Вы тут

Як працуе канцэпцыя Шаўковага шляху?


Першы цягнік з будаўнічымі матэрыяламі з Кітая для Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень» прыбыў на сталічную грузавую таварную станцыю Калядзічы. Такім чынам, распрацаваны спецыялістамі трансгранічны транспартны калідор па сучасным «Шоўкавым шляху» пачаў дзейнічаць, паведаміў на цырымоніі прыбыцця цягніка з Паднябеснай у нашу краіну дырэктар «Чайна Мерчантс Груп», генеральны прадстаўнік прадстаўніцтва «Чайна Мерчантс Груп» у раёнах Цэнтральнай Азіі і Балтыі Ху Чжэн.

Паводле яго слоў, матэрыялы, якія прыбылі ў Беларусь з Кітая, прызначаны для ўзвядзення камерцыйнага і лагістычнага цэнтраў кампаніі «Чайна Мерчантс Груп» — рэзідэнта парка «Вялікі камень». У большасці гэта металаканструкцыі.


Спадар Ху Чжэн патлумачыў, што на будаўніцтва першай чаргі адзначаных цэнтраў неабходна 9 тысяч тон металаканструкцый. Эксперты кампаніі вырашылі купіць у беларускіх вытворцаў каля 5,5 тысячы тон такіх канструкцый, а таксама прывезці з Кітая прыкладна 3,5 тысячы тон падобных грузаў. Ужо ўчора першы эксперыментальны цягнік новага трансгранічнага калідора даставіў у Беларусь 41 кантэйнер з 800 тонамі металаканструкцый. «Цягнік адправіўся з паўночнай правінцыі Кітая Хэбэй і прыбыў у Мінск. Ён праехаў праз Кітай, Казахстан, Расію і Беларусь. Гэта стала сапраўды трансгранічнай дастаўкай аб'ёмістых грузаў на вялікія адлегласці. Цягнік ехаў 16 сутак. Калі ажыццяўляць дастаўку морам, то спатрэбіцца як мінімум 45 сутак», — растлумачыў Ху Чжэн.

«Гэта значная падзея, — упэўнены дырэктар кампаніі, — бо ўпершыню грузы, прызначаныя для будаўніцтва індустрыяльнага парка «Вялікі камень», наўпрост прыбылі ў Мінск з Кітая». А яшчэ Ху Чжэн высока ацаніў працу Беларускай чыгункі і мытных службаў Беларусі.

«Беларускія спецыялісты паказалі высокую кампетэнтнасць і прафесіяналізм у прыёме грузу, забяспечылі якаснае абслугоўванне. Дзяржаўны мытны камітэт таксама аказаў вялікае садзейнічанне нашай працы і аператыўна ажыццявіў мытнае афармленне, забяспечыў хуткую растаможку і прыём грузаў», — паведаміў кіраўнік кітайскага прадпрыемства.

Ён выказаў надзею, што па меры развіцця індустрыяльнага парка «Вялікі камень» усё больш і больш грузаў будуць дастаўляцца менавіта чыгункай. Тут спадзяюцца, што кошт кантынентальнай транспарціроўкі будзе паступова памяншацца. Гэтаму павінна паспрыяць і больш поўная загрузка транспартнага кантэйнернага калідора ў два бакі, у тым ліку за кошт грузаў з беларускай прадукцыяй у Кітай.

Спецыялісты кампаніі «Чайна Мерчантс Груп» разлічваюць, што гандлёва-лагістычны субпарк у Кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень» цалкам пачне дзейнічаць ужо ў наступным годзе. У цэлым інвестыцыі гэтай кампаніі ў праект складуць 500 млн долараў, а агульная плошча субпарка будзе дасягаць аднаго квадратнага кіламетра.

Менавіта ў дзень прыбыцця першага прамога грузавога цягніка з правінцыі Хэбэй, на станцыі Калядзічы адразу шэраг кампаній з Беларусі і Кітая падпісалі пратаколы аб намеры выкарыстоўваць склад захоўвання, выставачны і бізнес-цэнтр ЗАТ «Чайна Мерчантс СіЭйчЭн-БіЭлАр Камерцыйная і Лагістычная Кампанія», якія будуць пабудаваны ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень».

