Вы тут

У майскім нумары часопіса «Бярозка»


 

***

Артур Голдэн пісаў: «У кожнага чалавека свой лёс. Але навошта хадзіць да прадказальніка, каб даведацца пра яго? Хіба я пайду да кухара, каб даведацца, галодны я ці не?» Вялікі пісьменнік мо і не пойдзе, а вось я са сваёй галоднай цікаўнасцю зазірнула ў кухню аднаго мінскага кафэ, каб пагутарыць з прафесіяналамі. Пра ўсе  цікавосткі прафесіі кухара — для рубрыкі «Адзін дзень».

Героямі майго дня сталі Галіна і Кастусь. Хоць на іх ролю прэтэндаваў і мой бацька. Калі я запыталася ў таты, ці ёсць у яго знаёмыя кухары, адказ быў просты: «Ну, я кухар, а што такое?» А тое, што яго стравы не ідуць далей сямейнага стала. Яму давялося стаць героем майго жыцця, а не «Аднаго дня».

У рубрыцы «Адзін дзень» — чарговая прафарыентацыя, як сказалі б некаторыя.

 

***

Напэўна, няма чалавека ў нашым літаратурным асяродку, які б не ведаў пра Анхелу Эспіносу Руіз. Гэта беларускамоўная іспанка. Тры гады таму яна пачала вучыць беларускую мову, два гады таму яе вершы надрукаваў часопіс «Маладосць», брат «Бярозкі». Сёння Анхела мае паэтычны зборнік, прыхільнікаў і, зразумела, крытыкаў. І, дарэчы, пачала вучыць ірландскую мову. Пра Анхелу не хочацца казаць банальнае. Таму лепей пра сябе распавядзе яна сама. За кубкам зялёнай гарбаты са смачным печывам…

— Ёсць такі стэрэатып, што андалусы вельмі пацешныя, экспрэсіўныя. «О, ты з Андалусіі, ну давай, жартуй!» Я інтраверт. Бацькі вельмі актыўна займаліся маёй сацыялізацыяй, каб я не была замкнёнай у сабе, каб умела размаўляць з людзьмі. У нас у Іспаніі, калі ты, напрыклад, стаіш у чарзе па хлеб і не падтрымліваеш гутарку бабулек, якія тут жа, у чарзе, то ты ці некультурны, ці неадэкват. Як гэта, бабулькі стараюцца, а ты ў навушніках, і іх не слухаеш. З намі жыла бабуля, таму ў мяне была пастаянная практыка.

Напэўна, ёсць акрамя мяне такія, хто, стоячы ў чарзе ў краме, пра сябе прагаворваюць: «Адзін батончык хлеба, калі ласка, адзін батончык хлеба, калі ласка», — а потым не могуць гэта вымавіць. Вось я такая. І мяне адпраўлялі ў краму, прымушалі казаць, што трэба, пыталіся: «Скажы мне, як ты папросіш?» Мая мама педагог і псіхолаг, таму ведала, што рабіць. Казала мне: «Слухай, трэба быць ветлівай да ўсіх. Не трэба сябраваць з усімі, але варта камунікаваць, бо гэта спатрэбіцца ў жыцці». Камунікацыі можна навучыцца, калі займацца. І калі акалічнасці прымушаюць вучыцца. Інтраверт-славіст у Іспаніі не выжыве.

Анхела пра сябе —  у «Гісторыі поспеху».

 

***

Калі пераглядаеш мультфільм «Вожык у тумане», ловіш сябе на думцы, што хочацца сабраць торбу і адправіцца да мядзведзя: піць гарбату з малінай і лічыць зоркі. Збегчы ад вялізнай колькасці спраў і рознагалоссяў. Ды акалічнасці вышэй за ўсё, і наўрад ці ў каго-небудзь знойдзецца знаёмы мядзведзь.

Але рашэнне ёсць. Калі вам надакучыў ваш свет, то уцякайце. Самае бюджэтнае падарожжа, як вядома, — у кнігу.

Напрыклад, у сонечную і таямнічую Барселону Карласа Руіса Сафона. Я, як і любая іншая Марына, набыла яго кнігу "Марына".

