Чыпсы з буржуйкі


У рубрыцы «... народ на провадзе» шмат гісторый добрых, шмат смешных: кожны ўспамінае сваё. Я, напрыклад — уласнае партызанскае жыццё.

Яно ў асноўным праходзіла ў працы, калі можна гэтак сказаць: у разведках, дыверсіях, засадах на дарогах, у атаках на гарнізоны ворага. Але ж потым мы вярталіся ў лясны партызанскі лагер. Каля вогнішчаў збіралася па 10—13 байцоў: грэліся, успаміналі даваенныя гады, вечарынкі, дзяўчат. А яшчэ гаварылі пра ежу, бо лагернай заўжды бракавала: два разы на дзень елі рэдкі суп. І шчасце, калі ён быў прысквараны ці з кавалачкам мяса. А так... Бульбу пяклі на вогнішчы, дзяліліся гасцінцамі. Дарэчы, менавіта ў партызанах нарадзіўся анекдот: «У цябе ёсць што на перакус? — пытаецца сябар у сябра. — Ёсць. — У мяне таксама ёсць. Дык давай з'ядзім спачатку тваё, а потым — кожны сваё»...

Увосень 1943-га каля нашага вогнішча з'явіўся новы баец з кацялком: стаў нешта ў ім памешваць, каштаваць, крывіцца, бо тая страва, падобна, была і нясмачнай, і сырой... Мы пытаем: «Што ты варыш?». Адказвае: «Адна жанчына дала мне шклянку нейкай крупы»...

Мы зірнулі ў кацялок, а там — проса. «Ты яго мыў?» — пытаемся. Кажа: «Не... А навошта? Я наогул жыў у Маскве і ніякіх каш не варыў... Нават не бачыў, як гэта робіцца».

Мы тады доўга смяяліся: што з яго ўзяць — жыхар сталіцы.

А неяк адзін з тутэйшых, вясковых хлапцоў пахваліўся, што мае фасолю — маці дала з сабою. Сын узяўся варыць: павесіў кацялок над вогнішчам, таксама час ад часу памешваў — чакаў, пакуль зварыцца. А тут і гадзіны не прайшло — гучыць каманда: «У паход... Стройся!» Той «кухар» ваду з кацялка зліў, фасолю на ўсіх падзяліў, і мы пабеглі. А страва, як гэта часта здаралася, «даварвалася» ўжо ў страўніках. І яны — найчасцей пустыя — з гэтым добра спраўляліся...

Хоць зрэдку, здаралася, мы іх і «песцілі». Узімку можна было, напрыклад, паласавацца... чыпсамі. Адрэжаш скрылёк ад бульбіны, прылепіш яе да сценкі буржуйкі і сочыш: ён трохі пашыпіць і спадзе. Вось табе і «чыпсы». Пад'есці імі, вядома ж, немагчыма, але «чарвячка замарыць» — можна.

Альбо вось падчас разведкі каля Рагачова я папрасіў што з'есці ў вёсцы Блізняцы. Гаспадар адказаў, што нічога згатаванага ў хаце няма, але ж паставіў на стол невялічкі сподачак з мёдам і прынёс з гарода свежы агурок. Нічога смачнейшага я, здаецца, не еў!

Другі раз, змораны дальнім паходам, я забег на нейкі падворак на мяжы Бялыніцкага і Магілёўскага раёнаў, папрасіў вады і што-небудзь пажаваць, калі, вядома ж, ёсць...

Гаспадыня вынесла мне адну вараную бульбіну і недзе са шклянку капуснага расолу. Для мяне ён быў як найлепшыя лекі, бо пасля пераходу з Рагачоўскага ў Клічаўскі раён наша брыгада страціла сувязных, і мы ў выніку з паўгода жылі без солі...

