Вы тут

ХХ Міжнародная выстаўка “СМІ ў Беларусі” адкрылася ў Мінску



Вялікая прэзентацыйна-забаўляльная праграма для гледачоў і грунтоўная праграма – для прафесіяналаў галіны. Магчымасць прадставіць вынікі сваёй працы і прывабіць новую публіку. Для айчынных медыя выстаўка “СМІ ў Беларусі” традыцыйна лічыцца пэўнага кшталту падсумаваннем зробленага за год. Але можна сцвярджаць, што сёлета нашы друкаваныя, інтэрнэт-выданні і тэлебачанне трымаюць сапраўдны экзамен. Гэтымі днямі ў сталіцы праходзіць і ХІ Беларускі міжнародны медыяфорум, на якім сабраліся кіраўнікі СМІ, эксперты з больш як 20 краін. Ад іх бачання выстаўкі і працы галіны ў цэлым залежыць тое, як будуць успрымаць беларускія медыя ў свеце.

Але, думаецца, нашы спецыялісты ў галіне СМІ не падвялі. Выстаўка сведчыць: за 20 гадоў існавання гэтага форуму для прафесіяналаў створана паўнавартасная інфармацыйная прастора суверэннай і незалежнай Беларусі. У СМІ шырока выкарыстоўваюцца сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, інавацыі рознай формы ў сістэма распаўсюджання інфармацыі.

Пра значнасць форуму “СМІ ў Беларусі” сведчыць вялікая ўвага кіраўніцтва дзяржавы. Так, падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця выстаўкі намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар БУЗОЎСКІ зачытаў прывітальнае слова ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.

“Цяперашняя мінская сустрэча кіраўнікоў СМІ, палітолагаў і экспертаў з блізкага і далёкага замежжа праходзіць у кантэксце асаблівай міратворчай ролі Беларусі ва ўмовах складанай геапалітычнай сітуацыі”, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. У сваім прывітальным слове Прэзідэнт падкрэсліў, што культурная і інфармацыйная прастора, сфарміраваная за гады незалежнасці Рэспублікі Беларусь, служыць пазітыўнаму стварэнню, сцвярджэнню ідэй інтэграцыі, міру і добрасуседства, эфектыўнаму супрацоўніцтву ў гуманітарнай сферы. 

Сёлетняя выстаўка СМІ – юбілейная, у 2016 годзе мы адзначаем таксама 25-годдзе СНД і 20-годдзе будаўніцтва Саюзнай дзяржавы. Гэтыя даты – важныя акцэнты форуму. Міністр інфармацыі Лілія АНАНІЧ падкрэсліла:

- Калі пачыналася гэтая выстаўка, у Беларусі было не больш 800 перыядычных выданняў, далёка было да станаўлення сапраўднага нацыянальнага тэлебачання. Сёння мы маем нацыянальную інфармацыйную прастору, якая здольная вырашаць задачы суверэннай Беларусі. Але ж гады незалежнасці на новы ўзровень ўздымаюць і адказнасць журналістыкі. Мы бачым, што сёння як ніколі запатрабаваная шчырае, праўдзівае, пераканаўчае журналісцкае слова.

У цырымоніі адкрыцця форуму ўдзельнічалі таксама старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па міжнародных справах Віталь Бусько, першы намеснік старшыні выканаўчага камітэта СНД Уладзімір Гаркун, намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Карпенка, першы сакратар Цэнтральнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Андрэй Белякоў.

Вельмі важна, што падчас прафесіянальных форумаў падобнага кшталту ёсць магчымасць пазнаёміцца з сапраўднымі асамі айчыннай і замежнай журналістыкі, павучыцца ў іх, выслухаць іх меркаванні. Першы намеснік генеральнага дырэктара Інфармацыйнага агенцтва Расіі “ТАСС” Міхаіл ГУСМАН падзяліўся сваімі ўражаннямі ад выстаўкі “СМІ ў Беларусі”:  

- Мы, журналісты, не вельмі часта адчуваем такую ўвагу да сябе. Часцей на нас сварацца, кажуць, што ва ўсім вінавата прэса. Такая пазітыўная ўвага, як тут, у Мінску, вельмі прыемная. Але і тое, што на нас сварацца, яшчэ раз пацвярджае: усё ж такі правільна робім сваю справу, звяртаем увагу на актуальныя праблемы сённяшняга дня. У гэтым і бачыцца задача медыя – быць люстэркам сучаснасці. Так, выстаўка сведчыць: беларускія СМІ за дваццацігоддзе сапраўды расквітнелі. І гэта не выпадкова: прэса Беларусі мае вялікую гісторыю, на гэтых землях першыя газеты з’явіліся прыкладна трыста гадоў таму. А якое хваляванне я перажываў, калі трымаў партызанскія газеты ваенных галоў, якія выдаваліся на беларускай зямлі ва ўмовах акупацыі!

І сапраўды, кажучы пра айчынныя СМІ, можна ўжываць абодва паняцці: традыцыі і будучыня. Грунтуючыся на вопыце продкаў, узброіўшыся дасягненнямі сучасных інфармацыйных тэхналогій, нашы масмедыя актыўна працуюць у галіне распаўсюджання інфармацыі. Нашым суайчыннікам – распавядаць пра падзеі ў краіне і ў свеце, а жыхарам замежжа – прыносяць весткі пра Беларусь.

Да слова, форум “СМІ ў Беларусі”, што сёлета працуе ў выставачным павільёне “БелЭкспа” (пр. Пераможцаў, 14) адкрыты для жыхароў і гасцей сталіцы да 14 мая.

5 прычын наведаць выстаўку “СМІ ў Беларусі”:

- Калі вы ці вашы дзеці, унукі, сябры, знаёмыя марыце стаць журналістам, то выстаўка СМІ – выдатная магчымасць пабачыць працу “знутры”. Больш за тое, на форуме можна пазнаёміцца з людзьмі, чые твары вы штодзень бачыце з тэлеэкранаў, чые публікацыі ў прэсе і інтэрнэце чытаеце. Пагадзіцеся, сачыць за творчасцю людзей, з якімі знаёмы асабіста, намнога прыемней.

- Апроч традыцыйных прэзентацый выданняў і праектаў у праграме выстаўкі – шмат забаўляльных імпрэз. Тут увесь час праходзяць канцэрты, адбываюцца розыгрышы і віктарыны. Зрэшты, калі ўдача вам не будзе спадарожнічаць у розыгрышах, можна проста зрабіць вясёлае сэлфі з клоунамі і паабдымацца з раставой лялькай.

- Многія выданні прапануюць аформіць падпіску проста на выстаўцы. Гэта можна зрабіць і на асобным стэндзе РУП “Белпошта”. Дарэчы, на стэнзе Выдавецкага дома “Звязда” праходзіла акцыя часопіса “Вожык” “За падпіску – шарж!”. Магчыма, іншыя выданні таксама прапануюць прыемныя бонусы.

- У выставачным павільёне “БелЭкспа” прадстаўленыя не толькі самі мас-медыя. Тут ёсць кнігі, сувеніры, смачная кава.

- У межах форуму працуе яскравая фотавыстаўка “Партнёрства ў імя будучыні”, зладжаная Інфармсаветам СНД пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Беларусі да 25-годдзя СНД. Сонечныя і светлыя фотаздымкі распавядаюць пра жыццё краін Садружнасці.

vesialuha@zviazda.by

фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Ме­дыя як люс­тэр­ка су­час­нас­ці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».