Вы тут

Галоўны крытэрый работы журналістаў — прафесіяналізм


Беларускія СМІ развіваюцца ў кантэксце сусветных трэндаў. Пра гэта заявіў сёння журналістам намеснік міністра інфармацыі Беларусі Уладзімір Матусевіч падчас адкрыцця Летняй школы журналістыкі XI Беларускага міжнароднага медыяфоруму "Партнёрства ў імя будучыні", перадае карэспандэнт БЕЛТА.


Уладзімір Матусевіч адзначыў, што ў наш час нацыянальная інфармацыйная прастора Беларусі развіваецца магутна і дынамічна."Пра гэта сведчаць і дадзеныя сусветных рэйтынгаў. Так, у рэйтынгу Міжнароднага саюза электрасувязі Беларусь займае 36-е месца ў свеце па распаўсюдзе інтэрнэту, апярэджваючы ўсе краіны СНД і такія краіны, як Літва, Латвія, Турцыя, Балгарыя. Гэта яшчэ адно сведчанне таго, што беларускія СМІ развіваюцца ў кантэксце сусветных трэндаў, паспяхова, канкурэнтна і творча", - падкрэсліў намеснік міністра.

Ён таксама адзначыў, што сёння медыйная прастора мяняецца вельмі дынамічна. Развіваецца самымі імклівымі тэмпамі інтэрнэт, сацыяльныя сеткі. "Пры гэтым якасная журналістыка, прафесійная журналістыка, майстэрства журналісцкага слова, культура перадачы тэкстаў, культура перадачы сэнсаў заўсёды былі і будуць актуальныя", - сказаў Уладзімір Матусевіч.

Прафесіяналізм з'яўляецца галоўным крытэрыем работы журналістаў. Такое меркаванне выказалі кіраўнікі інфармацыйных агенцтваў, удзельнікі Летняй школы журналістыкі, якая праходзіць у час работы XI Беларускага міжнароднага медыяфоруму "Партнёрства ў імя будучыні".

На думку дырэктара інфармацыйнага агенцтва "Арменпрэс" Арама Ананяна, на работу ў інфармацыйнай сферы аказвае значны ўплыў развіццё сучасных тэхналогій. "Сёння тэхналогіі дыктуюць усё, але яны не могуць замяніць журналістаў, інфармацыю не могуць пісаць робаты. Пры гэтым інфармацыі шмат, і вельмі важна аддзяліць асноўнае ад інфармацыйнага шуму, што становіцца рабіць усё складаней", - лічыць Арам Ананян.

Як адзначыў кіраўнік сектара краін СНД і Балтыі інфармацыйнага агенцтва ТАСС Барыс Грушын, інфармацыйныя агенцтвы застаюцца вядучымі крыніцамі навін не толькі для спажыўца ўнутры краіны, але і за яе межамі. На думку Барыса Грушына, прафесійны журналіст абавязаны даваць беспамылковую інфармацыю і часам, магчыма, на шкоду аператыўнасці яе важна пераправяраць. Складнікамі прафесіяналізму журналіста з'яўляюцца глыбокае веданне роднай мовы і валоданне замежнымі мовамі.

Паняцце "прафесійны журналіст" уключае ў сябе і паняцце "ўніверсальны журналіст", лічыць дырэктар Кыргызскага нацыянальнага інфармацыйнага агенцтва "Кабар" Кубанычбек Таабалдыеў. Сёння многія людзі імкнуцца пісаць, спяшаюцца выкладваць інфармацыю ў сацыяльных сетках. Аднак гэта не значыць, што кожны, хто піша, можа лічыць сябе журналістам. На яго думку, журналіст павінен быць прафесіяналам, паколькі толькі прафесіянал можа працаваць на міжнародным узроўні.

Генеральны дырэктар Беларускага тэлеграфнага агенцтва Дзмітрый Жук перасцярог пачынаючых журналістаў ад захаплення капірайтынгам. "Імкніцеся паказваць сваё "я", гэта заўсёды цікавей", - параіў ён.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.