Вы тут

Маці, дзяўчына і Айчына


Спрадвеку ў кожнага мужчыны павінны быць тры любові, якія ён гатовы пранесці праз усё жыццё і, калі спатрэбіцца, абараніць.

Адпраўка новага папаўнення ва Узброеныя Сілы, іншыя войскі і воінскія фарміраванні Беларусі працягнецца да канца мая. Першымі — амаль 1200 прызыўнікоў — армейскія шэрагі папоўняць прадстаўнікі сіл спецыяльных аперацый, Ваеннай камендатуры Узброеных Сіл і органаў дзяржаўнай бяспекі краіны.


— У адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі, гэтай вясной да выкліку на прызыўныя камісіі падлягае 57 тысяч маладых грамадзян нашай краіны, — адзначыў намеснік начальніка Галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных Сіл палкоўнік Юрый КУЗЬМІН. — У цяперашні час у ваенных камісарыятах завяршаецца медыцынскі агляд прызыўнікоў. Прызыўнымі камісіямі раёнаў і гарадоў ужо вынесена больш як 37 тысяч рашэнняў. Улічваючы патрэбу Узброеных Сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў у камплектаванні асабовым складам, у армію плануецца накіраваць да 10 тысяч чалавек. Акрамя таго, да тысячы чалавек у гэты перыяд будзе адпраўлена для праходжання службы ў рэзерве.

Прадастаўлена звыш 23 тысяч адтэрміновак. Асноўную частку — 70% — складаюць адтэрміноўкі для працягу адукацыі. Іншыя юнакі атрымалі адтэрміноўку па стане здароўя, сямейных абставінах, для набыцця ваенна-тэхнічных спецыяльнасцяў.

З тымі, хто крыху раней апране ваенную форму і, як кажуць, папоўніць шэрагі армейскай эліты, карэспандэнты «Звязды» сустрэліся ў Мінскім гарадскім ваенным камісарыяце.

Міхаіл Ваўчок будзе служыць у Ваеннай камендатуры Узброеных Сіл. Якія абавязкі лягуць на яго плечы ў бліжэйшы год, юнак пакуль не ведае. Але спадзяецца, што свой воінскі доўг будзе выконваць у складзе роты ганаровай варты. А яшчэ і спецыяліст харошы: з гаспадаркі, дзе Міхаіл працуе ветурачом, хлопца адпускаць не хацелі. Сказалі, будуць чакаць.

А вось Акім Лепеш, які ідзе служыць ва ўнутраныя войскі, на грамадзянскую службу вяртацца не спяшаецца. Калі пашанцуе, то затрымаецца ў органах дзяржаўнай бяспекі. У армію пайсці марыў яшчэ падлеткам. Рыхтаваўся загадзя. Нягледзячы на тое, што Акім усё жыццё займаецца спортам, перад арміяй трэніраваўся ва ўзмоцненым рэжыме.

— Для мяне ж галоўнае, каб армія зрабіла з мяне сапраўднага мужчыну, — лічыць юнак.

Цімафей Асокін таксама не з тых, хто здзівіўся павестцы. І з тых юнакоў, якія ідуць служыць менавіта туды, куды хацелі. Але каб трапіць у 56-ы асобны полк сувязі, аднаго жадання недастаткова. І Цімафей гэта добра ведаў. Пасля курсаў пры ДТСААФ сябруе і з азбукай Морзэ, і з іншымі спосабамі знакавага кадзіравання.

І Мікіта Пуцейка ідзе служыць ужо з патрэбнымі ведамі. З адукацыяй Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі юнаку будзе рада любое воінскае злучэнне. Хлопцу пашчасціла: служыць будзе амаль што дома — у 120-й асобнай механізаванай брыгадзе.

Побач з многімі прызыўнікамі — талака сваякоў і сяброў. Пакуль будучы сувязіст Іван, які стаіць у акружэнні бацькоў, бабулі з дзядулем, сяброў і дзяўчыны, якая абяцала дачакацца хлопца з арміі, слухае апошнія настаўленні, яго маці, Таццяна Васільева, кажа: «Мы спадзяёмся, што ў нашай арміі выхаваюць добрага, мужнага і смелага чалавека».

...Бацькі, сваякі і сябры развітваюцца са сваімі прызыўнікамі. Наступны раз яны ўбачацца праз месяц, падчас цырымоніі прыняцця ваеннай прысягі новым папаўненнем, якая адбудзецца ў злучэннях і воінскіх часцях Узброеных Сіл 11 чэрвеня. За гэты перыяд іх колішнія прызыўнікі ператворацца ў сапраўдных вайскоўцаў, здольных годна стаяць на варце міру і спакою краіны.

kanyuta@zvіazda.by

Фота Надзеі Бужан

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».