Вы тут

Як мы адрамантавалі пад'езд у сваім шматпавярховіку


Аўтар гэтых радкоў — адзін з жыльцоў гродзенскага шматпавярховіка 25-гадовага «ўзросту» з тыповымі для многіх дамоў далёка не першай маладосці праблемамі. Сярод іх — убогі выгляд сцен і столяў у пад'ездзе, якія даўно альбо нават з моманту пабудовы не бачылі рамонту. І няўжо не ўбачаць? Мы з суседзямі не паддаліся абыякавасці, безнадзейнасці і ўсё ж здолелі прывесці ў парадак месцы агульнага карыстання ў нашым пад'ездзе. Вось як гэта ў нас атрымалася.


Асабіста для мяне жаданне адрамантаваць пад'езд пачалося з... пачуцця сораму. Перад людзьмі, што прыходзяць да цябе ў госці і бачаць на сцяне першага паверха даўнія «аўтографы» з серыі «тут быў ...» ці «пра кагосьці», прычым і з выкарыстаннем ненарматыўнай лексікі. Перад работнікамі камунальнай службы, якія, ведаючы сітуацыю ў іншых дамах, сказалі, што наш пад'езд у ліку найгоршых у мікрараёне. Ды і перад самім сабой: хіба ж нармальна штодня ўзірацца на гэтую абшарпанасць, неахайнасць, адзнакі хамства і не паварушыць пальцам, каб зрабіць хаця б самае элементарнае і не надта складанае (афарбоўка сцен і столяў) у параўнанні з іншымі работамі па рамонце жылля?

Ведаючы, што ў гэтым жаданні са мной салідарныя і некаторыя з суседзяў (за ўсіх сказаць немагчыма), вырашыў дзейнічаць. На першым этапе неабходна было правесці сход жыльцоў, каб зразумець, ці настроены яны на рамонтныя работы, якія трэба будзе выканаць за свой кошт? Раней, як вядома, існавала практыка долевага ўдзелу жыльцоў у рамонце месцаў сумеснага домаўладання. Паступова можна было прызвычаіцца, што аб парадку ў пад'ездзе трэба клапаціцца і ўласнымі грашыма.

Аднак у нашым шматпавярховіку жадання пасупрацоўнічаць у гэтым кірунку з жыллёва-камунальнай службай праяўлена не было. І наколькі ж рэальна адрамантаваць пад'езд цяпер — ужо не на долевых умовах, а выключна за свой кошт? Як паставяцца да гэтага іншыя жыльцы дома? Ці не атрымаецца, што для большасці гэта зусім не важна?

З такімі думкамі, не надта і верачы ў поспех справы, я звярнуўся да начальніка ЖЭС-2 Людмілы Саўко з просьбай арганізаваць сход жыльцоў і патлумачыць умовы правядзення рамонту ў пад'ездзе. Ініцыятыву падтрымалі, і неўзабаве такі сход адбыўся. Першапачатковая асцярога, што ідэя адрамантаваць пад'езд за ўласныя грошы спадабаецца не ўсім, сапраўды пацвердзілася. Некаторыя сустрэлі яе ў штыкі: маўляў, столькі гадоў плацім за капітальны рамонт, практычна нічога не рабілася, і раптам трэба раскашэльвацца самім?

Сапраўды, у «жыроўках» ёсць артыкул «адлічэнні на капрамонт». Але пры гэтым рэаліі такія, што «адраснага» накаплення (асобна па кожным жылым доме) не адбываецца. І зусім не факт, што гэтых штомесячных плацяжоў (яны ўведзены ў Беларусі з 1999 года) хапіла б, напрыклад, на цеплавую рэабілітацыю фасадаў, якую зрабілі ў нашым доме некалькі гадоў таму. Што ж тычыцца бягучага рамонту жыллёвага фонду, то, паводле пастановы Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі ад 4 чэрвеня 2014 г. № 12, вызначана, якія віды работ фінансуюцца за кошт бюджэту, а што — уласнікамі, наймальнікамі жылых памяшканняў. У нашым выпадку (заштукоўванне выбоін, трэшчын, афарбоўка сцен, столяў у пад'ездзе) ажыццяўляецца выключна за сродкі жыльцоў.

