Вы тут

Гэты «пластык» не кусаецца


Нацбанк Беларусі распрацаваў дакладныя рэкамендацыі па бяспечным выкарыстанні банкаўскіх картак.

Гэты зручны плацежны сродак з'явіўся ў нас ўжо больш за 10 гадоў таму. На першым этапе ўкаранення безнаяўных разлікаў асноўная маса насельніцтва звычайна здымала ўсю суму грошай з зарплатных картак, каб карыстацца пры разліках менавіта банкнотамі. Потым банкаўскія структуры заварушыліся і пачалі завабліваць сваіх кліентаў рознымі перавагамі менавіта гэтага спосабу разлікаў практычна ва ўсіх сферах. Віртуальны кашалёк пачаў набываць у насельніцтва ўжо сапраўдную масавую папулярнасць, але... Аказалася, што правільна карыстацца даўно атрыманымі карткамі дагэтуль не ўсе навучыліся. Наш нацыянальны фінансавы рэгулятар вырашыў выправіць гэтую сітуацыю і падрыхтаваў для насельніцтва пакрокавы дапаможнік. Такую інструкцыю на ўсе выпадкі «безнаяўнага жыцця». Гэты банкаўскі фаліянт мы папулярна пераказалі і прапануем вам. Гэта будзе цыкл матэрыялаў пад рубрыкай «Разумныя грошы». Першы з іх тычыцца агульных рэкамендацый.


У статусе сур'ёзнага дакумента

Пры атрыманні карткі неабходна распісацца на яе адваротным баку ў спецыяльным полі. Наяўнасць асабістага подпісу знізіць рызыку выкарыстання яе іншымі асобамі ў выпадку страты або крадзяжу карткі. Больш за тое, пры адсутнасці ўзору ўласнага почырку альбо несапраўднасці подпісаў на картцы і карт-чэку трымальніку карткі можа быць адмоўлена ў правядзенні аперацыі з яе выкарыстаннем.

Адразу трэба захаваць нумар карткі і нумар тэлефона службы кліенцкай падтрымкі банка, які яе выдаў. Гэтая інфармацыя можа дапамагчы для блакіравання карткі ў выпадку яе страты альбо крадзяжу. Трымаць нумар тэлефона службы кліенцкай падтрымкі банка, які выдаў картку, лепш у лёгкадаступным месцы (напрыклад, у памяці мабільнага тэлефона ці нататніку).

Асобна ў рэкамендацыі гаворыцца пра ўмовы захоўвання карткі, якія павінны выключаць усялякую магчымасць яе страты, псавання, капіравання інфармацыі, а таксама несанкцыянаванага і незаконнага выкарыстання. Картка з'яўляецца даволі сур'ёзным дакументам, таму ставіцца трэба да яе далікатна. Пластык не любіць любой дэфармацыі, забруджвання, уздзеяння высокіх і нізкіх тэмператур, электрамагнітных палёў, прамых сонечных прамянёў, вільгаці, фарбавальнікаў, растваральнікаў, шкодных хімічных рэчываў і іншых неспрыяльных фактараў, якія могуць прывесці да яе функцыянальнай «гібелі». Да апошняй рэкамендацыі я параіў бы паставіцца больш сур'ёзна. Напрыклад, мая дачка звычайна захоўвала свой пластык у адным футарале са смартфонам. Праз паўгода такога суседства з актыўным тэлефонам магнітная паласа карткі пачала змяняць сваю структуру і «заглючыла». Потым мы вымушаны былі рабіць дублікат карткі, на што страцілі цэлы тыдзень.

Картак многа не бывае

Эксперты Нацбанка ўпэўнены, што неабходна выкарыстоўваць розныя карткі для ажыццяўлення штодзённых плацяжоў, плацяжоў у інтэрнэце, а таксама ў замежных паездках: для кожнага тыпу плацяжоў варта аформіць асобны рахунак і выпусціць да яго картку. Увогуле, для ажыццяўлення плацяжоў за мяжой пажадана аформіць да аднаго рахунку некалькі картак розных плацежных сістэм і захоўваць іх асобна адну ад адной. Менавіта гэта зможа пазбавіць кліентаў ад непрыемных «сюрпрызаў» у месцах, дзе прымаюцца карткі не ўсіх плацежных сістэм.

Лепш не захоўваць вялікія сумы грошай на картках, якімі вы карыстаецеся нерэгулярна: напрыклад, картку для аплаты ў інтэрнэце варта папаўняць менавіта на тую суму, якую плануецца выдаткаваць, і непасрэдна перад самым плацяжом. Права карыстання карткай мае толькі яе законны трымальнік. Пры неабходнасці прадастаўлення доступу да свайго рахунку іншых людзей трэба звярнуцца ў банк, які выдаў картку, для афармлення дадатковага пластыку.

Менавіта такую дадатковую картку, якая «прывязана» да майго кашалька, я аформіў сваёй малодшай дачцэ. Зручна і бяспечна. Справа ў тым, што розніца паміж нашымі карткамі ў вызначаных лімітах — дачка можа зняць з майго рахунку не больш за 200 тысяч рублёў у дзень.

ПІН-код — нікому

Схавайце далёка-далёка ад іншых асоб канфідэнцыйныя даныя карткі: нумар і тэрмін дзеяння яе, пазначаны на адваротным баку трохзначны код праверкі сапраўднасці (пры яго наяўнасці) і ПІН-код, які пажадана запомніць. У выпадку, калі з запамінаннем лічбаў у чалавека ёсць цяжкасці, то такі код неабходна захоўваць асобна ад карткі ў няяўным выглядзе (напрыклад, перапісаўшы яго на лісток паперы сярод іншых груп лічбаў або любой іншай інфармацыі) або змяніць яго на больш зручны (пры наяўнасці такой паслугі ў банка, які выдаў картку).

