Вы тут

Ідэальны грыль на свежым паветры


Журналісты адкрылі сезон пікнікоў у кампаніі з васьміразовай чэмпіёнкай свету па велагонках Наталляй Цылінскай і шэф-поварам мінскага кафэ-грыль Вячаславам Федзюком.


Вандалы знеслі мангалы

Гэта было міні-тэсціраванне самых папулярных летась месцаў адпачынку. Паркоўкі, пляжнае абсталяванне, мангалы, альтанкі на папулярным напрамку Дразды — Заслаўе.

Што ёсць, чаго няма? Прызнацца, многае яшчэ «ў працэсе». Манціраваліся новыя альтанкі, спартыўнае абсталяванне і мангалы. Ямы на пад'язных дарогах планавалася ліквідаваць. Словам, да 1 чэрвеня ўсё павінна быць гатова. Біяпрыбіральні пачнуць працаваць з 15 мая. А надалей — галоўнае, каб нашы адпачывальнікі не падкачалі...

— Мы штодня аб'язджаем усе нашы ўчасткі, — расказваў па дарозе прадстаўнік сталічнага лясгаса Аляксандр Прамінскі. — Але не будзем выключаць чалавечы фактар! Не ўсё залежыць ад гарадской службы. Два гады таму на Мінскім моры ўкралі два мангалы — гэта пры тым, што яны былі замацаваныя на бетонным падмурку. Летась агульныя страты ад вандалаў толькі на Заслаўскім вадасховішчы склалі каля 20 млн рублёў. За гэтыя грошы можна было б купіць лежакі і абсталяваць каля аднаго з вадаёмаў невялікі спартыўны комплекс са шведскай сценкай і турнікамі або набыць 10 камплектаў «лясной» мэблі — 1 стол, 2 лаўкі і сметніцу.

Перакусіў — прыбяры

Абсталяваныя мангаламі для пікніка пляжы, за якія адказваюць гарадскія службы, ёсць усяго на некалькіх вадаёмах. Іх найбольшая канцэнтрацыя — на вадасховішчах Дразды і Заслаўе. Велагоншчыца Наталля Цылінская, якая жыве непадалёк, правяла невялікую экскурсію па мясцовых пляжах: «Шкада, свабоднага часу амаль няма. Работа, чацвёра дзяцей... З іншага боку, калі жывеш у прыватным доме, то можна нават звычайную вячэру прыгатаваць на грылі... Наогул, я ўсё больш люблю адпачываць у невялікай кампаніі і каб куды-небудзь выехаць, таму час ад часу выбіраемся з дзецьмі, сябрамі. Што ў халадзільніку ёсць, тое і прыхапілі з сабой. У нас усе ўжываюць усё — непераборлівыя... Трэба сказаць, пляжы год ад года мяняюцца ў лепшы бок. Адзінае, хочацца нагадаць, каб людзі пакідалі пасля сябе чысціню. Прыбраць за сабой не так і цяжка».

Якое абсталяванне ёсць зараз?

На берагах мінскіх вадаёмаў ёсць 14 альтанак, 70 мангалаў, 25 камплектаў лясной мэблі, 75 сметніц, 57 біяпрыбіральняў, усе заезды на ўсе зоны адпачынку агароджаныя шлагбаумамі і абмежавальнымі слупамі. Заезд на аўтамабілі на зону адпачынку будзе каштаваць каля мільёна рублёў, а за нанесеную наваколлю шкоду давядзецца заплаціць звыш 3,5 мільёна. На пляжах будуць устаноўлены і фотапасткі, пазначаныя адпаведнымі надпісамі. На вадасховішчы Дразды ёсць дзве канатныя дарогі для аматараў водных лыжаў, батут, надзіманая горка, пункты пракату. На мінскіх пляжах будуць устаноўлены гандлёвыя кропкі для продажу квасу, марожанага, а таксама кропкі грамадскага харчавання.

Колькі пляжы могуць прыняць?

Мяркуецца, што Заслаўскае вадасховішча — каля 1500 чалавек, Дразды — 2400, Цнянскае — 1100 і Крыніца — 1000.

Калі не ведаеце, з чаго пачаць зборы на пікнік, звярніцеся па дапамогу хоць бы да інтэрнэт-праекта «Карта пікнікоў «Баржомі», дзе ёсць уся неабходная інфармацыя аб тым, як арганізаваць удалае мерапрыемства: пачынаючы з таго, якое месца выбраць, і заканчваючы соусамі-марынадамі для самай папулярнай пікніковай стравы. Для нашай кампаніі шашлык гатаваў шэф-повар кафэ-грыль Netto Вячаслаў Фядзюк. Ён робіць гэта не толькі «на працы», але і ў двары ўласнага дома для сям'і. Таму што гатоўка ежы на агні — гэта «зусім іншы смак».

— Я аддаю перавагу шашлыку з ялавічыны, — частаваў гасцей на свежым паветры і расказваў падрабязнасці Вячаслаў. — Самы яркі водар шашлыку надаюць такія драўняныя пароды, як вішня і яблыня. Гатаваць на грылі можна ўсё, нават дэсерты. Але найперш любое мяса і самую разнастайную гародніну, шампіньёны. Іх, дарэчы, не трэба мыць, дастаткова толькі пачысціць. Свежае мяса павінна быць аднароднага колеру, выпрамляцца пасля націскання на яго. Мяса вельмі любіць масаж, а таму варта спачатку добра нацерці яго спецыямі. Для марынаду трэба змяшаць аліўкавы алей, часнок, базілік плюс соевы соус — замест солі. На адкрытым паветры мясу дастаткова пастаяць у такім марынадзе тры гадзіны, у халадзільніку можна пакінуць на ўсю ноч. Свіны і курыны шашлык трэба гатаваць 20-25 хвілін, недасмажыць тут нельга. Есці можна з гарчычным соусам і запечанай гароднінай, грыбамі.

Што вы не ведаеце пра адпачынак на прыродзе?

* Ці можна знаходзіцца ў купальніку ці плаўках у гарадскім парку, на лужку перад домам?

Можна ў любым касцюме і ў любым парку, калі вы досыць разняволены.

* Ці можна загараць топлес?

Можна, пакуль не абражаеце чужых пачуццяў. Так што старайцеся паводзіць сябе прыстойна.

* На якой адлегласці ад пабудоў і дрэваў павінна знаходзіцца вогнішча, каб не заплаціць штраф ад 12 базавых?

15 метраў, не бліжэй.

* Што трэба зрабіць для максімальна бяспечнага вогнішча?

Выбраць вогнішча на пяску або гліне.

* Што нельга мыць, купаць і акунаць у вадаём?

Сваю машыну.

* Дзе можна распіваць алкаголь, каб не нарвацца на штраф да 8 базавых?

У аддаленых месцах, дзе вы і ваш алкаголь не бачны іншым людзям.

* Што рэкамендуецца пакласці ў марынад, каб любое мяса стала мяккім праз гадзіну-паўтары?

Працёртае ківі.

Фота Надзеі БУЖАН

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.