Вы тут

Дзяўчына падарыла на дзень нараджэння хлопцу экзатычную жывёлу


Хатні гадаванец мінчаніна Дзмітрыя Міхайлюка актывізуецца ноччу, есць чайную лыжку дзіцячага пюрэ раз на два дні і поўзае па сценах тэрарыума. Хутка год, як у хлопца з'явіўся экзатычны сябар з французскага вострава, што недалёка ад Аўстраліі. Раснічасты бананаед — яшчарка даўжынёй каля 20 сантыметраў, якая ў хатніх умовах жыве да 18 гадоў.


Мар­він у па­да­рож­жы па ру­ках гас­па­да­ра Дзміт­рыя Мі­хай­лю­ка.

— Даўно хацеў завесці нейкую экзатычную жывёлу, але не мог адважыцца, бо баяўся складанага догляду. Марвін з падарунка ператварыўся ў дамашняга ўлюбёнца, які без праблем ідзе на рукі і нават есць з далоняў. Я прызвычаіўся нават угадваць яго эмоцыі па выразу вачэй, — смяецца хлопец.

Тым не менш гэты від геконаў не самы таварыскі. А Марвін да таго ж пераборлівы ў ежы. Цяпер ён вегетарыянец, таму што наадрэз адмовіўся ад насякомых.

У Дзмітрыя праз гэта тры месяцы свойскімі жывёламі былі тараканы, першапачаткова купленыя як ежа.

— Спачатку ён з задавальненнем хрумкаў і іх, і цвыркуноў, якія, дарэчы, больш мяккія, — патлумачыў Дзмітрый. — Я іх купляў з прыватных рук — людзі разводзяць насякомых у кватэрах. Рэзаў на кавалачкі садавіну — ён адмовіўся. Цяпер есць толькі пюрэ — я абмакваю палец, а Марвін злізвае. Калі няма настрою, то гэты працэс можа заняць і паўгадзіны, бо ён яшчэ пабегаць адыходзіцца. Спрабаваў пасля ставіць пюрэ яму ў тэрарыум у сподачку, аднак аднаму яму есці ўжо не падабаецца. Да таго ж ён увесь выпэцкваецца і потым дрэнна чапляецца за шкло. Ваду стаўлю ў паілку, аднак ён любіць злізваць вільгаць з лісця і сценак тэрарыума. Двойчы на дзень я апырскваю яго жыллё знутры, каб падтрымліваць неабходную вільготнасць.

Гляджу, як гекон бязбоязна падарожнічае па руках і плячах гаспадара і чапляецца хвастом, каб падтрымаць раўнавагу. За гэты хвост, дарэчы, Дзмітрый вельмі перажывае, бо пры небяспецы або моцным узрушэнні Марвін можа адкінуць яго. Аднак назад ён, як у звычайнай яшчаркі, не вырасце. Хоць у прыродзе бананаеды часцей за ўсё якраз без хваста, бо жыццё на волі на кожным кроку прымушае напружвацца.

Раснічастым гэтага гекона назвалі нездарма — над вачыма без павекаў у бананаеда ёсць скурыстыя «вейкі», якія выглядаюць вельмі далікатна.

Ды і язык яго зусім не раздвоены, як думаюць некаторыя. Хаця цела Марвіна цалкам скурыстае, і ў некаторых частках выглядае нават як лускавае, навобмацак ён нібыта аксамітавы. Сама пераканалася, бо не вытрымала і працягнула да яго далонь, на якую ён перабраўся з гаспадарскай рукі.

У знак доб­ра­га на­строю ге­кон усміх­нуў­ся і па­ка­заў язык.

— Першы час Марвін спрабаваў кусацца. Не балюча, быццам прышчэпку на палец начапіць. Цяпер не баіцца, а калі ведае, што я іду яго карміць, дык нават папісквае, хоць бананаеды па прыродзе маўчуны. Я магу займацца чым-небудзь побач з тэрарыумам, а ён будзе сачыць, калі яму цікава. А калі не задаволены, то можа кідацца на шкло.

Тэрыторыя амаль двухгадовага Марвіна — тэрарыум аб'ёмам каля 200 літраў. Хатка — какосавы арэх. Замест прыродных ліян — хатняя расліна сцындапсус, каб было дзе пабегаць. Бананаед цудоўна поўзае па вертыкальных паверхнях і любіць вісець уніз галавой. Нават заснуць можа ў такім становішчы. Праўда, тады зваліцца. Цікава, што спіць гекон з расплюшчанымі вачыма. Здагадацца пра гэта можна, калі бачыш, што зрэнкі становяцца танюсенькай рыскай.

— Звычайна ён спіць на лямпе дзённага асвятлення — там цяплей, — кажа гаспадар. — Камфортная тэмпература для яго ноччу — 21-22 градусы. Удзень — 23-25. Пры тэмпературы, вышэйшай за 27, у яго можа пачацца абязводжванне арганізма. Хоць бананаед як начная жывёліна не любіць яркае святло, раніцай зімою або калі пахмурна ўключаю яму дадатковае святло, інакш не ляжа спаць. Будзе думаць, што яшчэ ноч на дварэ. А ўвогуле падсветку ў тэрарыуме ўключаю на ўвесь дзень.

Прачынаецца Марвін а 8-й вечара і ўсю ноч не спіць: шамаціць паціху, бегае па сценках тэрарыума. Калі ў добрым настроі — скача.

Вось гэта ўжо чуваць добра, нягледзячы на маленькія памеры гекона, бо ён вельмі хутка носіцца. Спаць Марвін кладзецца ў 7 раніцы.

Раз на тыдзень хлопец прыбірае «хатку» гадаванца, а кожныя 1-1,5 месяцы робіць генеральную прыборку. Вымае і апарвае кіпенем усе прыстасаванні ўнутры тэрарыума, каб знішчыць бактэрыі. Зразумела, акрамя жывых раслін. Кожная такая прыборка для Марвіна стрэс, бо ў гэты час ён сядзіць у слоіку.

Дзмітрый нават ліняць сябру дапамагае. Маладыя бананаеды мяняюць скуру раз на два тыдні. Такія, як Марвін, — кожныя 18-25 дзён.

— Скуру ён звычайна з'ядае, а калі лянуецца, яе збіраю я. У калекцыі ўжо ёсць амаль цэлыя галава і хвост. Сачу, каб ён пазбавіўся ад усёй старой скуры, асабліва на пальцах, вачах і «вейках». Калі яна высахне на гэтых участках, то загрубее, што небяспечна: магчымы некроз тканак і страта пашкоджанай часткі цела. Часам я сам абдзіраю скуру, калі бачу, што кавалачак ніяк не сыходзіць.

У кватэры, акрамя Марвіна, жывуць два каты і сабака, а ў планах Дзмітрыя — прыдбанне крумкача, прыручыць якога можна не горш за ката.

Марвін мяняе афарбоўку ў залежнасці ад святла і настрою. Звычайна яго колер на спіне і галаве карычняваты, астатняя частка — аліўкавая. Пад прамымі сонечнымі прамянямі скура можа «выгараць» — на ёй з'явяцца амаль белыя пляміны. Аднак колер хутка вяртаецца. Удзень можа стаць і чорным (калі сонца не свеціць проста на яго).

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Бананаед Марвін — яшчарка з характарам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?