Напрыканцы партызанскага жыцця быў яшчэ адзін эпізод, як доказ таго, што сяляне дапамагалі нам чым маглі (і, бывала, тлумачылі, чаму: казалі, што нехта з іхняй радні — брат, сын, муж — таксама ваюе ў партызанах). Дык вось у канцы мая 44-га нам, тром партызанам, камбрыг даў заданне: выйсці да мяжы Кіраўскага і Рагачоўскага раёнаў і высветліць, дзе канкрэтна вораг будуе пераправы цераз Друць, у якіх вёсках стаяць гарнізоны і г.д. Гэта быў далёкі і досыць небяспечны паход. Але ж нарэшце, прыцемкам мы перабеглі шашу Бабруйск — Магілёў, і, заглыбіўшыся ў лес, убачылі агеньчык, а пры ім нейкага дзядзьку, які соладка спаў.

Пабудзілі, чым, вядома ж, напалохалі, бо ў іх мясцінах, як ён сказаў, з паўгода не было партызанаў, а вось немцы наадварот — час ад часу налятаюць, хапаюць мужчын і вывозяць немаведама куды. Ён таму і хаваецца.

Пагаварыўшы ды высветліўшы ўсё, што нам патрэбна было, мы загасілі вогнішча ды паснулі. Калі прачнуліся, убачылі, што дзядзькі ўжо няма. Але нам ён пакінуў некалькі сырых бульбін.

Распаліўшы вогнішча, мы іх спяклі і пайшлі выконваць загад камбрыга — збіраць патрэбную інфармацыю...

Гэта было за месяц да пачатку аперацыі «Баграціён», у ходзе якой Беларусь вызвалілі ад ворагаў. Каля вёскі Зеляніца наша брыгада злучылася з Чырвонай Арміяй. У яе радах 4 ліпеня я ўвайшоў у Мінск. А 16 ліпеня мы калонай прайшлі на партызанскім парадзе. Якраз ім і скончылася наша лясное жыццё.

Леанід Мікалаевіч Калінковіч, г. Мінск


Спеліся... Не спеліся

Вясна... А з ёю прыгажосць — проста невыказная: сонейка свеціць, птушачкі заліваюцца, краскі вакол цвітуць...

Шкада, што ўдосталь палюбавацца гэтым часу няма: шмат каму трэба гной выкідваць, бульбу садзіць, грады...

Вяскоўцам, карацей, штодзённы клопат, а дружбакам Антосю і Фёдару — такі ж «навар», бо першы з іх каня трымае — маладога, дужага, але ж вельмі наравістага, у баразну — не скіраваць яго. Ды і далей ён адзін не пойдзе — вадзіць трэба.

Вось і склаўся гэты дуэт: спеліся мужыкі.

...У той пагодны вясновы дзянёк яны з чарговым «наварам» вярталіся. Антось за возчыка быў — сядзеў на калёсах спераду. Пасярэдзіне — і як заўжды — барану ды плуг палажылі. А Фёдар ззаду неяк прыстроіўся. Яму любое месцейка падабалася, бо напрацаваліся, але ж потым добра пад'елі, выпілі, хораша пасядзелі з харошымі людзьмі, нейкую капейку дадому вязуць. Так што настрой у абодвух быў, каб лепш, дык на халеру, як той казаў.

— А давай мы, брат, заспяваем, — прапанаў Антось.

— Давай, — ахвотна згадзіўся дружбан і тут жа загалёкаў: «Ай, нага! Нага! Нага!..»

Дзіўнаватая песня, але Антось яе падхапіў. Словы сам прыдумаў, ва ўвесь голас загарланіў: «Ой, баліць, баліць, баліць!»

Чакаў, што далей, Федзя, можа, пра галаву нешта завядзе, альбо пра жывот, але дружбак рэзка змяніў «пласцінку» — «пераскочыў» на... мацюкі.

Антось тут жа спыніў каня, азірнуўся і ўбачыў, што напарнік яго аж курчыцца ад болю — нага ў кола трапіла.

...Фінал у гэтай гісторыі сумны: хуткая дапамога, бальніца, аперацыя, гіпс. І — адпаведна — ніякага навару на доўгі час, прынамсі — для Фёдара.

