Вы тут

Інфляцыю зацугляюць


Нацыянальны банк Беларусі працягне курс на абмежаванне інфляцыі і забеспячэнне фінансавай стабільнасці, заявіў днямі старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур, калі каментаваў вынікі 500 дзён працы праўлення рэгулятара ў цяперашнім складзе.


Кіраўніком Нацбанка было адзначана, што паводле вынікаў І квартала сёлета прамежкавы арыенцір манетарнай палітыкі — прырост шырокай грашовай масы — знаходзіцца ў межах устаноўленых параметраў. Аднак дынаміка інфляцыі за акрэслены час склалася вышэйшая за прагнозную траекторыю: прырост спажывецкіх цэн за 3 месяцы года склаў 5,7 працэнта супраць прагнозных 5%.

Перавышэнне фактычнага ўзроўню гадавой інфляцыі над мэтавым паказчыкам звязана з кароткатэрміновым усплёскам інфляцыі ў пачатку года ў сілу адміністрацыйнага павышэння цэн і кароткатэрміновага дзеяння курсавога фактару. Улічваючы разавы характар уздзеяння названых чыннікаў, інфляцыйныя працэсы будуць мець тэндэнцыю да запаволення. Паводле ацэнак Нацыянальнага банка, у чэрвені тэмпы інфляцыі будуць значна зніжаны, што дазволіць наблізіцца да 12 працэнтаў па выніках года.

Эксперты Нацбанка адзначаюць, што істотны ўплыў на эканамічныя працэсы ў краіне сёлета па-ранейшаму аказвала дынаміка абменнага курсу беларускага рубля. У цэлым за студзень—сакавік аслабленне беларускага рубля да кошыка валют склала 12,7%. Пры гэтым асноўнае зніжэнне абменнага курсу нацыянальнай валюты — на 11,4% — прыпала на студзень, калі на фоне хуткага аслаблення расійскага рубля сфарміраваўся чысты попыт на замежную валюту з боку суб'ектаў гаспадарання і насельніцтва на ўнутраным валютным рынку.

Курс — на рэнтабельнасць экспарцёраў

Паводле ацэнкі старшыні праўлення Нацбанка, за 500 дзён новая каманда ажыццявіла дзеянні па ліквідацыі назапашаных дысбалансаў, інфляцыйных і дэвальвацыйных чаканняў, а фінансавыя рынкі былі прыведзены да дынамічнай раўнавагі.

Павел Калаур звярнуў увагу, што кантроль за грашовымі агрэгатамі разам з іншымі антыінфляцыйнымі мерамі спрыяе абмежаванню інфляцыі. «Выкарыстанне механізму гнуткага курсаўтварэння павысіла адаптыўнасць эканомікі да змен вонкавых фактараў, адначасова аднавіўшы цэнавую канкурэнтаздольнасць айчынных экспарцёраў. Сёння абменны курс беларускага рубля забяспечвае дастатковую рэнтабельнасць экспарцёраў», — дадаў ён.

Сярод планаў Павел Калаур назваў у першую чаргу аднаўленне даверу да манетарнай улады. Непасрэдна ў частцы грашова-крэдытнай палітыкі гэта абмежаванне інфляцыі і забеспячэнне фінансавай стабільнасці разам з умацаваннем даверу да нацыянальнай грашовай адзінкі.

Доля «таксічных» пазык — пад кантролем

«Што тычыцца прагнознай дынамікі праблемных актываў нашых прадпрыемстваў, то сітуацыя гэта пакуль кіруецца. Праведзеныя намі і міжнароднымі фінансавымі інстытутамі абследаванні і стрэс-тэсты паказваюць магчымы рост праблемных даўгоў, аднак гэтая сітуацыя не крытычная», — адзначыў Павел Калаур. Ён нагадаў, што ўрадам рэалізуецца блок захадаў па фінансавым аздараўленні эканомікі, у тым ліку па рэструктурызацыі, рэарганізацыі, санацыі прадпрыемстваў і, як крайняя мера, банкруцтва.

