Вы тут

Дэпутаты разгледзелі 14 законапраектаў


Падчас пасяджэння ў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў распачалася сапраўдная дыскусія з дакладчыкамі па законапраектах, што тычыліся гарантый па сацыяльнай абароне дзяцей-сірот, а таксама барацьбы з распаўсюджаннем наркотыкаў. Парламентарыі нават прапанавалі стварыць у краіне «прафілактычныя школы», якія вучылі б бацькоў, як даведацца, што іх дзіця ўжывае псіхатропныя рэчывы.


— Сёння наша краіна можа ганарыцца сістэмай па абароне правоў дзяцей, у тым ліку дзяцей-сірот, і тых, што засталіся без нагляду бацькоў, — заявіла падчас размовы з журналістамі Тамара КРАСОЎСКАЯ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі.

Законапраект «Аб гарантыях па сацыяльнай абароне дзяцей-сірот, дзяцей, што засталіся без нагляду бацькоў, а таксама асоб з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без нагляду бацькоў» у асноўным закранае пытанні, якія тычацца ўрэгулявання праваадносін у жыллёвай сферы.

— Зменены тэрміны прадастаўлення жылля сацыяльнага карыстання для гэтай катэгорыі асоб: да 5 гадоў з моманту паўналецця, уступлення ў шлюб або да аднаго года з дня заканчэння вышэйшай навучальнай установы, — паведаміла дэпутат. — Па цяперашнім заканадаўстве адпаведны тэрмін складае 6 месяцаў з дня заканчэння навучальных устаноў або заканчэння тэрміну ваеннай службы.

Праект закона дапоўнены нормай пра тое, што названая катэгорыя асоб мае права на атрыманне жыллёвага памяшкання ў інтэрнатах да атрымання жылля сацыяльнага карыстання.

— Гэта будзе іх права, — звярнула ўвагу дэпутат. — Абавязак мясцовых выканаўчых органаў — прадастаўляць такое жыллё.

Тамара Красоўская паведаміла, што праведзена карэкціроўка нормы, дзе і калі сіроты і асобы, што засталіся без нагляду бацькоў, маюць права стаць у чаргу на паляпшэнне жыллёвых умоў. Так, яны могуць зрабіць гэта па месцы атрымання першай працы або ў населеным пункце, дзе яны атрымалі статус сіраты. Гэтая ж катэгорыя грамадзян атрымлівае права на льготны крэдыт па паляпшэнні жыллёвых умоў. Дагэтуль у іх такога права не было.

— Гэта звязана з тым, што праз пяць гадоў сацыяльнае жыллё, прадастаўленае сіротам, пераходзіць у статус арэнднага, — патлумачыла Тамара Красоўская. — Права на льготны крэдыт будзе стымуляваць дзяцей вырашыць сваё жыллёвае пытанне, самім паклапаціцца пра ўласнаё жыццё.

Закон уносіць і адно істотнае дапаўненне.

— Згодна з дзейным заканадаўствам, статус сіраты спыняецца па дасягненні маладымі людзьмі 23-гадовага ўзросту, — нагадала парламентарый. — Законапраект прадаўжае гэты час. Калі маладыя людзі пасля 23 гадоў працягваюць навучацца на дзённай форме, то маюць права карыстацца тымі ж дабротамі, якімі карыстаюцца асобы, што маюць статус сіраты.

Апошні, па словах дэпутата, дае маладым людзям магчымасць атрымліваць розныя віды дапамогі.

Праект закона быў прыняты ў першым чытанні.

У першым чытанні дэпутаты прынялі папраўкі, якія ўстанаўліваюць адміністрацыйную адказнасць за з'яўленне ў стане наркатычнага ап'янення ў грамадскім месцы. Раней гэта парушэнне грамадскага парадку кваліфікавалася як з'яўленне ў нецвярозым стане і каралася адпаведна. Пасля ўступлення ў сілу законапраекта за ўжыванне наркатычных, псіхатропных рэчываў у немедыцынскіх мэтах будзе ўведзена асобная адказнасць.

Васіль АЛЯКСЕЕНКА, член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы, паведаміў, што за з'яўленне грамадзяніна ў стане наркатычнага ап'янення ў грамадскім месцы прадугледжаны штраф ад 5 да 10 базавых велічынь; на працы і ў працоўны час — ад 8 да 12 базавых. За спажыванне наркатычных сродкаў у грамадскім месцы прадугледжана адказнасць у памеры ад 10 да 15 базавых велічынь.

Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, які прысутнічаў на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў, паведаміў журналістам: у найбліжэйшай будучыні цалкам магчыма завядзенне крымінальных спраў у дачыненні да нашых грамадзян, якія прымалі ўдзел ва ўзброеных канфліктах за мяжой.

Па словах міністра, нядаўна прынятыя папраўкі ў заканадаўства, якія дазваляюць прыцягваць да адказнасці за ўдзел ва ўзброеных канфліктах за мяжой, а не толькі за найміцтва, павысяць у будучыні ўзровень бяспекі для жыхароў Беларусі. На яго думку, удзельнікі баявых дзеянняў за мяжой нясуць патэнцыяльную пагрозу для грамадзян.

— Я вывучыў іх біяграфіі, — паведаміў ён. — Многія з іх — вельмі экзальтаваныя асобы, якія маглі б у будучыні нарабіць нам бяды.

 yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Штрафы за наркатычнае ап'яненне істотна павялічацца,а дзеці-сіроты атрымаюць права на льготны крэдыт

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.