Вы тут

Спеў мой пра вецер…


“Сонечныя песні вяртання” – так назваў я сваю прадмову да кнігі вершаў Ай Ціна “Водар стоенага лесу”, якая выйшла ў Выдавецкім доме “Звязда” у 2015 годзе. Вось што тады напісалася найперш: “Прабачце за асабістае… Але яно трымаецца ў душы, так адгукаецца з даўніны, што не магу адкінуць, адрынуць той даўні ўспамін. 1981 год. Мо нават пачатак 1982 года. Па вуліцы Гвардзейскай, дзе мясцілася наша Львоўскае ваеннае вучылішча, эпіцэнтрам некаторага жыцця была невялікая крамка “Ваенная кніга”. Туды цягнуліся курсанты, туды ішлі выкладчыкі, афіцэры і цывільныя. І часам хвіліны росшукаў на стэлажах “Ваеннай кнігі” прыносілі адкрыцці!.. У мяне яны былі звязаны і з набыццём танюткіх кніжачак дзвюх серый – “Избранная зарубежная лирика” і “Современная зарубежная лирика”. Танюткія зборнікі ўмяшчаліся ў курсанцкую сумку, іх можна было насіць у кішэнях вайсковай формы. Так, за гады вучобы, з 1981 па 1985, за 2 “львоўскія гады”, у мяне сабраўся ладны стосік паэтычных кніг лепшых настаўнікаў слова XX стагоддзя: Гомеса Арманда, Тадэвуша Ружэвіча, Ізета Сарайніча, Эрыха Фрыда, Яна Ангеласа Сікелянса, Мігеля Атэра Сільвы, Ронхувіра Сахая, Венесуэла, Грэцыя, Польшча, ЗША, Індыя... Колькі сусветаў умясцілася ў гэтай бясконцай і лаканічнай па колькасці старонак бібліятэцы!.. І роўны сярод роўных кітаец Ай Цін, якога са згаданых паэтаў я адкрыў для сябе ці не найперш”.

Зраблю кароткае адступленне. Задумаўшы ў 2014 годзе выдаваць серыю “Светлыя знакі: паэты Кітая”, мы кіраваліся некалькімі прычынамі. У лютым 2015 года на чарговай мінскай кніжнай выстаўцы-кірмашы ганаровым госцем павінен быў быць Кітай. Так яно пасля і адбылося. Значыць: да гэтай падзеі трэба было рыхтавацца. Другая прычына ці падстава, якая скіроўвала менавіта да паэтычнай серыі… У нас ужо быў вопыт выдання, падрыхтоўкі перакладаў з кітайскай паэзіі. У 2012 годзе “Звязда” выдала аўтарскую перакладную анталогію Міколы Мятліцкага “Пад крыламі Дракона. Сто паэтаў Кітая”. Да таго ж вельмі хацелася да знаёмства з паэзіяй Кітая прыцягнуць і болей шырокае кола беларускіх перакладчыкаў. Параіўшыся з вопытным, улюблёным у сваю справу кніжным рэдактарам Вольгай Аляксеевай, і прыйшлі да ідэі серыі. І калі першых яе аўтараў (Ван Вэя, Лі Бо, Ду Фу, Ай Ціна, пазней – у 2016-м – у серыю арганічна ўвойдзе зборнік вершаў Лі Хэ “Песня бамбукавай флейты”) мы з Вольгай выбіралі разам, то сама назва “Светлыя знакі: Паэты Кітая” належыць менавіта ёй.

Але ж вернемся да прадмовы: “Ужо пазней, праз шмат гадоў, прачытаўшы на рускай мове ўсё, што перакладзена было з Ай Ціна, я звязаў яго творчасць з уяўленнямі і прыхільнасцямі да паэзіі бязмежнага Максіма Танка. Канешне, Танка 1960-1980-х, калі свабодны верш усё болей забіраў яго ў свой палон. Ай Цін жыццё пражыў у яднанні са свабодным вершам. Ранняму адкрыццю такіх яго прыхільнасцяў паспрыяла біяграфія. Тры гады вучобы у Францыі (цікавы факт: у 1985 годзе 75-гадовага кітайскага паэта прэзідэнт Мітэран адзначыць літаратурнай прэміяй. Вось што значыць жыць доўга!). Пасля, у Кітаі, за выступленні супраць Гаміньдана Ай Ціна арыштуюць, адправяць у турму. Затым, на волі, пачынаючы з 1936, за гады кітайска-японскага змагання, выйдуць асноўныя яго кнігі: “Да сонца” (1938), “Поўнач” (1939), “Вестка пра світанне” (1943), “Пра паэзію” (1940)…

