Вы тут

Роднай мовай кранаючы сэрцы


Культурнай сталіцай Беларусі сёлета стала Маладзечна. І гэта не выпадкова, бо тут часта праходзяць цікавыя культурныя падзеі: выставы, канцэрты, фестывалі, літаратурныя гасцёўні. Адна з такіх сустрэч адбылася ў Маладзечанскім музычным каледжы імя М.К. Агінскага. Сюды завіталі маладыя беларускія паэты, перакладчыкі, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Аксана Ярашонак і Рагнед Малахоўскі. Госці расказвалі пра сябе, адказвалі на пытанні і, безумоўна, дзяліліся сваёй творчасцю. Трэба сказаць, што маладыя людзі пішуць выключна на беларускай мове...


Ак­са­на Яра­шо­нак і Раг­нед Ма­ла­хоў­скі (у цэнт­ры) з на­ву­чэн­ца­мі му­зыч­на­га ка­ле­джа.

«Нам складаць радкі і ноты...»

«Сустрэча з родным горадам — заўсёды свята», — канстатуе мая зямлячка Аксана Ярашонак. Любоў да Маладзечна яна выказала ў вершах, якія з задавальненнем прачытала. Цяпер паэтка жыве ў вёсцы Ілья Вілейскага раёна, працуе ў школе. Непаўторныя вясковыя пейзажы пастаянна натхняюць яе на напісанне вершаў аб прыродзе.

Многае пра жыццё Аксаны я даведалася з яе твораў. У паэткі было вясёлае і бестурботнае дзяцінства. Цяпер яна сумуе па тых часах, калі стасункі паміж людзьмі былі больш жывыя, навіны атрымлівалі з газет, а не з інтэрнэту. «Папяровых пасланняў часам усё ж не хапае», — з сумам адзначае паэтка ў адным з вершаў.

Самым яркім часам у сваім жыцці яна лічыць студэнцкія гады: «Кожны раз, калі я праходжу каля педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка, сэрца заходзіцца ад эмоцый». Гэтыя пачуцці таксама знайшлі адлюстраванне ў творчасці.

Цяпер у паэткі дзве дачкі, і кожнай яна прысвяціла верш.

Дзякуючы дзяўчынкам Аксана навучылася па-іншаму глядзець на свет. І цяпер замест аблокаў яна бачыць «цукровую вату», а сонейка параўноўвае з «гарачай карамеллю».

Першы і пакуль адзіны зборнік Аксаны Ярашонак называецца «Звычайнае шчасце». Яе творы хутка знайшлі водгук у маёй душы. Яны здаліся мне простымі, але ў той жа час вельмі зразумелымі і блізкімі. Я з задавальненнем буду надалей цікавіцца яе творчасцю.

«Дыяментавым россыпам слоў...»

Другім госцем сустрэчы быў Рагнед Малахоўскі. Гэта не псеўданім, а яго сапраўднае імя. Бацькі чакалі дачку, якую хацелі назваць у гонар полацкай князёўны. Нарадзіўся хлопчык, аднак тата і мама вырашылі не адмаўляцца ад сваёй мары.

Рагнед жыве ў Мінску, але часта бывае ў Маладзечне. Гэты горад навявае яму ўспаміны пра першае каханне. На жаль, яно было неўзаемнае, і, напэўна, таму пад яго ўплывам юнак стаў пісаць вершы.

Першае пачуццё і да гэтага часу натхняе паэта на лірыку.

Ён скончыў Нарачанскую сярэднюю школу, паступіў у Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, але свой лёс вырашыў звязаць з паэзіяй. Працаваў рэдактарам у часопісах «Полымя», «Маладосць» і «Бярозка». Сёлета выдавецтва выпускае серыю кніг «Маладая паэзія Беларусі» пад яго рэдакцыяй.

— Калі сярод вас ёсць людзі, якія нешта пішуць, але баяцца паказаць, можаце смела звяртацца да мяне, — запрасіў Рагнед.

У самаго паэта ёсць ужо тры зборнікі вершаў. Першы ён назваў «Беражніца», каб яна аберагала яго творчасць. Другая кніга «У дзённай мітусні» прынесла яму Мінскую абласную прэмію ў галіне літаратуры ў намінацыі «Паэзія». У апошні зборнік, які называецца «Жыві», увайшлі самыя любімыя творы аўтара.

З нядаўняга часу Рагнед спрабуе пісаць для дзяцей. Напрыклад, не так даўно ў часопісе «Вясёлка» надрукаваны яго верш «Слон і айфон», які я раю прачытаць усім падлеткам. Вельмі павучальна!

Акрамя паэзіі, Рагнед захапляецца электроннай музыкай і фатаграфіяй. «Я здымаю ў асноўным пейзажы і дзяўчат», — жартуе ён.

Юныя таленты, якія вучацца ў Маладзечанскім музычным каледжы, падрыхтавалі для гасцей падарункі: яны напісалі і выканалі песні на іх вершы. Маладых паэтаў вельмі кранула такая ўвага.

Дар'я СВІРЫДА, вучаніца 11 класа гімназіі №10 г. Маладзечна

Выбар рэдакцыі

Культура

У нядзелю яўрэі святкуюць Новы год дрэў

У нядзелю яўрэі святкуюць Новы год дрэў

На гэта свята асаблівым чынам спажываюць розную садавіну, запіваючы келіхамі добра разбаўленага віна.

Грамадства

Як задаволіць кадравы голад у сферы ІТ?

Як задаволіць кадравы голад у сферы ІТ?

Работадаўцы кажуць, што быць добрым праграмістам і ўмець пісаць код для эфектыўнай работы ўжо недастаткова.

Культура

Балельшчыкі II Еўрапейскіх гульняў ужо рэзервуюць вясковыя гатэлі

Балельшчыкі II Еўрапейскіх гульняў ужо рэзервуюць вясковыя гатэлі

«Адышоў час, калі гасцям патрэбныя былі толькі «чарка і скварка», ім ужо цікавыя музеі, культурная праграма».