Вы тут

Айцец Яўстафій (Халіманкоў). Усмешка прадзеда


Урывак

Іераманах Яўстафій жыве ў Жыровіцкай абіцелі і выкладае ў Мінскай духоўнай семінарыі. Пастаянны аўтар часопіса «Маладосць», куратар праекта «З Богам», ён кожны раз прапануе тэксты глыбокія і легкаплынныя адначасова. «Усмешка прадзеда» — частка празаічнага трыпціха пра пошукі сэнсу жыцця.


А потым нечакана з'явіўся гэты сшытак. Звычайны вучнёўскі сшытак сярод асабістых рэчаў Іры, якія Сяргей вырашыў упарадкаваць пасля доўгага часу — мулялі вочы... Эх, гэта аказаўся яе дзённік. Сяргей і не ведаў, што жонка-нябожчыца вяла дзённік. Пісала Іра ў асноўным пра сваю адзіноту, пра неразуменне з боку мужа — з гэтага пачынаўся ледзьве не першы запіс, літаральна праз нейкія пару месяцаў пасля таго, як яны ажаніліся!.. Толькі цяпер Сяргей уцяміў, што яго жонка ўсё жыццё пакутавала — праз яго. Пакутавала, бо адчувала: муж не любіў яе... Іра не разумела Сяргея, ды і ён сам сябе не разумеў! Толькі цяпер, чытаючы гэты страшны дзённік, ён усвядоміў, што сапраўды... не кахаў яе. Дакладней, каханне гэтае было не да Іры — да нейкага выдуманага вобраза. Іра гэта адчувала інтуітыўна. З разуменнем таго, што адбываецца ў іх сямейным жыцці, яна, можа быць, і здолела б неяк звыкнуцца, але не разумела, а толькі цярпела і пакутавала. З таго, як памірала Іра, Сяргею стала ясна: яна змірылася і прыняла як непазбежнае крах свайго жыцця, знайшла ў сабе сілы падзякаваць Богу за ўсё і з мірам адышла да Яго. І гэта быў для Сяргея надзвычайны ўрок, які ён адмаўляўся засвойваць. Яму хацелася выць і рваць зубамі гэтае недарэчнае жыццё, замест таго, каб дазволіць узяць сябе за шкірку і адправіць на жывадзёрню. Але сіл на вайну ў Сяргея не было. Дый як можна ваяваяць з пустатой...

Ён ледзьве дацягнуў да навагодніх свят і сабраўся ў дарогу. Усё было ўжо заказана, як звычайна. Сяргей вырашыў усё-ткі ляцець цераз Парыж — вельмі хацелася зноў паглядзець у музеі Дэ-Арсэ любімых імпрэсіяністаў. Колькі разоў ён хадзіў у гэты музей, колькі разоў з адчайнай асалодай удыхаў жыццё, якое ажно сачылася з карцін!..

Асабліва блізкія Сяргею былі карціны Пісаро і Сіслея. У Сіслея ён бачыў два дамінуючыя настроі: настрой яснага і млявага, выціснутага да дна вечара, а потым... нешта вельмі асабістае, няўлоўнае і неверагодна блізкае — можа быць, акурат тое, што ён увесь час спрабаваў злавіць у сваёй душы, сваім жыцці і не мог... Сяргей разумеў, што ў іх, у гэтых карцінах, ажываюць даўно забытыя пачуцці, ажываюць на імгненне — толькі пакуль ён глядзеў на іх. І, як толькі ён адыходзіў, у ім зноў гасла жыццё. І справа не ў кароткай памяці сталага чалавека ці легкадумнасці юнацкіх пачуццяў (калі адчуваеш усё гэта ўпершыню і таму так ярка, так поўна — паспявай толькі лавіць). Не, справа тут, напэўна, у тым, што ўваскрашэнне з мёртвых (мёртвых пачуццяў) — гэта прэрагатыва Бога, а мастацтва можа даць толькі ілюзію вяртання. Мастацтва, разбудзіўшы прагу гэтага ўваскрашэння, закрануўшы нешта вельмі глыбокае (так глыбока, што не магло не параніць), пакідала цябе зноў ні з чым, ператвараючы самае важнае для цябе ў чарговы падман. Падман, вядома, высакародны — і на тым дзякуй.

Разам з тым у карцінах імпрэсіяністаў Сяргей бачыў тое, чаго так пакутліва не ставала яму самому: сумленнасці ў самавыяўленні. І справа нават не ў тым, што ад яго гэтай самай сумленнасці ніхто не патрабаваў, як ніхто і не забараняў яе... Сумленнасць была проста нікому не патрэбная. Але і гэта не так страшна. Сяргей сам баяўся яе — вось што галоўнае! — ён сам баяўся таго, што «распішыся» ён па-сапраўднаму, пачні, скажам, вялікі раман, выяві там усё, што цябе па-сапраўднаму трывожыць, мучыць і... І што? А ці не выйдзе ў выніку які-небудзь паскудны пшык... І такі пшык, што будзе сорамна і яму самому, і яго сябрам, і нават ворагам — ад таго, што яны ворагі такога пшыку?

Сяргей лёгка пісаў тое, што ад яго чакалі, і чым больш пісаў, тым больш папулярнай станавілася яго пісаніна. Так усё жыццё многіх мастакоў праходзіць у прадчуванні, падрыхтоўцы да нечага важнага: «вось наступны раз... вось убачыце яшчэ...» А потым жыццё мінае, і высвятляецца, што галоўным было менавіта гэта — гарачыя калонкі ў інтэрнэт-выданнях або артыкулы пад заказ. Сяргею здавалася, што псеўданім яго ўратуе, дапаможа падмануць самога сябе, але ж не... Ён стварыў новы стыль (дакладней, віртуозна «здзёр» яго з папулярных заходніх выданняў); акружыў сябе сцяной загадкі; выгадаваў двайніка-монстра, які сачыў цяпер з-за гэтай сцяны, каб Сяргей не ўцёк. «У мяне ёсць імя! У мяне ёсць талент! Я яшчэ магу ўсё выправіць!..» — хацелася яму закрычаць, але не атрымлівалася: звычка маўчаць была мацнейшай. У любым выпадку Сяргею было не выйграць...
І толькі імпрэсіяністы краналі яго за жывое — ды так моцна, што яму хацелася верыць у гэта жывое, падпарадкавацца іх стыхіі, шукаць у ёй выратаванне.

Але Сяргей занадта добра ведаў жыццё. Ён разумеў: як толькі вернецца дадому, зноў пачне пісаць усялякае глупства — такое паўтаралася ўжо не раз. І нават калі яму за гэтую лухту дадуць Нобелеўскую прэмію, ён не супакоіцца, а, хутчэй за ўсё, яшчэ больш знервуецца. Усё ж такі ў Сяргея яшчэ засталася надзея на тое, што ён які-ніякі, а пісьменнік... Ён фатальна не мог вызваліцца ад звычайнага журналісцкага страху перад «вялікай літаратурай» — менавіта гэтая трывіяльная прычына была пачаткам усіх яго творчых комплексаў.

Сяргей прыляцеў у Парыж у сярэдзіне студзеня. Ён з цяжкасцю знайшоў сабе па «букінгу» больш-менш прыстойны хостэл на Манмартры: аднапакаёўку без асаблівых выгодаў, але затое з балконам, які выступаў проста на бульвар Рашэшуар...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?