У 1955 годзе маскоўскі часопіс “Иностранная литература» змяшчае ўрывак з паэмы Ай Ціна “У падарунак Сталіну”. Здавалася б, ёсць яшчэ і “Ахоўная грамата”. Ды толькі не для паэта, не для паэзіі…”

Яшчэ адно кароткае адступленне. Сталінская паэма Ай Ціна з вышыні сённешняга часу выглядае зусім натуральнай з’явай. Што маглі кітайскія пісьменнікі ведаць тады, у 1950-я, пра савецкі 1937 год? А калі нешта і ведалі, то ўсё ж Сталін увасабляў ў іх вачах, відавочна, асобу, якая прынесла вызваленне ад японскай агрэсіі. А 1953 год у нас, у Савецкім Саюзе… Ужо зараз чытаю напісанае Веніямінам Каверыным ці не тры дзесяцігоддзі назад пра выдатнага паэта, празаіка Канстанціна Сіманава: “Я помню траурны сход у Тэатры кінаакцёра, помню заліты слязьмі твар Сіманава у прэзідыуме – твар мужнага чалавека, які не хаваў сваіх слёз. Але ў яго прамове, выкладзенай голасам, які абрываўся, ён выказаў несуразную думку пра тое, што ўся наша літаратура з гэтага часу павінна быць прысвечана Сталіну і апавядаць пра яго (падкрэслена мною – А.К.)…”

З прадмовы да кнігі “Водар стоенага лесу”: “…За крытыку прыцяснення Мао Цзэдунам свабоды дэмакратыі Ай Ціна высылаюць у доўгатэрміновую высылку ў Маньчжурыю. 16 гадоў замест работы за пісьмовым стало – праца прыбіральнікам вясковых грамадскіх туалетаў. Поўная рэабілітацыя прыйшла толькі ў 1978 годзе. У 1980 годзе выходзіць кніга “Песня вяртання”.

“Расчыніце насцеж вокны. (Адчыніце нашы дзверы, /Хай загляну, хай пранікну ў вашы цесныя пакоі…” Гэтыя радкі ў перакладзе Міколы Мятліцкага – з верша “Слова сонца”. Сонца, світанак, паходная – вось галоўныя сімвалы жыццясцвярджальнай паэзіі Ай Ціна. Так, жыццясцвярджальнай, нягледзячы ні на што. Выпрабаванні, пакуты, драматычныя калізіі – і разам з тым асновай мастацкіх перакананняў з’яўляецца Сонца, Вецер, Горы, Снег, Вада – усё тое, што сілкуе, крынічна ўзбагачае чалавека ў яго памкненнях да вечнай свабоды, да духоўнага і сардэчнага, душэўнага шчыравання.

Гэтым і цікавы, багаты на сілу і моц духоўнасці і інтэлекту Ай Цін. А я, прыпамінаючы Львоў, удзячны той сустрэчы з кнігай кітайскага паэта ў сціплай кнігарні”.

У беларускую кнігу Ай Ціна ўвайшлі 26 вершаў. Пераклады належаць Міколу Мятліцкаму, Навуму Гальпяровічу, Таццяне Сівец. Першы з іх пераклаў 5 твораў – “Слова сонца”, “Хлопчык косіць траву”, “Вуліца”, “Сяляне”, “Страчаны час”. Усе яны ўвайшлі ў згаданую аўтарскую анталогію “пад крыламі Дракона. Сто паэтаў Кітая”.

Расчыніце насцеж вокны,

Адчыніце вашы дзверы, --

Хай загляну, хай пранікну

У вашы цесныя пакоі…

Кветак ранішніх букеты пынясу вам,

Водар стоенага лесу прынясу вам,

Прынясу вам рос сцюдзённых –

Чуйце свежасць,

Ды прачніцеся хутчэй жа, сон зганіце,

Ад падушкі адарвіцеся, не спіце,

Прыадкрыйце нерухомыя павекі,

Каб убачыць мой прыход блаславёны.

 

Сэрцы хай, як вашы цесныя пакоі,

Парасчыняць пазачыненыя дзверы,

Хай цяпло, святло, букетаў пахкасць

І раса напоўняць сэрцы вашы!

Верш “Слова сонца” напісаны 14 студзеня 1942 года.