Акрамя таго, Нацбанкам сумесна з міжнароднымі фінансавымі інстытутамі і аўдытарскімі кампаніямі праводзіцца работа па выяўленні схаваных рызык, адэкватнай класіфікацыі актываў і стварэнні «падушкі бяспекі» ў выглядзе спецрэзерваў банкаў. Акрамя гэтага, банкамі самастойна праводзяцца мерапрыемствы па павышэнні якасці крэдытнага партфеля.

«Для зняцця вастрыні праблем Нацыянальным банкам і ўрадам унесены адпаведныя ініцыятывы па частковай ачыстцы балансаў банкаў ад «дрэнных» (ці «таксічных») актываў. Гэтая ініцыятыва заключаецца ў тым, што ў краіне павінна быць створана спецыяльнае агенцтва па працы з праблемнымі актывамі, а таксама працягнуты крокі па перадачы асобных «таксічных» актываў Банку развіцця», — растлумачыў Павел Калаур. Паралельна з ўласнікамі банкаў Нацбанк разглядае пытанне аб дакапіталізацыі банкаў, дзе гэта неабходна. Як паведамлялася, доля праблемных актываў банкаўскага сектара на 1 красавіка 2016 года дасягнула 11,5%, што аказвае негатыўны ціск на фінансавы вынік і капітал банкаў.

Праблема крэдытнай рызыкі вырашаецца ў ходзе сумесных абмеркаванняў з удзелам Нацыянальнага банка, урада, камерцыйных банкаў і найбуйнейшых крэдытаатрымальнікаў. Большасці прадпрыемстваў, якія сутыкнуліся з праблемай пагаршэння фінансавага стану, банкі аказалі дапамогу ў рэфінансаванні запазычанасці і пераразмеркаванні пазыковай нагрузкі, зыходзячы з патокаў паступлення выручкі.

«Разам з тым абмежаваць крэдытныя рызыкі толькі за кошт банкаўскага сектара не ўяўляецца магчымым. Для недапушчэння пагаршэння паказчыкаў дзейнасці банкаў неабходна ўрэгуляваць праблему крэдытаў, якія не абслугоўваюцца, забяспечыць актыўнае выкарыстанне механізму санацыі жыццяздольных структур і выводзіць з рынку «хранічна» неэфектыўных прадпрыемстваў», — падкрэслілі ў Нацбанку.

Пошук інвестараў

Павел Калаур пацвердзіў інфармацыю аб планах краіны па продажы акцый Беларусбанка ў памеры менш за 25%. Пры гэтым кіраўнік Нацбанка звярнуў увагу, што гэтае пытанне будзе вывучаць спецыяльна створаная працоўная група і рашэнне аб продажы канкрэтнага пакета акцый яшчэ не прынята.

Першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка Тарас Надольны адзначыў, што «ініцыятыў ад моцных знешніх інвестараў пакуль не відаць». Паводле яго слоў, пры выбары пакупніка гэтага пакета акцый краіна будзе арыентавацца на фінансавага гульца, здольнага прыўнесці ў банкаўскую сферу новыя тэхналогіі. Не выключана, што гэта можа быць і еўрапейскі інвестар, аднак будуць вывучацца ўсе прапановы.

Як паведамлялася, урадам створана рабочая група для каардынацыі дзеянняў па рэалізацыі мінарытарнага пакета акцый Беларусбанка. Рабочай групе даручана ўзгадніць з ААТ «ААБ Беларусбанк» умовы адкрытага конкурсу па выбары фінансавага кансультанта па пытаннях рэалізацыі мінарытарнага пакета акцый банка, а таксама конкурсную дакументацыю па яго выбары. Сярод іншага працоўнай групе неабходна ўзгадніць папярэднюю ацэнку кошту акцый Беларусбанка, падрыхтаваць і да 1 лістапада 2017 года ўнесці ва ўрад Беларусі прапановы аб выбары пакупніка мінарытарнага пакета акцый банка.