Ніколі не паведамляйце ПІН-код іншым асобам. Нікому, уключаючы сваякоў, знаёмых, работнікаў банкаў, арганізацый гандлю (сэрвісу) і прадстаўнікоў праваахоўных органаў. Нельга перадаваць ПІН-код ні па тэлефоне, ні па электроннай пошце. Толькі трымальнік карткі павінен ведаць свой ПІН-код. Гэта правіла не павінна мець ніякіх выключэнняў.

Суцэльная інфармаванасць

Мэтазгодна карыстацца паслугай SMS-інфармавання (абвесткі) або аналагічнай (напрыклад, з ужываннем push-тэхналогіі або e-maіl-паведамлення). Такая паслуга праз SMS забяспечвае аператыўную інфармаванасць аб зробленых па картцы аперацыях і змене астатку па рахунку. Выкарыстанне паслугі SMS-інфармавання дазволіць не толькі неадкладна даведацца пра несанкцыянаваныя вамі аперацыі, але і распачаць неабходныя меры для своечасовай блакіроўкі карткі.

У выпадку, калі пры наяўнасці ў вас такой падключанай паслугі паведамленні ад банка аб аперацыях перасталі паступаць на ваш мабільны тэлефон, то неабходна звязацца з банкам для ўдакладнення прычын.

Пры атрыманні інфармацыйнага паведамлення аб падазронай аперацыі, якую вы ні рабілі, а таксама калі атрыманае ад банка паведамленне выклікае якія-небудзь сумненні, неабходна заблакіраваць картку любым з даступных спосабаў. Нелішне будзе звярнуцца ў службу кліенцкай падтрымкі банка, які выдаў картку, па тэлефонах, пазначаных на адваротным баку карткі або атрыманых непасрэдна ў банку, і выконваць указанні спецыяліста.

Толькі правераныя кантакты

Спецыялісты фінансавай сферы пры любых перамовах прапануюць нам быць больш пільнымі. Для кліента сувязі з банкам, які выдаў картку, неабходна выкарыстоўваць толькі рэквізіты сродкаў сувязі (мабільных і стацыянарных тэлефонаў, факсаў, інтэрнэт-сайтаў, звычайнай і электроннай пошты), атрыманыя з надзейных правераных крыніц (напрыклад, на старонцы інтэрнэт-банкінгу) або непасрэдна ў гэтым банку.

Пры выяўленні страты (крадзяжу) карткі, пакіданні яе ў банкамаце ці іншай прыладзе самаабслугоўвання, канфіскацыі касірам арганізацыі гандлю (сэрвісу), яе кампраметацыі (калі канфідэнцыйныя даныя карткі сталі вядомыя староннім асобам) альбо пры ўзнікненні падазрэнняў у яе кампраметацыі неабходна неадкладна заблакіраваць картку (патэлефанаваўшы ў службу кліенцкай падтрымкі або з дапамогай сістэм дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання) і звярнуцца ў банк, які выдаў картку.

Часам уласнікі картак могуць атрымліваць паведамленні з просьбай патэлефанаваць у банк па ўказаных у іх тэлефонах для высвятлення нейкіх нюансаў. У гэтым выпадку спецыялісты не раяць адразу выконваць гэту просьбу, а рэкамендуюць звязацца са службай падтрымкі кліентаў банка па дакладна вядомым вам нумары тэлефона і расказаць аб факце атрымання такога паведамлення.

Таксама будзьце ўважлівымі, калі вы адказваеце на тэлефонныя званкі і паведамленні, якія паступаюць нібыта ад банка. Часам такога работніка банка цікавяць вашы ПІН-код, поўны нумар карткі, тэрмін яе дзеяння ці нешта іншае, што выклікае падазрэнні. Тут лепш спыніць званок і самастойна звязацца са службай падтрымкі банка па дакладна вядомым вам нумары тэлефона.

Ліміты па максімальнай суме

Пры наяўнасці ў банка, які выдаў картку, магчымасці вызначаць абмежаванні (ліміты) на адначасовае зняцце наяўных грошай і па суме безнаяўных аперацый як на тэрыторыі Беларусі, так і за яе межамі, пажадана скарыстацца такім сэрвісам. Аднак лепш папярэдне падрабязна азнаёміцца з умовамі прадастаўлення такой паслугі і змянення базавых лімітаў. У гэтым выпадку трэба дакладна разумець, што такія ліміты нават уладальніку карткі хутка змяніць немагчыма.

Асабіста ў мяне быў выпадак, калі мы набывалі ў краме сыну дарагі камп'ютар, а сума здзелкі была большай за вызначаны на картку ліміт. У гэтым выпадку нас выратавала картка жонкі, на якой таксама былі грошы.

А яшчэ спецыялісты Нацбанка прапануюць трымальнікам банкаўскіх картак рэгулярна правяраць стан свайго рахунку (не радзей чым раз на месяц), а таксама пасля замежных паездак, у якіх выкарыстоўваўся віртуальны кашалёк. Пры выяўленні разыходжанняў паміж фактычна зробленымі і адлюстраванымі ў выпісцы аперацыямі звярніцеся ў банк, які выдаў картку, для удакладнення абгрунтаванасці аперацый.

І яшчэ. Пры змене нумара кантактнага тэлефона кліенту неабходна звязацца з банкам для актуалізацыі менавіта такой індывідуальнай інфармацыі. З фінансавай установай сувязь павінна быць двухбаковай, і зацікаўлены ў гэтым не толькі банк.

У наступным матэрыяле рубрыкі «Разумныя грошы» мы раскажам пра нюансы правядзення безнаяўных аперацый у банкаматах, іншых прыладах самаабслугоўвання і ў аддзяленні банка.

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.