Вы тут

Нястомны вандроўнік Янка Маўр


Дзве новыя кнігі — у вянок памяці пра вядомага пісьменніка

Яго называлі «бацькам беларускай дзіцячай літаратуры» і «капітанам дзіцячых падарожжаў». Яго кнігамі захапляліся Купала з жонкай, іх перакладчыкамі на замежныя мовы часта выступалі самыя простыя чытачы, уражаныя талентам творцы. Ён умеў настолькі пераканаўча напісаць пра вандроўкі і прыгоды, што не ўзнікала сумневаў: аўтар там быў і ўсё бачыў на свае вочы.


Вядомага беларускага пісьменніка Янку Маўра сёння часта ўспрымаюць перш за ўсё як аўтара кніг для дзяцей і падлеткаў, але ж ён пісаў і кнігі для дарослых, быў таленавітым гісторыкам і географам, валодаў міжнароднай мовай эсперанта.

Дзень нараджэння творцы стаў выдатнай нагодай прэзентаваць у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі дзве новыя кнігі; яны пабачылі свет акурат сёлета і раскрываюць розныя бакі жыцця і творчасці, прыадчыняюць раней не вядомыя старонкі лёсу Янкі Маўра. Так, у Выдавецкім доме «Звязда» асобнай кнігай выйшлі ўспаміны дачкі пісьменніка Наталлі Міцкевіч «Доўгая дарога ад дома Янкі Маўра да дома Якуба Коласа» (колькі гадоў таму яны друкаваліся ў часопісе «Полымя»), а Выдавецкі дом «Беларуская навука» прадставіў кнігу выбраных твораў Маўра. Адметна, што яе ўкладальніцай стала ўнучка творцы Марыя Міцкевіч, а прадмову напісала яго праўнучка Васіліна.

Урокі выхавання

Два класікі беларускай літаратуры Янка Маўр і Якуб Колас сябравалі амаль усё жыццё. Яны пазнаёміліся на нелегальным настаўніцкім з'ездзе ў Мікалаеўшчыне ў 1906 годзе, ліставаліся ў гады вайны, а ў 1946 годзе нават сталі сваякамі: малодшы сын Коласа Міхась ажаніўся з малодшай дачкой Маўра Наталляй. Таму назва для ўспамінаў Наталлі Міцкевіч «Доўгая дарога ад дома Янкі Маўра да дома Якуба Коласа» гучыць досыць сімвалічна. Але ініцыятарам напісання гэтай кнігі выступіў Міхась Міцкевіч. Ён расказвае:

— Наталля вельмі часта дзялілася ўспамінамі пра свайго бацьку, жыццё іх сям'і. Я ж прапанаваў ёй занатаваць гэтыя гісторыі, ведаючы, што пра Маўра не напісана грунтоўнай кнігі сямейных успамінаў. Адразу ж прыдумаў назву. І жонка пагадзілася, пачала працу. Наталля скончыла Маскоўскі авіяцыйны інстытут, абараніла дысертацыю, таму ў яе расповеду выдатная логіка. Праўда, ва ўспамінах Наталлі мне крыху не хапала гумару. Таму, каб кніга была цікавейшай, лягчэйшай, давялося дадаваць некаторыя смешныя выпадкі. Жонка спачатку была супраць такіх «правак», але потым пагадзілася. Так здараецца: некаторыя памятаюць усё цяжкае, што перажывалі, іншыя стараюцца пакінуць ва ўспамінах толькі смешныя гісторыі. У жыцці сям'і Маўра былі розныя старонкі — сумныя і вясёлыя.

З кнігі ўспамінаў Наталлі Міцкевіч можна даведацца шмат новага пра сям'ю Івана Фёдарава (такое сапраўднае прозвішча пісьменніка), яго жыццёвы лёс. Пасля ўдзелу ў нелегальным настаўніцкім з'ездзе настаўніку і будучаму літаратару было забаронена працаваць у школе, таму некаторы час ён на сваім ровары проста вандраваў па беларускіх дарогах. Так завітаў да айца Уладзіміра ў вёску Верхмень, дзе ў той час працаваў Колас. Праўда, тады творцы не сустрэліся. Але айцец Уладзімір парэкамендаваў Івану Фёдараву паехаць у мястэчка Турэц, бо дачцэ айца Фёдара Варвары патрэбен быў хатні настаўнік для дзяцей. Неўзабаве муж Варвары памёр, і яна паставіла Маўру ўмову: або шукаць новую працу, або ажаніцца з ёй, бо маладому мужчыну жыць у адным доме з незамужняй жанчынай, хай сабе і старэйшай за яго ўдавой, лічылася недапушчальным. Ён палюбіў дзяцей, асабліва малодшага — Мішу, таму і прыняў рашэнне ажаніцца з Варварай.

