліна і страта шайбы.

Так, нам трапіўся вельмі цяжкі каляндар, але трэба вяртацца да таго хакея, у які мы ўмеем гуляць. Мы можам дамагчыся выніку, і мы яго даб'ёмся. Сёння матч са славакамі, і ён стане вельмі важным.


Сяргей Касціцын:

— Настрой у камандзе нармальны. Насамрэч нічога страшнага не адбылося. Так, прайгралі, але пачынаецца новы дзень, наперадзе новыя матчы, і аб мінулых няўдачах трэба забыць.


Арцём Дзямкоў:

— Нам трапіўся вельмі складаны каляндар. Першыя гульні з трыма вельмі моцнымі камандамі, якія не даруюць памылкі. Сваю ролю ў нашых пройгрышах адыгрываюць выдаленні, акрамя таго, мы дрэнна дзейнічаем на «пятачку», ну і, вядома, прапускаем шмат шайбаў. Нам трэба вырашыць праблему з рэалізацыяй большасці і больш кідаць па варотах. Пасля забітых нам галоў у каманды ідзе спад, гэта маральна, вядома, вельмі цісне на гульцоў.

Нягледзячы на ўсё, у псіхалагічным плане ў камандзе ўсё ў парадку, няма ніякай панікі, мы аналізуем гульні і рыхтуемся да наступных. Паверце, гэтыя паражэнні забудуцца хутка, бо наперадзе гульні нашмат важнейшыя і цікавейшыя. Хачу сказаць вялікі дзякуй нашым заўзятарам, яны выдатна нас падтрымліваюць.


Джэф Плат:

— З нашымі наступнымі сапернікамі ў нас ёсць добрыя шанцы на перамогу, думаю, менавіта матч са славакамі стане для нас вырашальным. Мы проста абавязаны правесці яго на належным узроўні і зрабіць рывок ва ўсіх чатырох гульнях. Лічу для нашай каманды рэальна прабіцца ў плэй-оф чэмпіянату свету.

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Галоўнае яшчэ наперадзе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».