Вы тут

Алкаголь і жанчына


У адной з вёсак Баранавіцкага раёна здарылася страшная бяда. Сабака пароды пітбуль адгрыз абедзве рукі сужыцельцы свайго гаспадара, 32-гадовай жанчыне, якой на пятым месяцы цяжарнасці, ампутавалі канечнасці вышэй локця. Пацярпелая знаходзіцца ў рэанімацыі. Кажуць, што перарваць цяжарнасць яна адмовілася. Жанчына, вядома, пакуль знаходзіцца ў шоку ад перажытага, ад наркозу, ад моцных лекаў і да канца не асэнсоўвае таго, што чакае яе наперадзе.


Адразу скажу, я за тое, каб заканадаўча забараніць утрыманне дома сабак байцовых парод. Гэта вельмі небяспечна, амаль што жывая зброя. Ніколі не ўгадаеш, што стукне ў галаву жывёліне. Вядома шмат выпадкаў, калі жывёлы, асабліва сабакі, нечакана агрэсіўна рэагавалі на чалавека, ад якога пахне алкаголем. Так было і ў Дзераўной...

Алена ў свае 32 мае дваіх дзяцей — дзяўчынак 14 і 8 гадоў. Іх выхоўваюць сем'і прыёмных бацькоў. А яна за нявыплату аліментаў трапіла на так званую «хімію». Адтуль яе і забраў цяперашні сужыцель Сяргей. Жанчыне паверылі, далі работу па месцы жыхарства, каб паступова разлічвалася з даўгамі. Яна, як ужо гаварылася, зноў чакае дзіця. У той дзень Сяргей быў на рабоце. Алена, як пісалі на баранавіцкіх сайтах, выпусціла пітбуля пагуляць на двары. А потым, калі захацела загнаць яго ў хату, стукнула тапкам. Сабака адрэагаваў нечаканай агрэсіяй. Стаў літаральна адгрызаць ёй рукі. Жывёліну адцягнулі ад жанчыны суседзі. Хутка пасля здарэння вярнуўся і гаспадар. Ён выклікаў медыкаў. Жанчыну адвезлі ў бальніцу, правялі аперацыю.

Цяпер дакладна вядома, што цяжарная Алена была нападпітку. На адным з парталаў, дзе змешчаны матэрыял пра здарэнне, прыводзіцца выказванне Сяргея: «Я ж прасіў яе колькі разоў: «Алена, не пі!». Прасіў маці свайго будучага дзіцяці не піць гарэлку на другой палове цяжарнасці! Тут ужо не прасіць трэба было, а рашуча патрабаваць — так, каб дабіцца нейкіх вынікаў. Але ж цяпер нічога не паправіш...

Да чаго мы дажыліся? Вясковая жанчына, якой хутка нараджаць, ходзіць п'янай, і гэта не лічыцца ганебным, непрыстойным. Больш за тое, падобная рэчаіснасць стала амаль што будзённай з'явай і не выклікае грамадскага абурэння.

Ці не ў гэтым крыецца прычына таго, што даводзіцца назіраць усё часцей? Нездарма ж кажуць: «Мужык п'е — дах гарыць, жонка п'е — ва ўсім доме пажар».

Ці то проста адбываецца так, але апошнім часам усё часцей сустракаю нецвярозых жанчын сярод белага дня ў грамадскіх месцах. Не так даўно вярталася з камандзіроўкі з Драгічына дызель-цягніком. Перада мной праз лаўку сядзелі дзве жанчыны. Не сказаць, каб зусім без прычосак і макіяжу, не сказаць, каб дрэнна апранутыя. Звычайныя. Усю дарогу яны налівалі ў пластыкавыя кубачкі з бутэлькі гарэлку, выпівалі, няспешна закусвалі. Пад самым Брэстам дамы выглядалі зусім п'янымі, асабліва адна. Яна пачала шукаць санвузел... Сумнае відовішча, калі не сказаць больш. Ды гэтыя ўжо ва ўзросце 50+. Ім хоць не нараджаць.

Невясёлыя думкі абудзіла ў мяне і круглатварая маладзіца ў натоўпе людзей ля царквы ў суботу. Гараджане збіраліся для асвячэння велікодных страў. Яна стаяла з каляскай, і ў адкрытую сумку некаторыя кідалі дробныя купюры. У калясцы сядзелі сімпатычныя двайняткі з ярка-ружовымі ад дыятэзу шчокамі. Напэўна, трэці быў у калясцы побач. Мне адразу прыгадалася гісторыя адной пацыенткі, пра якую расказвалі ў паліклініцы. Незамужняя маладзіца з дваімі дзецьмі і хворымі пасля вытворчай траўмы нагамі прыйшла стаць на ўлік па цяжарнасці. Яна чакала трайню. Доктар патрабавала, каб яна хоць кінула курыць на гэты час, але ад будучай маці за вярсту несла тытунём. Урач горка ўздыхала: на прыём яна прыходзіць цвярозая, а ў астатні час — невядома. Потым дама паспяхова нарадзіла, аб чым паведамілі брэсцкія газеты. Ёй, жыхарцы інтэрната, напэўна, далі кватэру, вылучылі няньку і налічылі дапамогу. Магчыма, ля царквы была і не яна, але знешне вельмі падобная жанчына. (У газетах жа здымкі друкавалі.)

Побач з маці, што прасіла міласціну, прымасціліся яшчэ колькі жабракоў ці суб'ектаў, што ўдала ігралі гэтую ролю. Сярод іх вылучаўся бамжаватага выгляду дзядок, які ўвесь час гаварыў, звяртаючыся да тых, хто падаваў. Пакуль я падыходзіла да жанчыны з каляскай, паспела пачуць яго пасаж: «А што вы, людцы, думалі: кітайцы не п'юць, мусульмане не п'юць. Калі мы сап'ёмся, яны прыйдуць на нашу зямельку». Не варта, можа, было б звяртаць увагі на «прароцтвы» дзеда-бамжа, але зноў успамінаюцца жанчына без рук і маці пяцярых дзяцей...

Жанчыны лягчэй трапляюць у алкагольную залежнасць і хутчэй співаюцца.

yackevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.