Наступны сход адбыўся ўжо пасля таго, як работнікі ЖЭСа зрабілі абмер, вызначылі аб'ёмы работ і сумесна з УЖРЭП Ленінскага раёна г. Гродна склалі каштарыс. Паколькі прапаноў рамантаваць сваімі сіламі альбо з дапамогай нейкіх спецыялістаў ад жыльцоў нашага пад'езда не паступіла, а аб'ём работ для брыгады пры ЖЭСе быў даволі вялікі, падрадчыкам стаў «Гроднажылбуд».

На сходзе абмеркавалі, што канкрэтна трэба і рэальна зрабіць, прапанавалі жыльцам вызначыцца па колеры фарбаў. Таксама патлумачылі, што памер платы за бягучы рамонт вызначаецца, згодна з Жыллёвым кодэксам Беларусі, зыходзячы з агульнай плошчы кватэры. Такім чынам, для аднапакаёўкі — адна сума, для трохпакаёўкі — іншая. Пасля завяршэння рамонту яна ўключаецца ў «жыроўку», магчымая і растэрміноўка плацяжу. Прычым плаціць абавязаны і тыя жыльцы, якія не давалі згоды на правядзенне рамонту месцаў агульнага карыстання.

...Прыемна адзначыць, што бягучы рамонт у нашым пад'ездзе афарбоўкай сцен і столяў не абмежаваўся. За гэтай ініцыятывай пайшлі і іншыя. Мы аказаліся практычна аднадушнымі ў жаданні замяніць паштовыя скрынкі, якія адслужылі сваё, і адзін з жыльцоў забяспечыў іх пакупку (нядорага), а потым сам устанавіў. Нехта з суседзяў паклапаціўся пра такую «дробязь» для людзей пажылога ўзросту, як зручны поручань пры пад'ёме з уваходу ў пад'езд да ліфта. А нядаўна на лесвічных пляцоўках з'явіліся свяцільнікі з фоташумавымі датчыкамі, якія спрацоўваюць на нейкі шум — напрыклад, адкрыццё дзвярэй у ліфце. Гэтае энергазберагальнае мерапрыемства правяла жыллёва-камунальная служба, але ж, пэўна, паспрыяла і ініцыятыва жанчыны з нашага пад'езда, якая падрыхтавала адпаведны пісьмовы зварот і сабрала подпісы жыльцоў.

Дарэчы, акрамя лесвічных пляцовак, у нашым доме ёсць і месцы агульнага карыстання для дзвюх кватэр, якія шмат дзе таксама даўно зачакаліся рамонту. Мы з суседзямі, падзяліўшы пароўну фінансавыя затраты, вырашылі навесці парадак і там — пафарбавалі столь і сцены, агульныя дзверы, паклалі новы лінолеум на падлогу.

Праўда, і пасля праведзенага рамонту наш пад'езд цяжка назваць узорным. Так, цяпер ён выглядае даволі прыстойна і хочацца спадзявацца, што да зробленага за свае грошы і стаўленне будзе, як у акуратнага чалавека да ўласных рэчаў. Але заходзіш, напрыклад, у ліфт, а на яго падлозе... Дрэнна прыбіраюць? Але навошта смеціць?

У тэму

Пацікавіўся ў начальніка ЖЭС-2 г. Гродна Людмілы Саўко, ці няма праблем з платай за зроблены ў нашым пад'ездзе бягучы рамонт. Не, людзі разлічваюцца нармальна, чаму, пэўна, спрыяе і растэрміноўка плацяжоў ажно на паўгода.

На думку начальніка аддзела эксплуатацыі жыллёвага фонду УЖРЭП Ленінскага раёна г. Гродна Ірыны Царанковай, паступова людзі ўсё больш разумеюць, што аб парадку ў сумесных домаўладаннях трэба клапаціцца ў разліку не толькі на бюджэтныя, але і ўласныя сродкі. Летась на тэрыторыі, якая абслугоўваецца гэтым прадпрыемствам, адрамантавалі 348 пад'ездаў, сёлета — 58, а па плане на год — 218. Пры гэтым часцей жыльцы робяць рамонт самастойна, а хтосьці, як у нашым пад'ездзе, у партнёрстве з жыллёва-камунальнай службай.

prakopchik@zviazda.by

Загаловак у газеце: Пачалося... з сораму

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».