Вы тут

Летняя школа сустракае гасцей


У Інстытуце журналістыкі БДУ падчас ХІ Беларускага міжнароднага медыяфоруму «Партнёрства ў імя будучыні» прайшлі заняткі ў фармаце летняй школы журналістыкі.

Будынак на Кальварыйскай ужо адзінаццаты раз сабраў прафесіяналаў журналісцкай справы для перадачы ведаў студэнтам. Здаецца, зімовая школа журналістыкі толькі скончылася, і вось зноў гучаць прыветныя словы і пажаданні плённай працы ад дырэктара Інстытута журналістыкі Сяргея Дубовіка.


Намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Матусевіч таксама прывітаў гасцей летняй школы:

— Наша мерапрыемства ўжо стала традыцыйным, але разам з тым застаецца актуальным. Магчымасць абмену вопытам вельмі каштоўная, бо сённяшняя інфармацыйная прастора развіваецца імкліва. Згодна з данымі сацыялагічных даследаванняў, у 2005 годзе 3% ад усіх апытаных назвалі інтэрнэт як прыярытэтную крыніцу інфармацыі, а ў 2015 годзе гэтая лічба дайшла да 45%. Як у гэтых умовах працаваць друкаваным СМІ, як выкарыстоўваць у сваёй працы інтэрнэт, сацыяльныя сеткі і вялікую колькасць гаджэтаў, з якімі не разлучаецца значная колькасць людзей, — вось толькі частка пытанняў, якія трэба абмеркаваць.

Пра асаблівасці сваёй працы расказалі студэнтам генеральны дырэктар Беларускага тэлеграфнага агенцтва Дзмітрый Жук, дырэктар інфармацыйнага агенцтва «Арменпрэс» Арам Ананян, дырэктар кыргызскага нацыянальнага інфармацыйнага агенцтва «Кабар» Кубанычбек Таабалдзіеў і кіраўнік сектара краін СНД і Балтыі «ТАСС» Барыс Грушын. Пасля заўвагі Дзмітрыя Жука пра тое, што журналіст павінен быць цікаўным, атрымаўся сапраўдны дыялог, бо аўдыторыя пачала задаваць кіраўнікам інфармацыйных агенцтваў шмат пытанняў.

Студэнты таксама змаглі паўдзельнічаць у майстар-класах вядучых журналістаў Беларусі і краін Еўразіі.

Дар'я ЧАРНЯЎСКАЯ

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?