Вы тут

Горад засынае, прачынаюцца музеі


Чэргі на акцыю «Ноч музеяў» у Мінску ўспамінаюцца з гонарам. Такія ініцыятывы набліжаюць да грамадства высокую, «акадэмічную» культуру. Стэрэатып пра нуднасць у вялікіх залах пад акампанемент настойлівага «таварышы, цішэй» паспяхова разбураецца. Музейная справа здолела не проста зацікавіць шырокія масы, але і стварыць моду на свае мерапрыемствы. Асноўная частка «начэй» пройдзе 21 мая — у нашай краіне ўжо дванаццаты раз (увогуле першая акцыя была арганізавана ў Берліне ў 1997 годзе). Гарады ў гэтую ноч ажывяцца, па вуліцах засноўдаюць вялікія кампаніі, у музеях будзе шумна. Праўда, «ноч» у гэтым выпадку — перабольшванне: асноўная частка пляцовак разлічвае свае праграмы да дванаццаці гадзін. Але гуляць да раніцы, як у песні Цоя, нішто не замінае. Няхай у вокнах гаснуць агні і з'язджае апошні трамвай.

Прадстаўляем пяць пляцовак, куды варта завітаць, каб далучыцца да трэнда і высокай культуры адначасова.


1. Нацыянальны мастацкі музей у Мінску

Стрыт-арт, гульні, медытацыі, партал паміж мінуўшчынай і будучыняй. Музей, які знаходзіцца ў працэсе пашырэння і аднаўлення, назваў сваю праграму «Учора+заўтра». Знак «+» — гэта сённяшні дзень: сам музей знаходзіцца на пэўным памежжы, прытым фантастычная тэма парталаў праз час і прастору прывабная сама па сабе. Тут можна будзе ўбачыць тэатральныя эксперыменты, паслухаць жывую музыку, паўдзельнічаць у гульнях, памедытаваць і, зразумела, яшчэ раз зірнуць на сцены музея з экспанатамі.


2. Музей гісторыі беларускага кіно

Мода, дэфіле, фота ў кінавобразе, эксклюзіўная кава. На афішы «Моднай ночы» Музея гісторыі беларускага кіно кадр з фільма «Снеданне ля Ціфані» з сімвалам кіно, стылю і сваёй эпохі Одры Хэпберн. Тэматыка «Ночы» з гэтым і звязана — са стылем. На пляцоўцы арганізуюць кінадэфіле, якое будуць суправаджаць каментарыі гісторыка моды Таццяны Церашковіч, а крыху пазней можна будзе паслухаць лекцыю яшчэ аднаго эксперта ў гэтай сферы — Сашы Варламава. Тут жа адбудзецца паказ калекцый адзення і аксесуараў. Жывая музыка, здымкі ў кіношных вобразах у спецыяльна арганізаваных фотазонах, лекцыі — усё на фоне выстаўкі адзення ручной работы, упрыгажэнняў і аксесуараў з Беларусі, Украіны, Літвы, Расіі і ЗША.


3. Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў (дзве пляцоўкі — на праспекце Незалежнасці, 47 і на Някрасава, 3)

Майстар-класы, спектакль, шоу светлавых карцін, DJ-сэты, Эндзі Уорхал. НЦСМ у праграме «Будзь геніем» прысвячае «Ноч музеяў» тым мастакам, якія сталі трывалай часткай масавай культуры, — папулярным класікам, чые карціны часцяком цытуюцца ў сучасным кантэксце. Марк Шагал, Рэнэ Магрыт, Эндзі Уорхал, Сальвадор Далі, Фрыда Кало. Апошняй прысвяціла сваю калекцыю, якая будзе паказана на Някрасава, дызайнер Natasha Tsu Ran. А ў будынку на праспекце пройдзе шоу светлавых карцін, якое распавядзе пра вядомую мастачку. На першай пляцоўцы пакажуць спектакль пра Эндзі Уорхала «Нічога асаблівага», а на столь будуць праецыравацца слайды і відэа з ажыўшымі карцінамі. На другой пройдуць майстар-класы па жывапісе і танцах, запрацуе творчая студыя па стварэнні скульптур, да якой можна будзе далучыцца.


4. Літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа

Рок, квэст, рэтра-аўтамабілі, паэзія, беларускамоўныя настольныя гульні. Кажуць, дом Якуба Коласа быў заўсёды адкрыты для гасцей. Але пасля таго, як пачыналася ноч і ў акне творцы запальвалася святло, пісьменніка ніхто не турбаваў, бо гараджане ведалі: паэт заняты. Сваю праграму музейцы назвалі «Святло ў акне», а тэмай абазначылі падарожжы. Па папярэднім запісе можна паўдзельнічаць у квэсце, у якім адначасова са спаборніцтвам камандаў убачыць горад часоў класіка і месцы, апісаныя ў яго творах. У музеі пройдзе выстаўка рэтра-аўтамабіляў 1950-х гадоў, у гаражы пісьменніка будзе адкрыта экспазіцыя «У хвалях няспыннага руху: аўтамабільнымі шляхамі Коласа», адкрыюцца паэтычныя і музычныя пляцоўкі. Тут можна будзе паслухаць гурты Markuts Band, RECHA, Re1іkt і запісаць запаветнае жаданне чарніламі, пяром і за сталом Якуба Коласа.


Традыцыйна да акцыі далучаюцца музеі па ўсёй краіне. Апроч сталіцы, выключныя праграмы ў «Ноч музеяў» правядуць у Полацку, Віцебску, Брэсце, Магілёве (дзе будуць арганізаваны нават дзве «ночы»), Гомелі, Браславе, Лідзе і іншых гарадах. Даты і час правядзення вар'іруюцца.

katsyalovіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».