Вы тут

Найлепшая дапамога — адрасная


Гродна — адзін з самых прыгожых і прывабных для турыстаў гарадоў нашай краіны. Але для Тамары ДАЎГАШЭЙ, галоўнага ўрача Гродзенскага абласнога клінічнага кардыялагічнага цэнтра, намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці (вылучана ад г. Гродна), гэты горад — аб'ект не столькі для захаплення, колькі для паляпшэння жыцця людзей. Пра тое, як працуецца з грамадзянамі, з якімі праблемамі даводзіцца сутыкацца і як яны вырашаюцца, спецыяльна для «МС» расказала парламентарый.


Асаблівасці тэрыторыі

Сёння Гродна — горад шматканфесійны. У ім знаходзіцца адзіная ў Беларусі лютэранская кірха, у якой дзейнічае прыход у 40 чалавек. У лютэранскім храме таксама існуе цэнтр культуры, дзе часта арганізоўваюцца канцэрты на аргане, які прывезлі калісьці з Германіі. Ёсць сінагога з музеем генацыду яўрэяў. Ёсць і каталіцкая супольнасць, і праваслаўная. Усе жывуць у згодзе, лічыць Тамара Даўгашэй, бо зваротаў да яе ад святароў практычна не бывае.

Большасць насельніцтва горада — жанчыны. Так было заўжды. Справа ў тым, што ў Гродне размешчана шмат жаночых вытворчасцяў: тэкстыльнае прадпрыемства «Гронітэкс», на якім вырабляюць пражу і ніткі; Conte — вядомая на ўсю краіну вытворчасць калготак, панчох і шкарпэтак, кампанія «Малочны свет». Ёсць і традыцыйна мужчынскія — «Гродна Азот», «Гродзенская тытунёвая фабрыка «Нёман», мясакамбінат.

«Сацыяльна-дэмаграфічная структура такая, што ўсё ж такі прэваліруе жаночае насельніцтва. Таму ходзяць на прыём у асноўным жанчыны; як правіла, пытанні іх цікавяць бытавыя: школа для дзяцей, садзік — каб быў побач з домам, уладкаванне на працу. Часцей за ўсё наведвальніцы працуюць у сістэме адукацыі: настаўніцы ці выхавальніцы. Прытым 80% пытанняў носяць характар сацыяльна-бытавы, камунальны, яны тычацца рамонту ў пад'ездзе, уладкавання дваровых тэрыторый, адукацыі і медыцыны», — расказвае сенатар.

Па словах Тамары Даўгашэй, людзі прыходзяць на прыёмы з рознымі праблемамі. Часам — каб даказаць, што маюць рацыю, нават калі гэта не так. Шмат хто з іх хоча проста пагутарыць. На думку Тамары Сяргееўны, беларусам не хапае размоў і зносін, таму такая вялікая колькасць зваротаў і скаргаў да ўладаў. Часта гэты недахоп спатольваецца ў чэргах у паліклініцы, калі людзі гадзінамі абмяркоўваюць найлепшыя спосабы ратавання ад хвароб. «Я думаю, што варта развіваць сацыяльную сферу, ствараць месцы, у якіх блізкія па інтарэсах людзі змогуць часцей сустракацца, бавіць час, і асабліва — пажылыя, адзінокія. Ім не так шмат трэба: цёплае памяшканне, стол, крэслы і добрая кампанія», — упэўнена яна.

Павышэнне пенсійнага ўзросту

— Я сама хаджу на прадпрыемствы, калі змяняецца пэўнае заканадаўства, — распавядае Тамара Даўгашэй. — Раней гэта былі падаткі на дарогі, а апошняе, самае актуальнае, — пытанне пенсійнага забеспячэння і павышэння пенсійнага ўзросту. Цяпер толькі лянівы не задае пытанні пра гэта. На маю думку, такая мера досыць своечасовая. Бо інакш у нас хутка на 10 працоўных будзе 15 пенсіянераў. Працягласць жыцця павялічваецца, а колькасць тых, хто працуе, большай не становіцца. Трэба разумець, што сёння 85% жанчын пасля 55 гадоў выходзяць на пенсію, але працягваюць працаваць. Я, як доктар, магу сказаць, што жанчыны здаравейшыя за мужчын. Для жанчыны інфаркт у 45 гадоў — нонсенс, для мужчыны, на жаль, — звычайная справа. Прыродай так створана, што пакуль жанчына здольная нараджаць дзяцей, яна не можа хварэць на штосьці сур'ёзнае і смяротнае. А ўжо пасля 60-65 гадоў рызыкі абодвух палоў становяцца роўнымі. Для параўнання, у Літве ў жанчын пенсійны ўзрост — 67 гадоў, у Германіі ў жанчын — 68 і ў мужчын — 72. Для Беларусі пенсійны ўзрост у 55 і 60 гадоў быў бы непамернай нагрузкай на бюджэт.

