Вы тут

У Мінску прайшоў фінал рэспубліканскага фестывалю-конкурсу «Млын моды»


Сёлета на конкурс падалі заяўкі 648 дызайнераў. У фінал жа прайшло толькі 88 калекцый. Арганізатары «Млына моды» пацвярджаюць: адбор быў жорсткім. Але за прызы, якія чакалі пераможцаў, — замежныя стажыроўкі і ўдзел у міжнародных выстаўках — варта было пазмагацца.


Сярод удзельнікаў фестывалю — студэнты каледжаў і ўніверсітэтаў, навучэнцы цэнтраў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Праца з канкурсантамі вялася на працягу цэлага года. Для дызайнераў-пачаткоўцаў арганізоўвалі семінары, дзе давалі рэкамендацыі па стварэнні калекцый, вучылі, як рэжысіраваць паказы і правільна фатаграфаваць свае ўборы.

— Многія ўстановы адукацыі выпускаюць вузкіх спецыялістаў: тэхнолагаў, канструктараў. Але ж дызайнер мусіць умець усё: быць і краўцом, і мастаком, — кажа член Беларускага саюза дызайнераў і старшыня журы Святлана ГНЯДЗЁНАК. — Працу з мадэльерамі мы пачынаем з таго, што шукаем крыніцу натхнення, і ўжо потым на працягу двух-трох месяцаў увасабляем гэту ідэю ў калекцыю.

Маладыя таленты спаборнічалі ў намінацыях «Школа моды» і «Майстар моды». У першай удзельнічалі навучэнцы. Найлепшую жаночую калекцыю ў гэтай катэгорыі прадставіла студэнтка Інстытута сучасных ведаў імя Шырокага Настасся Самусік, найлепшую мужчынскую — Алеся Кушчанка з Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Вераніка Лахавец з Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы падрыхтавала найбольш цікавае адзенне для падлеткаў, а з дзіцячым касцюмам лепш за астатніх справілася Таццяна Карпалава, якая займаецца ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Цэнтральнага раёна Гомеля. У намінацыі «Майстар моды» (тут удзельнічалі мадэльеры, якія ўжо працуюць у сферы) першае месца заняла лідчанка Дар'я Барко.

Пераможцы паедуць стажыравацца ў Італію, Расію, Польшчу, Літву. Яшчэ адзін падарунак — міжнародныя творчыя майстэрні. У сярэдзіне чэрвеня найлепшыя калекцыі «Млына» пакажуць у навучальных установах Кракава і Прагі.

Зразумела, што моладзь, якая толькі пачынае ствараць адзенне, яшчэ не мае патрэбнага вопыту і акадэмічнага ўзроўню. Але менавіта дзякуючы гэтаму ім удаецца прадставіць на подыуме новы погляд на сучасную моду. «Калекцыі на конкурсе неверагодна крэатыўныя. Ідэі, з якімі прыходзіць моладзь, яшчэ нават не дэманструюцца на тыднях моды. Такога не ўбачыш на паказах ні ў Мілане, ні ў Лондане», — заўважае Святлана Гнядзёнак.

Цяперашні ўзровень конкурсу высока ацэньваюць і замежныя эксперты.

— Памятаю, калі першы раз прыязджалі, гадоў 20 таму, на творы мадэльераў немагчыма было глядзець без слёз. Калекцыі тады складаліся проста з сукенак рознага колеру, але аднаго фасону. Прыблізна так працавалі дызайнеры. Сёння ж мы ў захапленні. Мяне заўсёды ўражвае, што на фестывалі вельмі шмат мужчынскіх калекцый. На расійскіх конкурсах гэта рэдкасць, — кажа прэзідэнт дабрачыннага фонду «Рускі сілуэт» Таццяна МІХАЛКОВА.

Саніта БЛАМНІЕЦЭ, кіраўнік міжнароднага конкурсу маладых мастакоў моды Habіtus Baltja (Латвія), адзначыла дзіцячыя калекцыі. Дызайнера адной з іх запросяць на прафесійную модную выставу ў Рыгу, якая адбудзецца ў сакавіку наступнага года.

Арганізатары «Млына моды» спадзяюцца, што фестываль будзе дыктаваць у краіне маладзёжную моду і папулярызаваць адзенне ад айчынных вытворцаў.

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Мілану і не снілася

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.