Ф. А., г. Паставы


Вялікдзень з... салютам

Якія часы — такія і норавы. Раней любое гасцяванне (за выключэннем хіба што Радаўніцы) ладзілася дома. Стравы гатавалі там жа. Цяпер не тое што на юбілеі ды вяселлі, нават на памінкі часцяком замаўляюцца адпаведныя залы-памяшканні, наймаюцца адмыслоўцы-кухары... І гэта разумна, бо ўсім, здавалася б, добра!

Але ж і дома няхай застаюцца святы — Новы год, хрэсьбіны, улазіны, Каляды ды Вялікадні.

У савецкі час, гэтых, апошніх свят, як быццам не было — афіцыйна (у адрозненне ад 8 Сакавіка, 1 Мая і 7 Лістапада). Аднак людзі ведалі, і як да іх трэба рыхтавацца, і калі святкаваць. Мой бацька, памятаю, купіўшы каляндар на наступны год, адразу ж вызначаў дзень Вялікадня. Гэтае гадавое свята — хто не ведае — адзначаецца ў першую нядзелю пасля першай поўні, якая надыходзіць за днём веснавога раўнадзенства. Кожны год вось гэтак было. Выключэнне хіба што сёлета: і каталіцкі Вялікдзень амаль на месяц раней (а звычайна — на тыдзень), і не першая, а другая нядзеля па поўні...

Усё, карацей, мяняецца. І тое ж свята: шмат хто з людзей адмаўляецца цяпер ад традыцыйнага Вялікага посту, ад той жа споведзі, ад прычасця... Адзінае, што ўсе, відаць, пакідаюць, гэта шчодрае сумеснае застолле. А значыць, гаспадыням напярэдадні хоць ты разарвіся: трэба ж усё павымываць, павычышчаць, упрыгожыць, распачаць прыгатаванне рознай смакаты. У нас, у Лучыне, у печах традыцыйна варацца вялікія кавалкі мяса ды халадцы, фарбуюцца яйкі.

На выручку гаспадыням прыходзяць і новыя «агрэгаты» кшталту тых жа мультыварак, мікрахвалёвак, электрашашлычніц, але ж нават пры іх наяўнасці жанкам у чырвоную суботу ніхто не пазайздросціць.

Дык вось адна з нашых кабет (яна паштаркай працуе) напярэдадні (пералічвайце) куранят «прыняла», па гаспадарцы ўправілася, мяса наварыла, булкі замясіла, шалупінне ад цыбулі падрыхтавала, яйкі на пліту ў сенцах фарбаваць паставіла... Сама на гадзіннік зірк, — на працу бегчы трэба. Машына паштовая прыязджае ў вёску ў 9.58. Трэба ляцець...

Села на «лісапету» — у міг дабралася. А там...

Пакуль з каляжанкамі пошту разбірала, пакуль распытвала (не без таго ж...), хто што да свята гатуе, пакуль на той жа «лісапеце» развезла свежыя нумары газет, пра дом неяк не думала. Толькі потым ёй — як Задорнаў казаў — торкнула: у сэнсе, а што ж мае яйкі? Выключыла я газ ці не?

Птушкай паляцела дадому. А ў сенцах, як спяваў Высоцкі, «бой в Крыму: все в дыму». Не сказаць, што залпы, але ж «грымяць» адзіночныя «выстралы» — феерверкі... з яек!

За дурной галавой і рукам неспакой. Бедная гаспадыня: пакуль «ліквідавала наступствы», пакуль па новай прыбралася, пакуль нафарбавала яек...

Да ночы шчыравала, але ж управілася, бо яна — наша жанчына! Яна, як казаў усё той жа Задорнаў, шмат што можа рабіць паралельна.

І некалі — апроч іншага — адстаяць у царкве ўсяночную службу. Каб уранні да святочнага стала прынесці свянцонай ежы — на здароўе і шчасце.

Соф'я Кусянкова, в. Лучын, Рагачоўскі раён

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.