Яны абвянчаліся ў 1909 годзе, а праз два гады ў сям'і нарадзіўся сын Фёдар. Праз пяць гадоў Маўр стаў бацькам яшчэ аднаго сына — Арсеня, а ў 1919 годзе з'явілася на свет яго дачка Аляксандра. На жаль, у гэтым жа годзе Варвара цяжка захварэла і памерла. Праз год пісьменнік ажаніўся са Стэфанідай Шылёнак, жанчына стала добрай маці для дзяцей Маўра, а ў 1924 годзе нарадзіла дачку Наталлю.

Пісьменнік меў вялікі вопыт выхавання дзяцей, разумеў іх псіхалогію і быў выдатным бацькам.

— У кнізе шмат звестак пра тое, як Маўр ставіўся да сваіх дзяцей, якіх прынцыпаў прытрымліваўся ў іх выхаванні, — кажа Міхась Міцкевіч. — Ён ніколі не ўзвышаў голас, не сварыўся. Была такая гісторыя. Старэйшы сын Фёдар, калі быў хлопчыкам, аднойчы «адбіўся ад рук» і замест урокаў усё часцей гуляў з сябрамі. Бацька бачыў, што хлопец здольны, і вырашыў даць яму ўрок. Сабраў усе рэчы хлопца ў торбачку і сказаў: калі не хочаш займацца, ідзі сам сабе здабывай хлеб, але калі адумаешся, вырашыш старанна вучыцца, то ў любы час вяртайся. Той выйшаў з хаты, пахадзіў некалькі гадзін і вярнуўся ў хату. І ўрок пайшоў на карысць. Фёдар стаў вядомым фізікам-тэарэтыкам, абараніў доктарскую дысертацыю. А самай малодшай дачцэ Наталлі бацька заўсёды казаў так: калі бачыш, што рэч ляжыць не на сваім месцы, абавязкова прыбяры, папраў, каб усё было ў парадку.

Дарэчы, вельмі цікавым спосабам Маўр заахвочваў дачку чытаць. За пэўную колькасць прачытаных старонак абяцаў даць грошы на марожанае ці іншыя прысмакі. І гэта спрацавала. Наталля вельмі палюбіла чытаць, сабрала вялікую бібліятэку і сваіх дзяцей навучыла цаніць багацце кнігі.

Нараджэнне і жыццё Маўра

Імя «Янка Маўр» гучыць сапраўды незвычайна і прыцягвае ўвагу чытача. Неабходнасць у творчым псеўданіме ўзнікла адразу, калі малады чалавек пачаў пісаць. А справа ў тым, што ён — поўны цёзка рускага першадрукара Івана Фёдарава. Знайсці ж гучнае імя пісьменніку дапамагла знакамітая фраза з Шылера: «Маўр зрабіў сваю справу, маўр можа ісці».

Калі кніга ўспамінаў Наталлі Міцкевіч расказвае гісторыі з асабістага жыцця Янкі Маўра, то зборнік выбраных твораў пісьменніка з серыі «Беларускі кнігазбор» паказвае як вядомыя, так і зусім нечаканыя старонкі яго творчасці. Укладальніца выдання і ўнучка Маўра Марыя Міцкевіч расказала:

— Пра этапы станаўлення асобы Янкі Маўра можна даведацца з яго аўтабіяграфічнай аповесці «Шлях з цемры», яна ўвайшла ў кнігу выбранага. Гэты выдатны твор распавядае пра дзяцінства будучага пісьменніка, яго вучобу у Коўне і Панявежы. Пранікнёныя старонкі ён прысвяціў сваёй маці, якая выратавала яго жыццё. Маленькага Янку неяк пакусаў шалёны сабака, ён хварэў на воспу, але застаўся жыць. Маці таксама старалася, каб ён атрымаў адукацыю. Падчас вучобы ў Коўне ў рамеснай вучэльні хлопец захапіўся чытаннем, асабліва прыгодніцкай літаратуры, марыў праехаць па ўсіх гарах і рэках свету.

Пачаткам літаратурнай дзейнасці творцы можна лічыць 1923 год, калі з'явіліся яго першыя публікацыі ў газеце «Савецкая Беларусь» і ў петраградскім часопісе сатыры і гумару «Бегемот». Свой першы вялікі і сур'ёзны твор Маўр напісаў 90 гадоў таму. Гэта аповесць «Чалавек ідзе», якая друкавалася ў 1926-1927 гадах у некалькіх нумарах часопіса «Беларускі піянер», а асобным выданнем пабачыла свет у 1927 і 1933 гадах. Твор «Чалавек ідзе» быў прыхільна прыняты чытачамі. І ў хуткім часе Цішка Гартны, які ў той час быў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага выдавецтва, прапанаваў пісьменніку напісаць новую кнігу. Так з'явілася першая прыгодніцкая аповесць «У краіне райскай птушкі». А потым з-пад Маўравага пяра выйшаў твор, які сёння назвалі б бестселерам. Гэта, вядома ж, «Палескія рабінзоны» — адна з самых любімых кніг многіх пакаленняў школьнікаў.