7 ліпеня 1937 года ў Кітаі пачалася антыяпонская вайна. У перыяд Сапраціўлення Ай Цін напісаў паэмы “Да сонца” (1938), “Ён памёр другім разам” (1939), “Паходня” (1940). Вершу, які даў назву кнізе, папярэднічае такі эпіграф: “Аднойчы паэт сказаў мне: “Поўнач – самотная краіна”. У “Водары стоенага лесу” верш “Поўнач” дадзены ў перакладзе Навума Гальпяровіча (дарэчы, для беларускай кнігі Ай Ціна ён пераклаў 11 твораў):

Ды хай дзьме вецер у скроні,

Хай холад сціскае істоту,

Люблю я, прыйшоўшы здалёку,

Самотную гэту зямлю.

І ярка сабе я ўяўляю,

Як продкі тут сеялі жыта.

Як голас самотнай жалейкі

Звінеў і знікаў у прасторы.

 

Я ведаю, што пад зямлёю

Пакояцца продкавы косці.

Дзясяткі тысяч доўгіх гадоў

Пахалі яны гэтую зямлю,

І вораг скарыць іх не здолеў.

 

Я люблю самотную гэту зямлю,

Дзе выспела родная мова.

Я люблю самотную гэту зямлю,

Дзе ўзрос мой любімы,

Вялікі і мужны,

Такі шматпакутны,

Такі старажытны народ.

Якім быў той студзень 1942 года для Ай Ціна, калі вяртацца да верша “Слова сонца”? Дарэчы, ці не самая прадстаўнічая ў савецкія часіны кніга Ай Ціна (выйшла ў маскоўскім выдавецтве “Радуга” у 1989 годзе) так і называецца – “Слова сонцу”… З аднаго боку Кітай вёў вайну з Японіяй. У гэтай барацьбе аб’ядналіся нацыяналістычны рух Чан Кайшы і ўдзельнікі камуністычнага Сапраціўлення пад кіраўніцтвам Мао Цзэдуна. А з другога боку гэтыя сілы з вялікай жорсткасцю змагаліся паміж сабою. Да ўсяго гэтага дадаўся яшчэ страшны голад. У 1940-1941 гдзе ўраджай быў на дзіва бедным. Наступны год прынёс моцную засуху, якая знішчыла ўсе пасевы. Запасаў на выпадак засухі не было ні ва ўрада, ні ў насельніцтва. Кожны лічыў, што засуха доўга не прадоўжыцца. Але яна зацягнулася. Сяляне сталі першымі ахвярамі. Пік праблем прыйшоўся на правінцыю Хунань. І хаця ўрад выдзеліў – 200 мільёнаў долараў з фонда дапамогі галодным, непасрэдна да правінцыі дайшло 80 мільёнаў. Адміністрацыя паклала грошы ў мясцовыя банкі для атрымання прыбыткаў. Пасля размеркавання грошай былі ўтрыманы падаткі за правядзенне банкаўскіх аперацый. У выніку сяляне вымушаны былі аддаваць апошні мех рыса ў кантору зборшчыка падаткаў. З 30 мільёнаў чалавек, якія жылі ў правінцыі Хунань, за адзін год памерла ад голаду 3 мільёны…

І ва ўмовах гэтай рэчаіснасці паэт імкнецца да Сонца. Сімвалы святла, ветру падаюцца Ай Ціну найболей выразнымі, дзейнымі сродкамі паэтычнага, мастацкага ўплыву на жыццё. Творца перакананы, што паэзія – гэта жыццё, гэта рух у пераадольванні самых складаных бастыёнаў.

І ў гэтай творчай дарозе, у гэтым “бегу да сонца” Ай Цін асабіста сутыкнуўся з няпростымі перашкодамі. Сумнай падзеяй для мастака слова сталася ў маі 1942 года нарада па пытаннях літаратуры і мастацтва, на якой выступаў Мао Цзэдун і дзе ўпершыню Ай Цін быў падвергнуты несправядлівай, неабгрунтавай крытыцы. Нарада праходзіла ў перыяд, калі ішоў “рух за ўпарадкаванне стыля партыйнай работы” (“чжэнфэн”), які Ай Цін назваў, “бяскроўнай вайной”. За некаторы час да нарады паэт напісаў артыкул “Разумець пісьменніка, паважаць пісьменніка”. Пра змест артыкула пісьменнікаў таксама нагадалі ў час нарады. Голыя абвінавачванні не толькі знізілі творчую актыўнасць пісьменніка, але душылі свабоду думкі, забівалі натхненне. І ўсё ж гэта быў не самы страшны перыяд у творчым, жыццёвым лёсе Ай Ціна. Праз пятнаццаць гадоў да аўтара верша “Слова сонцу” прыйдуць доўгія гады маўчання. Якую болей цяжкую кару можна прыдумаць для паэта?!