На цырымоніі прысутнічаў і намеснік міністра эканомікі Беларусі, часовы кіраўнік дзяржаўнай установы «Адміністрацыя Кітайска-беларускага парка» Індустрыяльны парк «Вялікі камень» Аляксандр Ярашэнка, які ўпэўнены, што кампанія «Чайна Мерчантс Груп» з'яўляецца сёння галоўным рэзідэнтам парка з пункту гледжання развіцця транспартнай лагістыкі.

Паводле яго слоў, падпісанне пратаколаў аб намеры выкарыстоўваць склад захоўвання, выставачны і бізнес-цэнтр гэтай кампаніі з'яўляецца ключавой падзеяй у развіцці парка. «Прыемна адзначыць, што сярод кампаній, якія падпісалі пратаколы, ёсць і беларускія. Напрыклад, шклозавод «Нёман». Мы чакаем, што такое супрацоўніцтва дазволіць прадпрыемству значна скараціць выдаткі пры пастаўках сваёй прадукцыі ў далёкае замежжа», — сказаў Аляксандр Ярашэнка.

Дарэчы

Нашы вытворцы гатовы выйсці на кітайскі рынак па новай лагістыцы

Шклозавод «Нёман» стаў адным з першых прадпрыемстваў нашай краіны, які яшчэ летась пачаў актыўна супрацоўнічаць з камерцыйнай кампаніяй «Чайна Мерчантс Груп» па лініі паставак сваёй прадукцыі на кітайскі рынак.

Начальнік упраўлення па продажы шклопрадукцыі на экспарт завода «Нёман» Аксана АПАНАСЕНКА паведаміла рэдакцыі, што першыя кантакты з гэтай кампаніяй іх прадпрыемства пачало наладжваць яшчэ ў сярэдзіне мінулага года. «З іх дапамогай мы ўжо адправілі адзін кантэйнер беларускага хрусталю ў Кітай. Пасля падпісання пратакола аб намеры супрацоўніцтва мы разлічваем, што спецыялісты гэтай кампаніі будуць і надалей дапамагаць нам прадаваць нашу прадукцыю ў гэту краіну», — расказвае Аксана Апанасенка.

— Першы кантэйнер ад вас у Паднябесную быў адпраўлены марскім шляхам?

— Так. Эксперыментальная пастаўка нашага хрусталю на суму каля 30 тысяч долараў была адпраўлена на поўдзень Кітая ў горад Шэньчжэнь. Зразумела, што пастаўкі па моры значна таннейшыя, чым па сушы, але ажыццяўляюцца яны даволі працяглы час. Наш кантэйнер прыбыў на месца толькі праз два месяцы. Агучаная ў Калядзічах лагістыка новага транспартнага калідора (15—16 сутак) робіць камерцыйныя пастаўкі сапраўды аператыўнымі. Між іншым, у далёкае замежжа (Чылі, ЗША) асобныя тэрміновыя заказы мы дастаўлялі нават авіятранспартам. Таму мы будзем разглядаць перспектыву паставак беларускага хрусталю і па чыгунцы.

— Якія ў вас планы па развіцці гэтага кітайскага напрамку?

— Мы яго толькі пачынаем развіваць, але ўжо цяпер можна адзначыць адкрытую цікавасць да нашай прадукцыі з боку кітайскага кіраўніцтва і спецыялістаў кампаніі. Непасрэдна беларускі хрусталь толькі днямі трапіў у кітайскія крамы. Калі на наш тавар там будзе попыт, то мы атрымаем сур'ёзнага пакупніка. А рынак Кітая вельмі вялікі, наш завод можа адшукаць сваю нішу. Калі справа пойдзе ўгору, то мы гатовы накіроўваць туды больш аб'ёмныя пастаўкі.

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Трансгранічны калідор сучаснай інтэграцыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».