Якуб Колас і Янка Маўр з агульным унукам Сяргеем.

— Магчыма, сакрэт поспеху гэтай аповесці ў тым, што яна паказвае: цікавымі могуць быць не толькі замежныя краіны, але і ў Беларусі шмат адметнага, — разважае Марыя Міхайлаўна. — Папулярнасць кнігі была проста неверагодная, яна перавыдавалася некалькі разоў, перакладалася на розныя мовы, нават кітайскую, але, на жаль, па-руску аповесць так і не выйшла.

Янка Маўр лічыцца і пачынальнікам жанру фантастыкі ў беларускай літаратуры. Яго фантастычную аповесць «Фантамабіль прафесара Цылякоўскага» таксама можна пачытаць у новай кнізе выбранага. Ёсць у выданні артыкулы пісьменніка, якія раней не публікаваліся. Марыя Міцкевіч адзначае:

— Дзядуля меў план напісаць вялікую гістарычную кнігу пра паходы крыжакоў на беларускія землі. Але, на жаль, задума не здзейснілася. Некаторыя часткі «Старонак гісторыі» ўсё ж захаваліся і ўпершыню надрукаваныя ў гэтым выданні. «Дзіцячы пісьменнік і дзіцячы чытач» — яшчэ адзін цікавы артыкул Маўра, які раскрывае яго стаўленне да дзіцячай літаратуры. Пісьменнік лічыў, што дзіцячае чытанне — справа вельмі сур'ёзная, што дзяцей ні ў якім разе нельга падманваць. Дзядуля трымаў сувязь з чытачамі, прапаноўваў новыя формы работы. Напрыклад, пісаў артыкулы ў перыёдыку, дзе наўмысна дапускаў памылкі. Дзеці павінны былі іх уважліва прачытаць, правесці міні-даследаванне і выправіць недакладнасці.

Вельмі цікавы артыкул Маўра «Эсперанта». Дарэчы, гэтая міжнародная мова дапамагла пісьменніку стварыць такі вядомы раман, як «Амок». Творца чытаў замежныя эсперанцкія газеты, ліставаўся з сябрамі-эсперантыстамі з розных краін і атрымліваў ад іх рэдкія матэрыялы, лісты, часопісы са здымкамі. Унучка пісьменніка кажа:

— Маўр пазнаёміўся з мовай эсперанта ў 1904 годзе, калі яшчэ вучыўся ў Панявежы, потым актыўна развіваў цікавасць да гэтай мовы ў Беларусі, нават выкладаў на радыёкурсах, у 1926 годзе ўдзельнічаў у міжнароднай канферэнцыі эсперантыстаў, быў ганаровым старшынёй арганізацыі беларускіх эсперантыстаў. Тады эсперанта было вельмі папулярным.

У кнігу ўвайшлі таксама лісты Янкі Маўра да Алеся Якімовіча, Паўла Кабзарэўскага, Анатоля Тонкеля. Асабліва ўражваюць лісты да яго блізкага сябра Якуба Коласа, напісаныя ў эвакуацыі. У ваенныя гады сям'я Коласа апынулася ў Ташкенце, а Маўр з роднымі трапілі ў Алма-Ату. Яны ўвесь час ліставаліся, абменьваліся кнігамі, гэта была неабходная падтрымка, сувязь у вельмі складаныя часы.

У дадатку да кнігі — вершы-прысвячэнні, артыкулы-ўспаміны пра Маўра, якія напісалі яго дачка Наталля, пісьменнік Сяргей Грахоўскі, яго вучань і сябар Сяргей Міронаў, аўтар кнігі «Дзед Маўр».

Янка Маўр умеў апісваць падзеі ў далёкіх, экзатычных краінах, ствараў фантастычныя сюжэты, прыдумваў неверагодныя гісторыі. Але ж і сам Янка Маўр, яго творы, кажучы словамі Кузьмы Чорнага, — гэта цэлы свет, які нам, чытачам, патрэбна доўга-доўга даследаваць.

vesіaluha@zvіazda.by

Фо­та Кас­ту­ся ДРО­БА­ВА

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Міністр спорту і турызму пра жыццё беларускага спорту. Шчыра і аб’ектыўна.

Грамадства

Хто рызыкуе захварэць на рак малочнай залозы?

Хто рызыкуе захварэць на рак малочнай залозы?

На першым месцы — спадчынны фактар.  

Грамадства

Чаму важна аднаўляць балотныя экасістэмы?

Чаму важна аднаўляць балотныя экасістэмы?

Балоты непарыўна звязаныя з культурай і гісторыяй беларускага народу. 

Здароўе

Чаму беларусы не спяшаюцца прышчапляцца?

Чаму беларусы не спяшаюцца прышчапляцца?

Праз які час праводзіць рэвакцынацыю ад COVІD-19 і ці патрэбна яна ўвогуле?