30 красавіка 1978 года ў газеце “Вэньхуэйбао” з’явіўся верш Ай Ціна “Чырвоны сцяг”.

Красные лучи заката,

Красные цветы граната,

Красные рододендроны,

Кровь из раны,

Красный факел, красный мак,

Самый красный – красный флаг,

Реющий в голубизне

Красный флаг.

У газету адразу пайшлі лісты, тэлеграмы, адрасаваныя Ай Ціну: “Мы шукалі цябе дваццаць гадоў… Мы чакалі цябе дваццаць гадоў…” У сакавіку 1979 года Ай Ціна афіцыйна рэабілітавалі і аднавілі ў партыі. Кітай успомніў пра паэта, вялічыня якога – з шэрагу Пабла Нэруды, Ніколаса Гільёны, Назыма Хікмета…

У канцы 1970-1980-ыя гады Ай Цін вярнуўся да актыўнага творчага жыцця. Наведаў Германію, Францыю, Італію, ЗША, Японію. У преыядычным друку пачалі з’яўляцца публікацыі падборак вершаў, напісанных ці ў паездках, ці пасля іх завяршэння. Галоўныя ідэі твораў – гістарычная заканамернасць перамогі разума над злоснымі сіламі, пераможнасць гуманізма, прагрэса. Пра гэта – і ў вершы “Светильник”, напісаным у 1980 годзе ў Рыме:

Мне подарили светильник

Древнегреческого происхождения,

Странную вещь с узором

В виде летящих коней.

 

Сегодня, в век электричества,

Эта масляная лампа

Кажется жалкой и тусклой

В блеске иных огней.

 

Но это крошечная лампа,

Озаряя крошечным лучиком

Темные коридоры истории,

Человечество к свету вела.

У «беларускай» кнізе Ай Ціна, акрамя Міколы Мятліцкага і Навума Гальпяровіча, з перакладам дзесяці вершаў выступае і Таццяна Сівец. Добра вядомая паэтэса, літаратар, якая працавала галоўным рэдактарам часопіса “Маладосць”, газеты “Літаратура і мастацтва”, ва ўсёй творчасці ўважлівая да перакладчыцкай работы. Дзякуючы яе старанням, па-беларуску загучалі паэтычныя творы Чынгіза Алі аглу, Лейлы Аліевай (Азербайджан), Рымы Ханінавай, Міхаілы Ханінавай, Веры Шуграевай (Калмыкія), Галіны Тарасюк, Тараса Шаўчэнкі (Україна) і шмат каго яшчэ. Значную частку кнігі “Разняволенасць” Т. Сівец якраз і складае раздел перакладаў. Бедзем спадзявацца, што яе пераўвасабленне на мову Купалы і Коласа вершаў Ай Ціна – далёка не апошні зварот Таццяны Мікалаеўны да кітайскай паэзіі.

Паглыбляючыся ў беларускае засваенне кітайскага прыгожага пісьменства, разумееш, які гэта багаты і бязмежны мастацкі, паэтычны Космас. І нават Ай Цін прадстаўлены па-беларуску зусім-зусім фрагментарна. З вершаў, напісаных пасля доўгага вымушанага перапынку ў творчай рабоце, перакладзены толькі два творы – “Без назвы” і “Страчаны час”. А чаму, напрыклад, не “Горкі вопыт”…? Усяго тры страфы, а колькі ў іх схавана сэнсаў, якое філасофскае ўсведамленне часу, рэчаіснасць, сэнсу чалавечага жыцця?! “Стал я стар, мой взгляд не тот,/ І в глазах порой двоится; (Вижу все наоборот:/ Сверху – ноги, снизу – лица./ Слух ослаб, я сам не рад,/ Озираюсь огорченный./ Скажут – круг, звучит – квадрат, /Скажут – белый, слышу – черный./ Лишь пройдя страданий путь,/ Я постиг в кровавой драме:/ Нужно все перевернуть,/ Чтоб стояло вверх ногами.”

У Расіі выдадзена як мінімум дзве манаграфіі, прысвечаных творчасці вялікага паэта ХХ стагоддзя – “Ай Цін” В. Пятрова (1954 год) і “Ай Цін – грамадзянін Сонца” Л. Чэркаскага. На рускай мове ўбачылі свет некалькі зборнікаў перакладаў паэзіі Ай Ціна. Будзем спадзявацца і на руплівасць беларускіх кітаістаў у прадстаўленні паэзіі выдатнага паэта –філосафа.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.