Іспанія. Вясна. Адзін з дзяжурных на Французскім вакзале пазнае ў натоўпе юнака, абвешчанага ў вышук. Цэлы тыдзень яго шукалі знаёмыя, сябры, выкладчыкі школы-інтэрната. Паліцыя збілася з ног. Дзе ён быў увесь гэты час? Як правёў гэтыя дні?

А пачаўся аповяд са слоў галоўнага героя, Оскара: "У кожнага з нас ёсць сакрэт, старанна зачынены на ўсе замкі ў самым цёмным куце на гарышчы пад дахам душы". Лезеш на сваю гару, і ў першыя хвіліны нічога не знаходзіш. Потым ён дадае: "Я адкрыю вам свой". У сэнсе сакрэт. Гэта прапанова і становіцца пачаткам вашай прыгоды з Марынай і Оскарам.

Рубрыка «Кнігаўка». Проста кнігі. Каб іх чытаць.

 

 

***

Як гэта важна – умець адмаўляцца ад таго, што табе зусім не патрэбна, і сказаць іншаму чалавеку «не». Напрыклад, сяброўка заве цябе на шпацыр, а у цябе свае планы на вечар. Ці знаёмы ўгаворвае пакурыць, а ты катэгарычна супраць.  Ці суседка па парце мае звычку тузаць цябе у час кантрольнай, каб ты ёй дапамагла, — не дае сканцэнтравацца на заданні і атрымаць найлепшую адзнаку. Прыкладаў, калі ёсць нагода сказаць «не», мноства, але чаму нам так складана гэта зрабіць?

Адказы — у «Псі-факторыі».

 

***

Спакон веку нарачанскае возера было сродкам існавання для тысяч рыбакоў. Усё змянілася са з’яўленнем закона 1932 года аб нацыяналізацыі рэк і азёр, які забараняў рыбны промысел. Беларускі паэт Максім Танк так засведчыў гэтую падзею: «Зімой 1934 г., пехатою вяртаючыся дадому з віленскага астрогу, з «Лукішак» <…> на адной з рыбацкіх хат я пабачыў загад польскага ўрада, які забараняў рыбакам лавіць рыбу ў Нарачы і ва ўсіх іншых азёрах, права на якія перадавалася арандатарам. Вясной і летам 1935 г., калі ўрад пачаў рэалізаваць свае планы, — на Нарачы падняўся бунт рыбакоў, які галосным рэхам пракаціўся па ўсіх азёрах Віленшчыны, Палесся і нават польскага Памор’я». Праз некаторы час Максім Танк амаль дакументальна асвяціў усе падзеі бунту ў сваёй паэме «Нарач».

Зацікаўлены гэтай тэмай Віталь Цвірка прыехаў у Заходнюю Беларусь, на возера Нарач, каб на свае вочы ўбачыць месцы, некалі насычаныя духам вызваленчай барацьбы. Тут ён стварыў цэлую серыю эцюдаў, якія дзякуючы маляўнічаму гучанню сталі самастойнымі творамі.

У рубрыцы «Я ведаю мастацтва» праекта «Я — мастак» — разбор «Паўстання рыбакоў на возеры Нарач» Віталя Цвіркі

 

***

Дарагі дружа!

Праміне колькі дзён — і ты ўжо не будзеш называцца школьнікам. Але часопіс для школьнікаў «Бярозка» будзе суправаджаць цябе і ў дарослым жыцці, як гэта было з многімі пакаленнямі адукаваных творчых грамадзян нашай краіны.

Віншум цябе з заканчэннем школы і жадаем самых светлых жыццёвых шляхоў.

«Бярозка» дорыць кожнаму выпускніку, які яе чытае, Трохкутнік Жаданняў. Запішы свае мары і планы на бліжэйшыя гады — усё, чаго хочацца дасягнуць уласнай працай і з Божай дапамогай. На запіс пакладзі галінку незабудкі, ландышу або чаромхі, фрагмент суквецця бэзу або цюльпанавы пялёстак, залатое сонейка дзьмухаўца або анемону-ветраніцу — сваю любімую кветачку.

Збяры таксама пажаданні ад аднакласнікаў і любімых настаўнікаў.

Складзі па лініях і напішы на тытуле, праз колькі гадоў ты хочаш адкрыць яго.

Будзь, калі ласка, праменьчыкам на шляху людзей! І няхай твае мары здзейсняцца!

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».