Вы тут

Фестывальная карта Палесся


Маляўнічае беларускае Палессе заўсёды вабіла да сябе турыстаў. Апынуцца пад бяздонным небам, патануць у бясконцых прасторах зеляніны, прынікнуць да жыццядайнай ракі можна менавіта тут. Але як не згубіцца ў харастве гэтага рэгіёна? Магчыма, сваю вандроўку на Палессе варта пачаць з наведвання аднаго з адметных мясцовых фестываляў. Ужо вядомыя дакладныя даты правядзення.


— У нас ёсць свае брэндавыя мерапрыемствы, якія будзе цікава ўбачыць кожнаму, — адзначае намеснік начальніка ўпраўлення культуры галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Інга ЗАЎГАРОДНЯЯ. — У кожным палескім рэгіёне ёсць уласны фестываль. Усе яны маюць свае адметнасці, падчас кожнага можна ўбачыць праявы самых розных традыцыйных відаў мастацтва. Акрамя таго, ладзіцца каля сямі міжнародных фестываляў, на якіх збіраецца вельмі шмат гасцей не толькі з Беларусі.

Своеасаблівай візітнай карткай Гомельшчыны стаў фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня» ў гарадскім пасёлку Акцябрскі. Сёлета, каб акунуцца ў атмасферу народнай творчасці, варта завітаць у Акцябрскі з 23 па 26 чэрвеня.

Па-свойму адметным з'яўляецца фестываль народнага гумару «Аўцюкі», які пройдзе ў вёсках Вялікія і Малыя Аўцюкі Калінкавіцкага раёна, а таксама ў саміх Калінкавічах 9 ліпеня. Гэта свята ў пэўным сэнсе ўнікальнае: дзе яшчэ можна пачуць такі канцэнтраваны, жывы народны гумар? З кожным годам цікавасць да яго толькі павялічваецца.

— Міжнародны фестываль харэаграфічнага мастацтва «Сожскі карагод» традыцыйна пройдзе ў Гомелі з 16 па 18 верасня. На яго з'едуцца калектывы з гарадоў-пабрацімаў Гомельшчыны, — дадае Інга Заўгародняя. — У Мазыры праходзіць міжнародны фестываль юнацкай творчасці «Зямля пад белымі крыламі». Фестываль этнакультурных традыцый «Покліч Палесся» — можна сказаць, самае «маладое» свята. У жніўні-верасні 2017 года ў гарадскім пасёлку Ляскавічы, непадалёк ад Нацыянальнага парку «Прыпяцкі» Петрыкаўскага раёна, збяруцца прадстаўнікі васьмі раёнаў Гомельскай вобласці і трох раёнаў Брэсцкай вобласці. Гэта вельмі маляўнічае месца і, як і любы іншы куток Палесся, багатае на народную творчасць. Яшчэ адзін міжнародны фестываль — «Славянскія тэатральныя сустрэчы» — самы «старэйшы» сярод іншых свят. Праводзіцца з 1989 года, у статусе міжнароднага — з 1994 года. Ладзіцца раз на тры гады. Летась у ім прынялі ўдзел калектывы з Расіі, Малдовы, Казахстана, Украіны. Тут можна было ўбачыць як класічныя тэатральныя пастаноўкі, так і сучасныя перформансы.

Нагадаем, што сёлета менавіта Гомельшчына прымае адно з галоўных рэспубліканскіх свят — Дзень беларускага пісьменства. 4 верасня яно пройдзе ў горадзе Рагачове. Думаецца, гэта яшчэ адна нагода, каб адзначыць гэты маляўнічы куток Беларусі на карце сваіх вандровак.

nina@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.