Галоўны ўрач таксама лічыць, што дэкрэтны адпачынак працягласцю ў 3 гады — занадта вялікая раскоша. «Медык, калі столькі гадоў быў без практыкі, мусіць ледзь не наноў вучыцца. Бо навыкі і веды за тры гады цалкам губляюцца», — кажа сенатар. Па яе словах, у некаторых краінах дэкрэтнага адпачынку ці зусім няма, ці ён значна менш за беларускі. Напрыклад, у Іспаніі гэта — 16 тыдняў, ЗША — 12 (і ён не аплачваецца). «Па сваім вопыце магу сказаць, што ў 2 гады дзіця больш ці менш свядомае, здольнае самастойна адзявацца. Можна аддаваць у садок», — лічыць парламентарый.

Па рухах разумееш чалавека

«Часам звяртаюцца да мяне і як да доктара, — расказвае сенатар. — На прадстаўнічых дабрачынных мерапрыемствах часта даводзіцца бачыць хворых дзетак. Тады па магчымасці стараемся і ім дапамагчы: транспартнымі сродкамі, медыкаментамі, адзеннем. Нядаўна аднаму хлопчыку, які вучыцца на даму, дапамаглі з каляскай. Аўстрыйскі Чырвоны Крыж ахвяраваў лёгкую і зручную, каб падлетак сам змог перасоўвацца. Памятаю, аднойчы на прыём прыйшла жанчына, хвораму дзіцяці якой споўнілася 18 гадоў, ільготаў стала менш, але ён жа не стаў раптоўна здаровым. Маці звярнулася да нас, бо на самае неабходнае перастала хапаць грошай. Прасіла спакойна і нават сарамліва. Мы дапамагаем кожнаму, як можам, але ў такіх выпадках хочацца яшчэ больш зрабіць», — прыводзіць прыклады з практыкі Тамара Сяргееўна. Яна ўвогуле лічыць, што найлепшая дапамога — адрасная. Чым набываць чарговы тэлевізар у дзіцячы дом, лепей для маці з хворым дзіцем, якой не хапае на жыццё, сабраць пэўную суму і аддаць.

Апошнім часам зваротаў і скаргаў да ўладаў стала паступаць больш. Тамара Даўгашэй лічыць, што гэта звязана не толькі з жыццёвымі абставінамі, але і са зменамі ў светапоглядзе людзей. «Як бы дзіўна гэта ні прагучала, але раней людзі ставіліся да праблем са здароўем з пакорлівасцю, прымалі іх як непазбежную частку рэчаіснасці... Сёння з чалавекам яшчэ нічога на здарылася, але ён ужо абышоў усе інстанцыі і абвінаваціў сістэму аховы здароўя. Ментальнасць мяняецца», — дзеліцца развагамі галоўны ўрач.

Па словах сенатара, у працы з грамадзянамі дапамагае і яе прафесія. «Па тым, як чалавек рухаецца, як гаворыць, як цябе слухае, па выразе яго твару шмат што можна сказаць. Псіхалогія адыгрывае значную ролю. Напрыклад, у размове стараюся не ўжываць часціцу «не», бо яна горш успрымаецца. Лепей сказаць: «Безумоўна, ваша праблема актуальная, але давайце падумаем...», — дзеліцца «сакрэтамі» Тамара Даўгашэй. — У функцыю доктара не ўваходзіць перавыхоўваць людзей, наша задача — вылечыць іх незалежна ад складу асобы і твайго стаўлення. Таму на прыёмах я стараюся дапамагчы кожнаму».

pustavit@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».