Вы тут

Май Майстра


Споўнілася 125 год з дня нараджэння Міхаіла Афанасьевіча Булгакава.


Геніальны (той выпадак, калі ўсе падобныя эпітэты і вызначэнні абсалютна да месца) пісьменнік нарадзіўся 15 мая 1891 года ў Кіеве ў сям'і  дацэнта духоўнай акадэміі і настаўніцы. Старэйшы ў вялікай сям’і (у якой выхоўвалася сямёра дзяцей) Міхаіл атрымаў медыцынскую адукацыю --  у 1916-м атрымаў дыплом аб зацвярджэнні ў ступені лекара. Арыенцірам у выбары прафесіі для Булгакава сталі ягоныя дзядзькі – вядомыя медыкі. Адзін з іх --  маскоўскі ўрач-гінеколаг Мікалай Міхайлавіч Пакроўскі --  пасля стане прататыпам прафесара Піліпа Піліпавіча Прэабражэнскага ў аповесці “Сабачае сэрца”.

Булгакаў пабыў на фронце падчас Першай сусветнай. Праўда, нядоўга. Пасля папрацаваў земскім доктрам --   гісторыя, якую ён феерычна апісаў у “Нататках маладога ўрача”.  У 1918-м вярнуўся ў Кіеў, дзе пачаў прыватную практыку як урач-венеролаг. Падчас Грамадзянскай вайны – у Белай гвардыі. Падчас адступлення Дабравольчага войска хварэў на тыф, таму і не эмігрыраваў. Пасля выздараўлення з’явіліся яго першыя драматургічныя творы (дагэтуль супрацоўнічаў з газетамі). Наконт пачатку творчасці Булгакаў так вызначыўся сваяку ў лісце: “Я спазніўся з тым, што я даўно быў павінен пачаць рабіць, -- пісаць”.

Тым не менш, з’явіўся выдатны пісьменнік, без якога асабіста я не ўяўляю літаратуры ХХ стагоддзя. Адзін з тых, хто адпаведным чынам сфарміраваў пакаленні, творчы асяродак, адносіны да Кнігі. Вядома, яго галоўным творам стаў грандыёзны па сэнсе і выкананні раман “Майстар і Маргарыта”. Міхаіл Афанасьевіч працаваў над ім амаль 12 гадоў --  з 1929-га па 1940-вы --  да самай смерці. Першую редакцыю (мяркуюць, што  яна называлася “Чорны маг”) аўтар знішчыў сам. Назва “Майстар і Маргарыта” замацавалася за раманам у 1937-м (сімвалічна? – аўт.).

Над сваёй галоўнай кнігай Булгакаў працаваў пакуль меў сілы. Сярод апошніх сцэн, унесеных Міхаілам Афанасьевічам у раман, --- сцэна перамяшчэння Сцёпы Ліхадзеева ў Ялту. Апошняя аўтарская праўка – у главу, дзе Маргарыта назірае пахаванне Берліёза. І рэпліка: “Дык гэта, мусібыць, літаратары за труной ідуць”…

Зразумела, у кожнага свой Булгакаў --  так і павінна быць. Хтосьці ўзгадае “Сабачае сэрца” з “Так, я не люблю пралетарыят” і “Ключы перадаю Швондзеру --  няхай ён аперыруе”. Іншыя перачытваюць “Тэатральны раман” ці “Белую гвардыю”. А “Нататкі на манжэтах”, апавяданні з жыцця маладога ўрача, фельетоны… Булгакаў паспеў многа і насамрэч вырас да Майстра. Пісьменніка, здольнага змяняць рэчаіснасць.

Дарэчы, геніальны раман прыйшоў да чытача паўстагоддзя таму --  у 1966-м твор (праўда, у скарочаным варыянце) пачаў друкавацца ў часопісе “Масква”, прадмову напісаў Канстанцін Сіманаў. Асобным выданнем “Майстар і Маргарыта” выйшаў у 1973-м. А сёння адкрыўся ўжо традыцыйны булгакаўскі фэст на Патрыяршых. Цікава, што менавіта 15 мая ў Галандыі ў ХVII стагоддзі атрымалі чорныя цюльпаны. Але, напэўна, не гэтыя самотныя кветкі, а гронка цудоўнага бэзу сімвалічна ўпрыгожыць сёння месца спачыну вялікага Майстра. Да слова, на магіле Міхаіла Афанасьевіча ўстаноўлены камень, які названы “галгофай”, --  ён раней ляжаў на магіле Мікалая Гогаля (зноў парад асацыяцый).

“Слухай бязгучнасць, - гаварыла Маргарыта майстру, і пясок шалясцеў пад яе босымі нагамі, - слухай i цешся тым, чаго табе не давалі ў жыцці, - цішынёй. Глядзі, наперадзе твой вечны дом, які табе дадзены як узнагарода. Я бачу ўжо венецыянскае акно i як уецца вiнаград, ён падымаецца да самага даху. Вось твой дом, твой вечны дом. Я ведаю, што вечарам да цябе прыйдуць тыя, каго ты любіш, хто цябе цiкавiць i хто цябе не засмуцiць. Яны будуць граць, яны будуць спяваць, ты ўбачыш, якое святло ў пакоi ад запаленых свечак”. З новым маем, Майстар!

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.