Вы тут

Пад напорам грамады бальніцу пакінулі і адкрылі тут новае аддзяленне


Чарнаўчыцкая ўчастковая бальніца, што ў Брэсцкім раёне, больш за дзясятак гадоў таму ледзь не трапіла пад рэарганізацыю. Яе намерваліся зрабіць бальніцай сястрынскага догляду для цэлага раёна. А гэта азначала б закрыццё сельскай лячэбнай установы як стацыянара для абслугоўвання насельніцтва. На сходы прыязджалі прадстаўнікі і ўпаўнаважаныя, людзям даводзілі, як добра ім будзе жыць без бальніцы. Але жыхары сельсавета катэгарычна выказаліся супраць. Актыўнасць праявілі старасты вёсак і кіраўніцтва сельвыканкама. Адным словам, пад напорам грамады бальніцу ў Чарнаўчыцах пакінулі. Тут, праўда, знайшлося месца і аддзяленню сястрынскага догляду, такія ж сацыяльныя ложкі адкрылі і ў іншых участковых бальніцах раёна.


Лі­лія Прэд­ка, за­гад­чы­ца баль­ні­цы.

Патрэбная вяскоўцам

Пра старонку з недалёкай гісторыі сваёй бальніцы аўтару гэтых радкоў расказалі сталыя пацыенткі, што праходзяць зараз курс лячэння. Любоў Шчур з Чарнаўчыц, Ганна Мізэрыя з вёскі Покры прымаюць уколы і кропельніцы. Кацярына Піваварчук праходзіць чарговую рэабілітацыю пасля перанесенага інфаркту. Жанчыны вельмі ўдзячныя медыкам за чулыя адносіны, увагу. Згадалі кухараў, якія смачна гатуюць. А пра доктара свайго Лілію Віктараўну сказалі, што дзякуючы ёй яшчэ жывуць на гэтым свеце, могуць займацца хатнімі справамі і не сталі абузай для сваіх родных. Як аказалася, усе жанчыны маюць сардэчныя праблемы і праходзяць курс у сваёй лячэбнай установе рэгулярна.

Лілія Прэдка — загадчыца бальніцы, па сутнасці яе галоўны ўрач. Можа, цяперашняя назва пасады кіраўнікоў сельскіх устаноў і больш правільная. Не галоўурач, а менавіта загадчык, якому трэба займацца рамонтам будынка, набыццём і абслугоўваннем абсталявання, а таксама кашэннем травы на тэрыторыі ў тры гектары. Як, напрыклад, у Чарнаўчыцах. Не перавялі ў свой час гэты ўчастак у муніцыпальную ўласнасць. А цяпер ёсць адпаведныя службы, якія ўважліва сочаць, каб трава на тэрыторыі была своечасова і чыста прыбраная. Гэта ўсяго толькі адзін штрышок да аповеду пра сельскую ўчастковую бальніцу. Такія ж рабочыя пытанні вырашае, напэўна, кожная з падобных устаноў краіны.

Спецыфічнае аддзяленне

Штодзённая работа калектыву з 38 чалавек заключаецца ў клопаце пра здароўе людзей. Лілія Віктараўна вельмі ганарыцца сваім калектывам. Кажа, што людзі падабраліся такія, што кожны з іх на сваім месцы. Асабліва няпроста было першыя гады са спецыфічным аддзяленнем сястрынскага догляду. Не ўсе сёстры, санітаркі былі гатовыя да працы з цяжкімі пацыентамі. Таму некаторыя не вытрымалі, пастараліся знайсці работу ў іншым месцы. З ліку сярэдняга і малодшага персаналу засталіся тыя, хто можа даглядаць ляжачых хворых.

Лілія Прэдка запрасіла зазірнуць у палату сваіх пастаянных «насельнікаў». І чыста там, і ўсе яны дагледжаныя, а ўражанне цяжкае...

У кожнага з гэтых людзей свая гісторыя, правільней сказаць, свая драма.

Бо дажываць адпушчаныя лёсам дні на сацыяльным ложку — ні для каго не пажаданы фінал жыцця. Ёсць тут, напрыклад, 90-гадовая адзінокая бабулька, былы медыцынскі работнік. Паводле слоў медыкаў, яна цяпер часта наракае на сваю неабачлівасць і неразумнасць, бо ў маладосці прысвяціла сябе цалкам рабоце, не нарадзіла дзяцей.

— Але і дзеці не гарантыя, што не трапіш у бальніцу сястрынскага догляду. Яе суседкі па палаце маюць нашчадкаў, — гаворыць Лілія Прэдка. — Адна з іх шкадуе, што ў яе толькі сыны, няма дачкі, другая апраўдвае дачку, бо тая жыве далёка. Гледзячы на іх, філосафам станаўлюся, — разважае далей доктар. — Нічога няма ў гэтым свеце звышнадзейнага, і ніхто не застрахаваны ад бяды. Гэта па-першае. А па-другое, за лад жыцця, за прывычкі маладосці вельмі часта даводзіцца расплачвацца ў старасці. Днямі паступіў пацыент, зусім не стары, каля 60-і гадоў. Усё жыццё злоўжываў спіртным, ні сям'і, ні радні. Цяпер вось застаўся без нагі і трапіў у аддзяленне сястрынскага догляду. Адным словам, геранталогія — складаная і шматгранная частка медыцыны.

