Вы тут

Карціны алеем: хутка, прафесійна, гарантыя аўтара


Пад наглядам магнетычнага позірку з партрэта.

Стаць паспяховым мастаком не проста, але магчыма, калі пашанцуе з натхняльнікамі. Загадкавы дэман з выпадковага партрэта можа змяніць лёс творцы.


Модны мастак Чарткоў адмовіўся ехаць вучыцца ў Італію. Адмовіўся, нават нягледзячы на тое, што настаўнік з акадэміі, шаноўны прафесар зрабіў усё, каб уратаваць свайго вучня, — дамовіўся, што менавіта таго адправяць на навучанне за мяжу. Але якое навучанне, і чаму там могуць навучыць ці не самага паспяховага мастака ў горадзе, а то і... Ён сам усіх можа павучыць, варта толькі паглядзець, хто як жыве: у шыкоўных апартаментах — Чарткоў, астатнія ціха зайздросцяць.

Пра поспех у мастацтве і тое, што за ім можа стаяць, разважалі ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, дзе з'явіўся спектакль паводле містычнай аповесці Мікалая Гогаля «Партрэт». Дзеянне адбываецца ў Пецярбургу ў ХІХ стагоддзі. Але ж для творчых асоб адны спакусы — што тады, што сёння. Таму гогалеўскі «Партрэт» яшчэ жывы.

Ажывае ён на сцэне. Відаць, аўтары задумы ўяўлялі, як гэта можна зрабіць у тэатры, пры гэтым захаваўшы ідэю Гогаля, толькі пакінулі права на свой погляд: жанр пастаноўкі вызначаны як трагіфарс. Аўтар інсцэніроўкі Святлана Навуменка прадугледжвала размову пра псіхалогію творцы, які цярпеў галечу, пакуль містычным чынам на яго не сышло адкрыццё, як усё можна павярнуць. Нібыта пад уздзеяннем дэманічнага погляду чужынца з партрэта ён здрадзіў мастацтву і вышэй за ўсё паставіў свае чыста чалавечыя жаданні: славу і багацце.

Усё ў яго склалася як мае быць: ад заказаў няма адбою, але заробленыя вялікія грошы ён з нейкай прычыны траціць на тое, каб знаходзіць і набываць творы вялікіх мастакоў. Захапляецца ці зайздросціць? Адказ даецца цягам спектаклю. Зрэшты, адказ вядомы яшчэ са школы, таму асаблівай інтрыгі няма (хіба што хтосьці захоча прыгадаць твор ці засумаваў па гогалеўшчыне). Таму найбольш цікавіла тое, як задума будзе ўвасоблена на сцэне.

Рэжысёр Аляксандр Гарцуеў, які ў выніку стаў пастаноўшчыкам спектакля, імкнуўся ўзмацніць драматычную гісторыю псіхалагізмам. У Гарцуева ёсць для гэтага свой фірмовы стыль: напружаная музыка — лічы, асобны герой у яго спектаклях. Таксама як і пластычныя сцэны, што даюць магчымасць крыху абстрагавацца ад часу, які адлюстраваны ў Гогаля (дэфіле і танцы дзяўчат у доўгіх сукенках па-за патрабаваннямі моды). Псіхіка героя — таямнічая бездань, з якой паўстае ці чалавек, ці пачварная істота чалавечага выгляду. Таму асноўны псіхалагізм ствараюць акцёры, яны іграюць у спектаклі Гарцуева, як кажуць, «на нерве».

Напружання хапае. Нягледзячы на тое, што гледачу адразу даюць зразумець: перад ім разыгрываюць гісторыю. Яе расказвае чалавек у чорным (акцёр Мікалай Стонька). Аднак нешта больш чорнае (і таямнічае) інтрыгуе ад самага пачатку — партрэт у пампезнай раме ў цэнтры сцэны. Ён ёсць. І паступова ажывае. Літаральна: з яго выходзіць магутны маўклівы велікан (такім здаецца артыст Андрэй Дабравольскі)... А-а-а, рэальны дэман! Мастак Чарткоў перад ім, што авечка, якую вядзі ў любы бок.

Напачатку так і не скажаш: наадварот падатлівым свайму гаспадару падаецца дзяншчык Мікіта. Артыст Сяргей Шымко адлюстраваў яго вельмі арганічна: просты чалавек, сваё месца ведае, шмат не патрабуе, абы было што паесці. І ад сваёй жыццёвай лініі не адыходзіць. На кантрасце з Чартковым.

Роля мастака Чарткова цэнтральная, калі не сказаць больш. Яна і ёсць усё ў гэтым спектаклі. Гэта яго галоўны герой. Гэта яго інтрыга. Яго сэнс. Метафара. У мастацкім афармленні імкнуліся не перабольшыць і не зменшыць нагрузку на гэты вобраз (сцэнаграфія Юрыя Саламонава, над касцюмамі працавала Марына Алёкіна, відэаэфекты Лізаветы Пінігінай, але ад мастака па святле Сямёна Давыдзенкі асабліва залежала містычная атмасфера). Вось вы бачыце, што з чалавекам адбываецца нешта жудаснае: артыст Андрэй Новік быў пераканаўчы. Вось герой апантаны ідэяй. Вось ад зайздрасці ніякавее... Губляе сябе. Губляецца ў сваім шляху. Знаходзіць новы і перараджаецца?

Шчыра кажучы, цяжка паверыць, што істота са скрыўленай свядомасцю, якая таемна знішчае вялікія творы мастацтва, можа ператварыцца ў анёла. Хіба што ў іншым жыцці...

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.