А Хоум Крэдыт Банк рэарганізуецца

Намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Дзмітрый Лапко паведаміў, што Хоум Крэдыт Банк стане нябанкаўскай крэдытна-фінансавай арганізацыяй. Рашэнне аб гэтым было прынята ўласнікам 2 мая. Нацбанк праінфармаваны аб тых дзеяннях, якія ажыццяўляе ўласнік Хоум Крэдыт Банка. Паводле слоў Дзмітрыя Лапко, гэта асабістая справа ўласніка, у якой форме будзе весціся бізнес — у статусе банка або нябанкаўскай крэдытна-фінансавай арганізацыі.

Хоум Крэдыт Банк зарэгістраваны Нацыянальным банкам Беларусі 10 ліпеня 2002 года. Памер яго статутнага фонду складае амаль 144,8 млрд рублёў. Як паведамлялася, Хоум Крэдыт Банк з 1 красавіка спыніў выпуск і абслугоўванне банкаўскіх картак, а яго зарплатны праект перайшоў да Белінвестбанка.

500 новых рублёў будуць, але не адразу

Таксама Дзмітрый Лапко адзначыў, што падрыхтоўка да дэнамінацыі ў Беларусі выканана ўжо на 90%. Намеснік старшыні праўлення Нацбанка канстатаваў, што ўсе падрыхтоўчыя мерапрыемствы ідуць па плане. Пры гэтым ён звярнуў увагу, што пераход на новыя грошы не будзе аднамомантавым — для гэтага ёсць адпаведны пераходны перыяд. Купюры старога і новага ўзору будуць знаходзіцца ў паралельным абарачэнні на працягу шасці месяцаў пасля дэнамінацыі. «І не трэба чакаць, што з 1 ліпеня ўсе банкаматы і ўсе касы банкаў пяройдуць на новую грашовую адзінку. Пры гэтым мы арыентуем банкі, каб яны былі гатовыя з 1 ліпеня максімальна хутка гэты працэс запускаць», — дадаў Дзмітрый Лапко.

Паводле рэкамендацыі Мінгандлю, многія крамы ўжо цяпер пачалі пазначаць цэны ў старых і новых грашах.

А вось купюр у 200 і 500 рублёў новага ўзору пасля дэнамінацыі ў шырокім абарачэнні на першапачатковым этапе не будзе. Аднак Дзмітрый Лапко адзначыў, што Беларусь не плануе адмаўляцца ад увядзення новай купюры наміналам 500 рублёў на фоне таго, што Еўрапейскі цэнтральны банк вырашыў спыніць у 2018 годзе выпуск купюр наміналам 500 еўра.

Разам з тым адразу пасля дэнамінацыі Нацбанк не плануе задзейнічаць 500-рублёвую купюру ў шырокім грашовым абарачэнні. «Такая купюра будзе выдавацца па запыце грамадзян праз банкі», — сказаў ён.

Аптымальны аб'ём ЗВР складае 10 млрд долараў

Старшыня Нацбанка ўпэўнены, што пры такім аб'ёме (10 млрд USD) золатавалютных рэзерваў наша краіна магла б разлічваць і на больш нізкія працэнтныя стаўкі пры прыцягненні крэдытаў на знешніх рынках. «Нейкі аптымальна-мінімальны ўзровень, на які наша краіна павінна была б арыентавацца, —
10 млрд долараў. Гэты ўзровень задавальняў бы рэйтынгавыя агенцтвы, крэдытораў і дазваляў бы краіне пазычаць на знешніх рынках па меншых працэнтных стаўках, чым робіцца гэта цяпер», — адзначыў Павел Калаур.

«Але гэта не значыць, што краіна не можа жыць збалансавана пры меншым узроўні золатавалютных рэзерваў. 10 млрд — гэта лічба, пры якой знешнія крэдыторы ацэньвалі б краіну з меншымі рызыкамі», — падкрэсліў старшыня праўлення Нацбанка.

Як паведамлялася, па выніках красавіка золатавалютныя рэзервы Беларусі ў адпаведнасці з метадалогіяй Міжнароднага валютнага фонду павялічыліся на 37,1 млн долараў і, паводле папярэдніх звестак, на 1 мая склалі 4,2 млрд долараў у эквіваленце.

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.