Самы вялікі ўчастак

Асноўная ж работа бальніцы, у склад якой уваходзіць амбулаторыя, заключаецца ў абслугоўванні насельніцтва ўчастка. Гэта, дарэчы, самы вялікі ўчастак у Брэсцкім раёне. У яго склад уваходзіць 19 вёсак, 5 тысяч насельніцтва. Радыус зоны абслугоўвання дасягае 20 кіламетраў.

У амбулаторыі штодзень пацыентаў прымаюць урач-тэрапеўт і педыятр. У штаце ёсць таксама стаматолаг, акушэрка, працуе свая лабараторыя, ажыццяўляюцца фізіяпрацэдуры.

Зранку 13 мая на прыём да абодвух урачоў была даволі вялікая чарга. Сядзелі і дарослыя пацыенты, і мамы з дзецьмі. У зону ўчастка ўваходзяць дзве сярэднія школы, два дзіцячыя садкі. Урач бывае на прафілактычных аглядах, выязджае па выкліках і вядзе прыём у амбулаторыі. На ўчастку ў педыятра Вольгі Павярынавай запісана 1182 дзіцяці, з іх 70 немаўлятак ва ўзросце да года. Паводле слоў медсястры Таццяны Пякарскай, штодзень на прыёме бывае 35-40 пацыентаў. Як бачым, нагрузка немалая. А яшчэ варта дабавіць прафілактычную работу, што вядзе доктар. Напрыклад, наведвае дзяцей у сем'ях, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Цяпер на ўчастку такіх сем'яў пяць, там выхоўваецца восем дзяцей. Як заўважае Вольга Фёдараўна, усе бацькі правільна разумеюць сітуацыю, ёсць спадзяванне, што паступова іх будуць выключаць з названых спісаў.

На пры­ёме ў пе­ды­ят­ра  Воль­гі Па­вя­ры­на­вай.

Лабарант Марына Панюціч у сваім кабінеце праводзіла аналізы з тых узораў біялагічнага матэрыялу, які яна брала зранку. У гэтую змену ў яе было 20 агульных аналізаў крыві, 12 проб — на ўтрыманне цукру ў крыві і некаторыя іншыя. Старшая медсястра Людміла Юпатава, як заўсёды, удакладняла графікі, звярала прэпараты, інструмент, шчыравала з дакументацыяй. Людміла Якаўлеўна вельмі вопытны медработнік, яна сваю бальніцу ведае лепш за іншых, кіраўнік жартам параўнала яе з начальнікам штаба на армейскі манер.

Пасля кароткага наведвання амбулаторыі загадчыца бальніцы Лілія Прэдка спяшалася на абход у стацыянар. Трэба было паглядзець новага пацыента. Ім аказаўся Віктар Х., яшчэ зусім малады чалавек. У ходзе прафілактычнага агляду ў яго выявілі язву страўніка, якую хворы пакуль ніяк не адчуваў. Своечасова праведзенае лячэнне стане гарантыяй нармальнай якасці жыцця і працаздольнасці маладога мужчыны, гаворыць доктар.

Яшчэ Лілія Віктараўна заўважыла, што жыхары суседніх краін часам нават здзіўляюцца, што ў нас ёсць такая форма работы з пацыентамі, як прафілактычны агляд. Не ўсе могуць пахваліцца гэтым.

Адзнакі работы

Чарнаўчыцкая ўчастковая бальніца была ўзведзеная больш за 50 гадоў таму. Гэты будынак не выглядае як суперсучасная медыцынская ўстанова, не ўсім крытэрыям, што прад'яўляюцца да бальніцы ў ХХІ стагоддзі, адпавядае. Але яго своечасова рамантуюць, падтрымліваюць у належным стане, за што загадчыца ўдзячная мясцоваму СВК, сельскаму Савету. І бальніца паспяхова спраўляецца са сваёй асноўнай функцыяй. Аб тым, як спраўляецца, сведчаць некаторыя адзнакі.

Названая ўстанова адносіцца да Брэсцкай гарадской бальніцы №2. Яе галоўны ўрач Яўген Капылец сказаў, што па выніках мінулага года ў рэспубліканскім аглядзе якасці і культуры абслугоўвання насельніцтва Чарнаўчыцкая ўчастковая бальніца стала другой ў краіне і першай па вобласці сярод устаноў падобнага тыпу. Паводле слоў Яўгена Мікалаевіча, гэта найперш паказчык сістэмы работы, якая складвалася гадамі, і заслуга даволі прафесійнага калектыву.

yackevіch@zvіazda.by

Брэсцкі раён

Фо­та Ва­ле­рыя Ка­ра­ля

Загаловак у газеце: Вясковая, участковая...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».